Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2018 Высновы:
- у месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка. Пры гэтым у дачыненні да М. Жамчужнага працягвае аказвацца ціск з боку адміністрацыі папраўчай установы;
- працягваецца крымінальны пераслед абвінавачаных па раней распачатых палітычна матываваных крымінальных справах у дачыненні да актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка;
- на працягу месяца былі зафіксаваныя выпадкі затрыманняў і ціску на блогераў і незалежных журналістаў, у тым ліку ў сувязі з асвятленнем імі правядзення мірных сходаў грамадзянаў;
- нягледзячы на дазвол Мінгарвыканкамам на правядзення мітынгу і канцэрту ў цэнтры сталіцы ў сувязі са святкаваннем 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР, гарадскімі ўладамі было забароненае шэсце, заяўку на правядзенне якога падавалі шэраг палітычных дзеячаў. Пры гэтым забарона шэсця не была матываваная дзяржавай якімі-небудзь дапушчальнымі абмежаваннямі мірных сходаў, якія змяшчаюцца ў арт. 21 МПГПП;
- святкаванне 100-годдзя незалежнасці суправаджалася масавымі затрыманнямі грамадзянаў. Усяго, па дадзеных ПЦ “Вясна”, 25 сакавіка былі затрыманыя больш за 120 грамадзянаў у 12 гарадах краіны, большасць з якіх былі пазней вызваленыя без прад'яўлення якіх-небудзь афіцыйных абвінавачванняў;
- асаблівую занепакоенасць выклікалі факты затрыманняў назіральнікаў сумеснай службы назірання за правядзеннем масавых мерапрыемстваў ПЦ “Вясна” і РПГА “БХК”. Дадзеныя факты сведчаць аб аказанні ціску на праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем iмi легітымнай праваабарончай дзейнасці;
- 6 сакавіка праваабаронцам стала вядома, што яшчэ ў кастрычніку 2017 года быў прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у дачыненні да Кірыла Казачка;
- такім чынам, у сакавіку не было зафіксавана істотных сістэмных зменаў у галіне правоў чалавека.
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
13 сакавіка міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International абвясціла тэрміновую акцыю ў падтрымку беларускага вязня сумлення Дзмітрыя Паліенкі.
23-гадовы актывіст “апынуўся ва ўмовах, якія пагаршаюць стан яго здароўя”, у прыватнасці, звязаныя з астмай і адсутнасцю медыцынскай дапамогі ў сувязі з ранай, якую вязень атрымаў у калоніі, гаворыцца ў прэс-рэлізе арганізацыі.
У судзе Горацкага раёна Магілёўскай вобласці 13 сакавіка адбыўся разгляд скаргі палітвязня Міхаіла Жамчужнага на вынесеныя яму спагнаньні ў верасні-кастрычніку 2017 г. адміністрацыяй калоніі № 9.
Так, кіраўніцтва папраўчай установы не раз выносіла спагнанні палітвязню за яго адмовы накіравацца ў атрад, сфармаваны з асуджаных з нізкім статусам. За гэта ў верасні-кастрычніку Міхаілу Жамчужнаму былі вынесены чатыры спагнанні: адзін месяц у ПКТ ад 4 верасня, па дзесяць сутак ШІЗА — 5 кастрычніка і 16 кастрычніка, пяць сутак ШІЗА — 26 кастрычніка.
Аднак суд заплюшчыў вочы на такое прадузятае стаўленне адміністрацыі калоніі да палітвязня і пакінуў скаргу без задавальнення.
Нагадаем, што суд Горацкага раёна не ўпершыню адмаўляе палітвязню: у снежні суд разглядаў скаргу на вынесеныя спагнання ў жніўні 2017 года і не ўбачыў падставаў для яе задавальнення. Пасля Міхаіл Жамчужны абскардзіў адмову ў задавальненні скаргі ў Магілёўскім абласным судзе, аднак і там гэта не прынесла ніякіх вынікаў.
