Як паведамляе сайт mspring.online, Алег Аксёнаў, Алег Мяцеліца і Станіслаў Паўлінковіч вырашылі судзіцца з Рэспублікай Беларусь на міжнародным узроўні. Удзельнікі сацыяльных пратэстаў 2017 года вырашылі абскардзіць рашэнні беларускіх судоў у Камітэце па правах чалавека ААН.
Лідэр магілёўскіх хрысціянскіх дэмакратаў Алег Аксёнаў быў адным з заяўнікоў «Марша недармаедаў» 15 сакавіка 2017 года. Каб не дапусціць удзел палітыка ў акцыі пратэсту, суд Ленінскага раёна за дзень да акцыі вырашыў адправіць мужчыну на 15 сутак у ізалятар часовага ўтрымання. Фармальна падставай для арышту Аксёнава стала арганізацыя незаконнага масавага мерапрыемства – папярэдняга «Марша недармаедаў» 19 лютага 2017 года.
12 сутак за ўдзел і выступ на магілёўскай акцыі супраць падатку на дармаедства 15 сакавіка атрымаў бізнэсовец з Бялынічаў Алег Мяцеліца.
Магілёвец Станіслаў Паўлінковіч свой тэрмін за ўдзел у пратэстным мітынгу адбываў у Мінску, куды ён адправіўся на святкаванне Дня Волі-2017. Суд пакараў яго пяццю суткамі арышту.
У падрыхтоўцы ўсіх трох скаргаў актывістам дапамагаў праваабаронца Барыс Бухель, які адзначае стратэгічную важнасць зваротаў у Камітэт па правах чалавека ААН:
– Законы дзяржавы павінны адпавядаць міжнароднаму заканадаўству. У прыватнасці, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якім свабода мірных сходаў – адна з асноўных. Аднак у Беларусі гэтая свабода часцяком абмяжоўваецца, прычым без усялякіх на тое прычын. Абскарджваннем рашэнняў дзяржавы на міжнародным узроўні мы дэманструем, што гэта не грамадзяне парушылі закон, а ўлады, – распавёў праваабаронца.
Раней з Камітэта прыйшло паведамленне аб рэгістрацыі першых двух скаргаў, якія былі накіраваны яшчэ ў канцы снежня 2017 года.