26.11.2024 Тэгі: праваабаронцы, пераслед, ціск Сяржук Сыс. Фота: svaboda.org За шэсць месяцаў месяцаў ў расійскай базе вышуку аказаліся 773 грамадзян Беларусі — усяго ў ёй больш за 3 500 чалавек. "Медыязона" абнавіла спіс беларусаў, якіх шукаюць у Расіі (а значыць і ў Беларусі). Раней мы адзначалі, што ў базу дадалі беларускіх праваабаронцаў: Наталлю Сацункевіч, Леаніда Судаленку, Ігара Казмерчака, Марыю Тарасенку, Уладзіміра Хільмановіча, Зміцера Салаўёва, Алену Маслюкова. Цяпер у вышук яшчэ абвясцілі праваабаронцу "Вясны", журналіста і паэта Сяржука Сыса. Вясновец распавёў, як паставіўся да навіны пра ўключэнне яго ў расійскую базу вышуку.

"Сёння даведаўся аб тым, што Расія нядаўна ўнесла ў сваю вышуковую базу 700 новых беларусаў, сярод якіх з’явілася і маё прозвішча. Зразумела, што навіна не з самых прыемных, але гэта не было нечаканасцю. Яшчэ напачатку верасня мне праз трэція рукі паведамілі, што быў званок з крымінальнага вышуку, пыталіся пра маё месцазнаходжанне. Апытвалі таксама і маіх сваякоў у розных гарадах. Сказалі, што мяне ўжо і ў вышук абвясцілі.

Асаблівай пагрозы ў гэтай працэдуры не бачу, аднак наматаю сабе на вус, што не толькі Расію, але і некаторыя краіны СНД цяпер лепей не наведваць, каб пазбегнуць праблем. Напрыклад, нярэдка затрымліваюць беларусаў у Арменіі, і добра, што пакуль абыходзіцца без выдачы, але само затрыманне каштуе шмат нерваў. На жаль, гэта так.

Дзіўна адно – я ж не хаваюся, займаюся ў тым ліку і публічнай дзейнасцю, пішу пасты ў сацыяльных сетках, таму ўпэўнены, што сілавікі ведаюць, дзе я цяпер жыву. І гэтыя тэхнічныя дзеянні разлічаныя хіба што на тое, каб папсаваць крыху настрой. Але з іншага боку добра, што ўносяць, бо людзі цяпер ведаюць, што іх чакае ў Расіі і ў краінах кшталту В’етнама ды Сербіі".

Беларускіх праваабаронцаў дадалі ў базу вышуку ў Расіі

Расійская "Медиазона" вывучыла базу вышуку МУС Расіі. На гэта звярнула ўвагу "Медиазона Беларусь".

Крыніца: Праваабаронца Сяржук Сыс — пра вышук у Расіі: "Некаторыя краіны СНД цяпер лепей не наведваць"