У суд Міхаіла Жамчужнага ні разу не дастаўлялі, хоць ён падаваў адпаведныя хадайніцтвы.
Акрамя таго, грамадскай назіральнай камісіі не ўдалося сустрэцца з палітвязнем пры наведванні калоніі; адміністрацыя калоніі неправамерна патлумачыла забарону на сустрэчу знаходжаннем палітвязня ў ШІЗА.
Між тым, Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што 15 сакавіка палітвязень Міхаіл Жамчужны атрымаў чарговае спагнанне — сем сутак змяшчэння ў СІЗА. Гэта ўжо дваццаць чацвёртае спагнанне, накладзенае на палітвязня са жніўня 2017 году — часу яго пераводу ў калонію № 9 г. Горкі.
27 сакавіка суд Маскоўскага раёна г. Мінска пачаў разгляд калектыўнай скаргі чатырох фігурантаў справы “аб стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання” да Мінфіна аб кампенсацыі маральнай шкоды, нанесенай ім незаконным затрыманнем і змяшчэннем пад варту на працяглы час. Нагадаем, раней гэтая крымінальная справа была спыненая ў сувязі з адсутнасцю складу крымінальнага злачынства ў дзеяннях абвінавачаных.
Ціск на праваабаронцаў
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Аляксей Лойка атрымаў адказ на сваю скаргу з пракуратуры горада Мінска, якая адмяніла пастанову Першамайскага раённага Следчага камітэта аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце яго збіцця 25 сакавіка 2017 года.
Ужо 20 сакавіка Аляксей Лойка атрымаў чарговы адказ ад Следчага камітэта Першамайскага раёна г. Мінска на сваю скаргу аб збіцці пры брутальным затрыманні падчас інструктажу назіральнікаў 25 сакавіка 2017 года.
На працягу года Следчы камітэт так і не знайшоў падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў АМАП, якія нанеслі цялесныя пашкоджанні Аляксею Лойку, і ў трэці раз адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Пры ажыццяўленні назірання за правядзеннем несанкцыянаванага шэсця на пл. Якуба Коласа ў г. Мінску 25 сакавіка супрацоўнікамі АМАП былі затрыманыя сямёра назіральнікаў сумеснай службы назірання за масавымі мерапрыемствамі Праваабарончага цэнтра “Вясна” і РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”. Так, былі затрыманыя і дастаўлены ў Савецкае РУУС г. Мінска Максім Кавалёў, Таццяна Мастыкіна, Андрусь Крэчка, Ганна Саханкова, Наста Лойка, а Наста Васільчук была дастаўленая ў Першамайскае РУУС г. Мінска, адкуль была пазней вызваленая без складання якіх-небудзь пратаколаў. У дачыненні ж да дастаўленых ў Савецкае РУУС шасці назіральнікаў былі складзеныя пратаколы па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў), а ў дачыненні да назіральніцы Таццяны Мастыкінай яшчэ і па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі). Акрамя таго, у сувязі з абгрунтаванай адмовай Таццяны ад праходжання дактыласкапіі, супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні да яе была ўжытая фізічная сіла. Варта адзначыць, што ўсе назіральнікі былі візуальна пазначаныя: мелі на сабе сінія камізэлькі з надпісам “назіральнік” на спіне і бэдж з фатаграфіяй, прозвішчам і указаннем арганізацыі, якая накіравала іх на ажыццяўленне маніторынгу падчас правядзення сходу.
Пасля ўсе затрыманыя назіральнікі і назіральніцы былі вызваленыя з РУУС пад абавязальніцтва аб абавязковай яўцы ў суд Савецкага р-на г. Мінска 26 сакавіка, дзе ім паведамілі, што ў сувязі з непаступленнем матэрыялаў справаў у суд, судовыя працэсы праводзіцца не будуць, а аб даце і часе іх правядзення ім будзе паведамлена дадаткова.
