21.11.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, зборныя матэрыялы, спецвытворчасць Інстытут "спецыяльнай вытворчасці" быў уведзены ў 2022 годзе рэжымам Лукашэнкі ў якасці рэпрэсіўнага інструмента супраць апанентаў. Па стане на 21 лістапада 2024 года ў Беларусі завочна асудзілі ўжо 112 чалавек. Амаль усе справы — палітычна матываваныя. Гэта актывісты, журналісты, пратэстоўцы, палітыкі і грамадскія дзеячы. З іх траіх чалавек асудзілі завочна двойчы. "Вясна" распавядае пра тое, каго ў Беларусі асудзілі паводле дзвюх справаў і што ім прызначылі.
Аляксандр Дабравольскі — 11 гадоў і шэсць месяцаў калоніі і штраф у 240 тысяч рублёў
Палітык і старшы дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі праходзіў па "справе аналітыкаў Ціханоўскай" і "па справе зрыва спробы рэферэндума". Агулам яму было прызначаны 11 гадош і шэсць месяцаў калоніі.
Першая крмыінальная справа супраць Аляксандра была распачата 27 снежня 2023 года. Таксана па гэтай справе праходзілі Павел Марыніч, Павел Лібер, Алена Жываглод. Усіх чацвярых у судзе Заводскага раёна Мінска 18 сакавіка 2024 года прызналі вінаватымі паводле ч. 2 арт. 191 КК (перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама камісій па рэферэндуме, здзейсненае з ужываннем пагрозы і іншым спосабам, групай асоб па папярэдняй змове) і кожнаму прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Лукашэвіч.
24 студзеня 2024 года Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да 20 "аналітыкаў Ціханоўскай". Згодна версіі абвінавачвання, "названыя асобы прымалі актыўны ўдзел у выпрацоўцы і рэалізацыі канцэпцыі дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, а таксама садзейнічалі распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы ў грамадстве". Так Аляксандра судзілі паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК, ч. 1 арт. 357 КК, ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 КК, ч. 1 арт. 361-1 КК, ч. 3 арт. 361-1 КК.
1 ліпеня 2024 года Аляксандра асудзілі ў другі раз. Яму прызначылі 11 гадоў і шэсць месяцаў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 6000 базавых велічынь (240 тыс. рублёў). Справу разглядаў суддзя Уладзімір Арэшка. Апроч гэтага, яго пазбавілі воінскага звання "старшы лейтэнант запасу".
Паводле прысуда пад арыштам у мэтах забеспячэння выканання пакарання ў выглядзе штрафу застаецца кватэру Дабравольскага ў Мінску і ноўтбук "HP".
Па апошняй справе ў якасці рэчавага доказу праходзіла сведчанне Дабравольскага аб уручэнні медаля да 100-годдзя БНР. Суд пастанавіў захоўваць яго з матэрыяламі справы.
25 кастрычніка 2024 года Дабравольскі быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Аляксандр Азараў — 25 гадоў калоніі і штраф у 400 тысяч рублёў
Былы супрацоўнік ГУБАЗіКа Аляксандр Азараў асуджаны па "справе BYPOL" і па "справе дыверсіі ў Мачулішчах". Так, у Мінскім гарадскім судзе 15 лютага 2024 года завочна асудзілі заснавальнікаў і экс-удзельнікаў арганізацыі былых сілавікоў BYPOL Аляксандра Азарава, Матвея Купрэйчыка, Ігара Лобана, Андрэя Астаповіча, Уладзіміра Жыгара і Алега Талерчыка. Суддзя Дзіна Кучук прызначыла фігурантам справы паводле 13 крымінальных артыкулаў ад 11 да 25 гадоў зняволення і штраф на агульную суму больш чым 350000 еўра. Аляксандра Азарава абвінавацілі ў "здрадзе дзяржаве" (арт. 356 КК).
Ініцыятыва BYPOL была створана ў кастрычніку 2020 года былымі сілавікамі, якія выступаюць супраць рэпрэсій і гвалту і не згодныя з палітыкай Лукашэнкі. У лістападзе 2021 года BYPOL прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем", а ў канцы жніўня 2022 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў арганізацыю "тэрарыстычнай".
7 сакавіка 2024 года Азараў быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
4 кастрычніка 2024 года па "справе Мачулішч" Аляксандру Азараву прызначылі 25 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 400 тысяч рублёў паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 188 (паклёп), ч. 4 арт. 16 і ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму), ч. 4 арт. 16, арт. 18 і ч. 2, 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродка або шляхоў зносін), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі), ч. 1, 2 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса.
Вадзім Пракоп'еў — 25 гадоў калоніі і штрафу ў 37 тысяч рублёў
Бізнесмена, заснавальніка і замкамандзіра палка "Пагоня" Вадзіма Пракоп'ева судзілі па "справе Гайдукевіча" і за "ўдзел у вайне ва Украіне".
У чэрвені 2023 года Вадзім Пракоп'еў ужо быў асуджаны завочна да 25 гадоў калоніі, штраф у адну тысячу базавых велічынь, пазбаўлены ўсіх воінскіх званняў. Па справе праходзіла 18 фігурантаў, з якіх 15 чалавек знаходзяцца пад вартай, а трох асудзілі завочна. Працэс цягнуўся чатыры з паловай месяцы. Суддзя Сяргей Хрыпач. Па версіі абвінавачвання, Пракоп'еў быў членам "арганізаванай злачыннай групы", якая дзейнічала ў Беларусі, Турцыі, Польшчы, Украіне і іншых краінах з 14 ліпеня 2020 года да 6 студзеня 2022 года для здзяйснення "нявызначанай колькасці злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці".
26 снежня 2023 года Брэсцкі абласны суд другі раз завочна асудзіў Вадзіма Пракоп'ева. У гэты раз — да 25 гадоў калоніі і штрафу ў 37 тысяч рублёў (1000 базавых велічыняў) з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцый прадстаўніка ўлады, на пяць гадоў. Яго абвінавацілі паводле артыкулаў аб "распальванні іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 1 арт. 130 КК), "удзеле ва ўзброеным фармаванні на тэрыторыі іншай дзяржавы" (ч. 3 арт. 361 КК), "паклёпе на Лукашэнку" (ч. 2 арт. 367 КК), "абразе Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады" (ч. 1 і 2 арт. 368, арт. 369 КК). Справу разглядала Святлана Крамянёўская.
Вадзіма Пракоп'ева ўнеслі ў спіс "экстрэмістаў" і "тэрарыстаў".
Спецвытворчасць у Беларусі: гайд з праваабаронцам, якога асудзілі завочна
Крыніца: У Беларусі завочна асудзілі 112 чалавек, траіх з іх — двойчы