12.11.2024 Тэгі: выбары-2025 Дванаццатага лістапада адразу два з сямі кандыдатаў у прэзідэнты заявілі аб рашэнні зняцца з выбараў* на карысць Аляксандра Лукашэнкі. Гэта старшыня Саюзу афіцэраў Сяргей Бобрыкаў і былая прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава. Юрысткі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" пракаментавалі гэтую сітуацыю.
Бобрыкаў заявіў, што прыняў рашэнне адмовіцца ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, "каб забяспечыць згуртаванасць афіцэрскага корпуса, не дапусціць дваякіх думак сярод вайскоўцаў, каб падтрымаць дзейнага кіраўніка дзяржавы і нашага лідара".
Чамаданава сваё рашэнне абгрунтавала так:
"Мы разумеем выдатна, што ніхто акрамя нашага прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі сёння не зможа забяспечыць тую бяспеку, у якой мы знаходзімся, бяспеку нашай краіны ў першую чаргу і, вядома ж, такое паступальнае развіццё нашай дзяржавы. […] І самае галоўнае — мы надзейны тыл, у чым можна не сумнявацца".
Юрысткі адзначаюць, што такім чынам "Лукашэнка спрабуе стварыць ілюзію канкурэнцыі, але ў сучасных рэпрэсіўных умовах гэта нават пры прыкладанні вялікіх высілкаў будзе выглядаць як фікцыя".
"Падобныя выказванні падстаўных кандыдатаў у прэзідэнты — заканамерная з'ява, бо яны самі не могуць рэалізаваць сваё права ўдзельнічаць у кіраванні краінай. У краіне, дзе дзяржава рэпрэсуе любыя праявы іншадумства, удзел у кіраванні краінай немагчыма разглядаць ізалявана — гэта працяглы працэс, які патрабуе адкрытага і сумленнага дыялогу паміж грамадствам і ўладай.
Эфектыўнае ажыццяўленне права на ўдзел у грамадскім жыцці магчыма толькі пры наяўнасці ўмоваў, дзе ўсе правы чалавека паважаюцца і дасяжныя: права на роўнасць і недыскрымінацыю, свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцый. Гэтая неабходнасць прызнана на міжнародным узроўні, у тым ліку ў дакладзе Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (A/HRC/49/42)".