Дадзены факт затрыманняў быў расцэнены як аказанне ціску на праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем iмi легітымнай праваабарончай дзейнасці.
Смяротнае пакаранне
Паводле інфармацыі, якую 6 сакавіка атрымаў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда ад маці асуджанага на смяротнае пакаранне Кірылы Казачка, прысуд у дачыненні да яе сына быў прыведзены ў выкананне.
Паводле папярэдняй інфармацыі, Казачок быў расстраляны ў канцы кастрычніка 2017 года.
Нагадаем, што жыхар Мазыра Кірыл Казачок быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання ў канцы 2016 года Гомельская абласным судом. Казачок адмовіўся абскардзіць гэтае рашэнне ў Вярхоўным судзе.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла ў абарону Кірыла Казачка і распаўсюдзіла тэрміновы зварот да прэзідэнта Лукашэнкі з заклікам спыніць смяротнае пакаранне ў Беларусі.
У Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы асудзілі расстрэл беларуса Кірыла Казачка.
Еўрасаюз таксама заявіў, што чакае ад Беларусі неадкладнага ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яго адмены.
Ціск на журналістаў
7 сакавіка суддзя Іван Касцян пасля дапрацоўкі пратаколу разгледзеў адміністрацыйную справу аператара “Белсата” Андрэя Козела па арт. 23.4 КаАП Беларусі (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў), які “парушаў таямніцу падліку галасоў” у дзень выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Суд вынес пастанову, згодна з якой на Андрэя Козела накладзена адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры 30 базавых велічынь (735 рублёў).
У судзе Пінскага раёна і горада Пінска 12 сакавіка адбыўся разгляд адміністрацыйных справаў папулярных блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава. Іх абвінавацілі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ па ч. 2 арт. 22.9 КаАП. Характэрна, што ў ролі замежнага СМІ ў гэты раз апынуўся рэсурс YouTube. Размяшчэнне на ім ролікаў суд ацаніў у 40 базавых велічынь для кожнага аўтара.
Былі затрыманыя не менш як сем журналістаў, якія асвятлялі падзеі Дня Волі ў Мінску 25 сакавіка.
Парушэнне права на мірны сход
Улады па-ранейшаму парушаюць права на мірны сход, гарантаванае Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ў галіне правоў чалавека.
Так, намеснік старшыні гомельскага гарвыканкама Віталь Атаманчук забараніў прадстаўнікам гомельскага аддзялення незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Андрэю Стрыжаку і Леаніду Судаленку правядзенне 15 сакавіка ў Дзень беларускай Канстытуцыі пікету ў абарону свайго прафсаюза. Пра забарону паведамляе “Гомельская Вясна”.
Магілёўскія праваабаронцы паведамілі, што магілёўскі гарвыканкам адмовіўся задаволіць заяўку мясцовых сябраў прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці на пікет у Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка. Па словах прававога інспектара арганізацыі Аляксея Яўгенава, улады запатрабавалі спачатку прадаставіць аплачаныя дамовы на паслугі “хуткай дапамогі” і камунальнікаў. Хоць заяўнік даў абавязальніцтва на аплату паслуг адразу ж, як толькі будзе ўхваленая заяўка. Правядзенне пікету планавалася ў дазволеным уладамі месцы — на стадыёне па вуліцы Чалюскінцаў. Удзельнікі мірнага сходу хацелі праявіць салідарнасць з Беларускім прафсаюзам работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, запатрабаваць спыніць умяшальніцтва ва ўнутраныя справы РЭП і спыніць крымінальны пераслед лідараў прафсаюза Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
Магілёўскі гарвыканкам адмовіў і ў правядзенні пікету 25 сакавіка да 100-годдзя БНР на плошчы Зорак, паколькі названай пляцоўкі няма ў спісе дазволеных месцаў. Замест цэнтра горада, як паведамляе mspring.online, улады прапанавалі адсвяткаваць пікет на бязлюдным стадыёне па вул. Чалюскінцаў, што, па словах аднаго з заяўнікаў палітыка Алега Аксёнава, арганізатараў не задавальняе.
