13.11.2024 Тэгі: ЕС-Беларусь, выбары-2025 Еўрадэпутаты выступілі з заявай 12 лістапада з нагоды Дня салідарнасці з Беларуссю, прымеркаванага да дня смерці Рамана Бандарэнкі. Яны ў чарговы раз запатрабавалі ад беларускіх уладаў поўнага выканання правоў чалавека, права на свабоду аб'яднанняў, у тым ліку для палітычных партый, а таксама поўнага выканання міжнародных стандартаў АБСЕ па выбарах, прынятых Камітэтам ААН па правах чалавека. Тэкст заявы апублікаваў "Парламенцкі канал".

"Праз чатыры гады пасля мірных пратэстаў 2020 года дэмакратычныя памкненні людзей у Беларусі сутыкнуліся з жорсткімі рэпрэсіямі і пераследам. Сёння больш за 1 300 апанентаў застаюцца ў турмах, утрымліваюцца ў жахлівых умовах, без доступу да належнай медычнай дапамогі ды з сем'ямі, якія не ведаюць пра іх лёс.

Паказальны факт, што сярод іх лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. Некалькі вядомых апазіцыянераў, такіх як Максім Знак, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі ды Ігар Лосік, больш за год утрымліваюцца ў ізалятарах, што груба парушае абавязальніцтвы Беларусі па міжнародным праве", — гаворыцца ў заяве.

Заяву зрабілі Малгажата Гасеўска, кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, а таксама пастаянны дакладчык Камітэта па замежных справах Еўрапарламента Гельмут Брандштэтэр.

"Права кожнага грамадзяніна, які пражывае ў Беларусі ці за мяжой, абіраць і быць абраным, а таксама права на доступ да дзяржаўнай службы павінна цалкам выконвацца", — нагадваюць Еўрадэпутаты.

"Мы яшчэ раз заяўляем пра нашую непахісную падтрымку і салідарнасць з народам Беларусі ў яго імкненні да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай будучыні сваёй радзімы, якая з'яўляецца часткай еўрапейскай сям'і. Мы пацвярджаем нашу рашучасць умацоўваць сувязі з беларускімі дэмакратычнымі сіламі на чале са Святланай Ціханоўскай у іх барацьбе за дэмакратычныя перамены ў Беларусі", — гаворыцца ў ім.

Еўрадэпутаты канстатавалі працяг рэпрэсій у Беларусі, а таксама пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека напярэдадні абвешчанай Аляксандрам Лукашэнкам электаральнай кампаніі.

"Напярэдадні так званых прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца 26 студзеня 2025 года, сітуацыя з правамі чалавека рэзка пагоршылася. Рэжым узмацніў пераслед кандыдатаў, ініцыятыўных групаў, назіральнікаў, актывістаў і грамадзян, якія падтрымалі сваімі подпісамі вылучэнне незалежных кандыдатаў у 2020 годзе. У апошні час з'явіліся паведамленні аб трывожным росце адвольных затрыманняў, якія можна прыраўняць да гвалтоўных знікненняў. У гэтай сітуацыі здзек у студзені 2025 года не можа лічыцца выбарамі", — канстатавалі яны.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Еўрадэпутаты запатрабавалі поўнага захавання правоў чалавека і стандартаў выбараў у Беларусі