Буйныя штрафы прызначаныя актывістам, якія збіралі подпісы ў падтрымку беларускай мовы: 14 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска адбыўся суд над актывістам “Моладзі БНФ” Ягорам Сергіенкам, які аштрафаваны на 50 базавых велічынь; суд Заводскага раёна 13 сакавіка разгледзеў справу актывіста “Маладога фронту” Паўла Пракаповіча за збор подпісаў на станцыі метро “Магілёўская”. Ён таксама атрымаў штраф у памеры 50 базавых велічынь. 15 сакавіка аштрафаваны актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Раман Ганчароў за збор подпісаў на станцыі метро “Каменная горка”. 12 сакавіка суд Кастрычніцкага раёна г. Мінска аштрафаваў актывістку “Маладога фронту” Насту Гусеву на 15 базавых велічынь. 20 сакавіка суддзя Цэнтральнага суда Мінску Ю. Густыр вынес пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне арт. 23.34 КаАП актывіста “Моладзі БНФ” Дзяніса Мандзіка; яму прызначаны штраф у 25 базавых велічынь. Агульная сума штрафаў “за любоў да роднай мовы” па стане на 28 сакавіка склала 245 базавых велічынь, або каля 2 500 еўра. Да аштрафаваных 29 сакавіка дадаліся Вольга Маёрава і Аляксандра Патапава. Вольга Маёрава атрымала штраф у памеры 35 базавых велічынь, а Аляксандра Патапава — штраф у памеры 10 базавых велічынь.
21 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, у Мінску пачаліся затрыманні палітычных актывістаў. Раніцай затрыманы палітык Уладзімір Някляеў. Верагодна, яго забралі адбываць 10 сутак адміністратыўнага арышту, які ён атрымаў яшчэ ў лістападзе мінулага года і да гэтага часу не адбыў. Тады яго пакаралі нібыта за заклікі да ўдзелу ў масавым мерапрыемстве “Марш абураных беларусаў 2.0”.
Затрыманы актывіст Максім Вінярскі. Яго затрымалі на вуліцы, калі той гуляў з сабакам. Ён дастаўлены ў РУУС Першамайскага раёна. У гэты ж дзень ён быў дастаўлены ў суд Першамайскага раёна, дзе яго асудзілі на 10 сутак за тое, што 13 сакавіка ён зладзіў акцыю салідарнасці з заблакаваным рэсурсам “Хартыя’97”, разгарнуўшы каля парку Чалюскінцаў расцяжку з надпісам “Свабоду Хартыі’97”.
Каля свайго дома затрыманы Вячаслаў Сіўчык, яго адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Пазней стала вядома, што яго таксама адвезлі ў ЦІП на Акрэсціна. Магчыма, што ён адбывае 5-суткавы арышт, накладзены на яго пастановай суда Партызанскага раёна Мінска за ўдзел у акцыі ў Дзень вайсковай славы 8 верасня.
Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі ад імя арганізацыі выказаў рашучую нязгоду з дзеяннямі ўладаў.
23 сакавіка затрыманы і пакараны адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 10 сутак актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Яўген Афнагель.
Затрыманы і дастаўлены ў суд Леанід Кулакоў. Суддзя суда Першамайскага раёна Іна Сідарок пастанавіла пакараць яго 10-суткавым арыштам за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў падтрымку сайта “Хартыя’97”, якая прайшла 13 сакавіка.
У рэгіёнах прайшла хваля прэвентыўных затрыманняў актывістаў з мэтай перашкодзіць іх удзелу ў мерапрыемствах, прысвечаных 100-годдзю абвяшчэння БНР.
23 сакавіка прыблізна апоўначы пры выхадзе з бабруйскага офіса АГП была затрыманая лідарка бабруйскай суполкі АГП і бабруйскага аддзялення прафсаюза РЭП Галіна Смірнова. Яе ўтрымлівалі ў ізалятары часовага ўтрымання Бабруйска, а пасля абвінавацілі ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП.
У той жа дзень быў затрыманы брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін. Раніцай 24 сакавіка супрацоўнікі міліцыі затрымалі таксама блогера Аляксандра Кабанава. Яму паведамілі, што затрыманне звязанае з адміністрацыйнай справай за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Брэсце 18 сакавіка.
25 сакавіка затрыманы і асуджаны да адміністрацыйнага штрафу ў 10 сутак палітык Мікалай Статкевіч. Затрыманыя журналісты “Белсата” Кацярына Андрэева і Сяргей Кавалёў, а таксама Ігар Ілляш і Любоў Лунёва. Насупраць Белдзяржфілармоніі на плошчы Якуба Коласа затрыманая вялікая колькасць актывістаў і грамадзянаў, якія мелі пры сабе нацыянальную сімволіку. Затрыманых у Мінску адпусцілі каля 17 гадзінаў; у той жа час сталі паступаць звесткі пра новыя затрыманні грамадзянаў з нацыянальнай сімволікай па-за месцам дазволенага ўладамі мерапрыемствы каля Опернага тэатра.
Да вечара нечакана былі адпушчаныя з цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Леанід Кулакоў, Максім Вінярскі, Яўген Афнагель і Мікола Статкевіч.
26 сакавіка ў многіх гарадах Беларусі адбыліся суды над прэвентыўна затрыманымі 24 і 25 сакавіка мясцовымі актывістамі. Некалькі пратаколаў адпраўленыя на дапрацоўку, астатнія справы разгледжаны з вынясеннем спагнанняў у выглядзе штрафаў.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з рашучым пратэстам супраць прэвентыўных затрыманняў актывістаў па ўсёй краіне напярэдадні масавых мерапрыемстваў у гонар стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама падчас і пасля правядзення мірных сходаў. Паводле звестак праваабаронцаў, 25 сакавіка супрацоўнікі органаў унутраных спраў затрымалі не менш як 110 чалавек. У дачыненні як мінімум 12 чалавек у г. Мінску былі складзены пратаколы па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Падпалі пад рэпрэсіі не менш сямі журналістаў.
Дазволенае ўладамі масавае мерапрыемства, арганізатарамі якога сталі партыя БНФ “Адраджэнне”, Аб'яднаная грамадзянская партыя, Рух “За Свабоду”, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада” і інфармацыйна-асветніцкі рух “Амарока”, прайшло ў запланаваным фармаце на пляцоўцы перад будынкам Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і балета на плошчы Парыжскай камуны; там адбыліся мітынг і канцэрт.
Жорсткае абыходжанне
65-гадовы жыхар Мінска Мікалай Радзівілаў дамагаецца ўзбуджэння крымінальнай справы супраць міліцыянтаў Талачынскага РАУС, якія яго моцна збілі два з паловай гады таму. Тады сталага чалавека затрымалі ў сувязі з канфліктам па заяве суседа; па дарозе ў РАУС яго збілі; траўмы пазней зафіксавалі ў бальніцы. Аднак да гэтага часу следчыя не разабраліся з тым, якія з траўмаў былі нанесеныя ў выніку збіцця міліцыянтамі, а якія меліся ў пацярпелага да сустрэчы з міліцыяй. Хоць адрозніць гэта нескладана: да сустрэчы ў пенсіянера былі зламаныя рэбры справа, а пасля збіцця зламаныя рэбры злева; па даследаваннях ўрачоў 9-й ГКБ, сляды пераломаў ў цяперашні час ёсць з абодвух бакоў. А следства дагэтуль упэўнена паўтарае, што пераломы ёсць толькі злева, і яны даўнія.
Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2018