23.10.2024 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, гісторыі вязняў Мінскі айцішнік Улад (імя змененае ў мэтах бяспекі сваякоў) актыўна ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту 2020 года, хадзіў на нядзельныя маршы, патрапляў пад разгоны, але лёс шкадаваў маладога чалавека – яго ніводнага разу не затрымалі. Першае сур’ёзнае выпрабаванне здарылася пад час антываеннага мітынгу ў дзень рэферэндуму 27 лютага 2022 года. Тады толькі ў сталіцы сілавікі затрымалі больш за 900 чалавек.
"Мяне выцягнулі з аўтамабіля і збілі да непрытомнасці"
Улад у тую нядзелю вырашыў далучыцца да мітынгоўцаў, аднак да месца падзей даехаць на сваім аўтамабілі не паспеў – вуліцы былі перакрытыя. Ён завярнуў у двор, дзе адразу звярнуў увагу на амапаўцаў, якія выцягвалі з пад’езда мужчын.
– Мяне ў гэты момант перамкнула, з’явілася такое міжвольнае жаданне напалохаць іх, і я газануў трохі ў іхні бок. Тады яны кінулі затрыманых і да мяне. Я паспеў па сустрэчнай паласе ад’ехаць за вугал, у суседні дворык, але там ужо на мяне накінуліся – сталі дручкамі біць па аўтамабілі, мяне дасталі з салона і адразу вырубілі моцнымі ўдарамі. Калі крыху апрытомнеў, то віду не паказваў, каб больш не білі. Чуў толькі, што па рацыі перадаюць адзін адному, што я ледзь не збіў азтамабілем амапаўца і яшчэ крыху напалохаліся, што перастараліся і са мной нешта не тое. Затым паклалі тварам на капот, сталі запытваць, навошта я збіў супрацоўніка АМАПу, хто я такі, прозвішча і ўсё гэта яны запісвалі на відэа. Я паўтараў толькі адно: нікога не збіваў, – распавядае мужчына.
Потым Улада адвялі ў бліжэйшы аўтазак і перадалі супрацоўнікам міліцыі са словамі, што гэты вось збіў амапаўца. У РУУСе, куды дастаўлялі затрыманых, усіх паставілі каля сцяны, а яго адразу прыгнулі на калені і апранулі кайданкі.
– Я баяўся,што мяне ўжо надоўга ўпакуюць. Яшчэ і супрацоўнікі міліцыі палохалі: “Ну ўсё, табе 15 год гарантавана”. Але потым склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, дзе напісалі, што я нібыта выкрыкваў “Слава Украіне!”. У ІЧУ на Акрэсціна, куды мяне разам з іншымі даставілі вечарам, чакаў суда трое сутак.
І вось разгляд маёй справы. У судзе Ленінскага раёна на калідор бачу заходзіць нейкі цывільны з дакументамі, і адразу чую сваё прозвішча. Суддзя распытвала, як і дзе мяне затрымалі, што я рабіў там, пыталіся дзе мой аўтамабіль. У выніку далі 12 сутак арышту і адвезлі ў Жодзіна, бо ў тыя дні Акрэсціна было перапоўненае затрыманымі ўдзельнікамі антываеннага мітынгу. А ў Жодзіна, як і паўсюль тады: камеры перапоўненыя, ні матрацаў, ні перадач, ні прагулак… нічога. Увесь час я перажываў і хваляваўся, што ўжо не выйду, што ўзбудзяць крыміналку нібыта на наезд на амапаўца.
Пасля адбыцця адміністрацыйнага пакарання сябры параілі Уладу тэрмінова набываць квіток і з’язджаць з Беларусі хоць куды – хоць у Арменію, ці Казахстан. На той час фірма, дзе ён працаваў тэсціроўшчыкам, рэлакавалася ў Літву, і таму яму дапамаглі хутчэй выехаць і атрымаць працоўны ДНЖ.
– Я яшчэ ездзіў час ад часу ў Беларусь, але калі ў Мачулішчах у лютым 2023 года спрабавалі ўзарваць самалёт, я ўжо больш не рызыкаваў. Так прайшло паўтара года. А гэтым летам, у ліпені, паехаў каб зрабіць даверанасць. На мяжы мяне знялі з аўтобуса і адправілі на “гутарку”. Я рыхтаваўся да такіх падзей, яшчэ раз прагледзеў свой тэлефон і нават адшукаў ранейшы данат праз фэйсбук. Мяне распытвалі, чаму я ў базе знаходжуся. Адказаў ім, што адміністрацыйка была ў 2022 годзе за тое, што выкрыкваў “Слава Україне!”. А ў тэлефоне нічога крамольнага не адшукалі, – кажа Ўлад.
"Лепей у Беларусь не вяртацца, бо невядома, чым гэта скончыцца"
На гэтым прыгоды айцішніка не скончыліся. Паколькі ў яго сканчаўся тэрмін дзеяння пашпарта, ён вырашыў рызыкнуць яшчэ раз і выправіўся ў Мінск. Спецыяльна выбраў суботу, бо ў гэты дзень невялікая верагоднасць патрапіць на “гутарку” да беларускіх спецслужбоўцаў.
– У суботу, 10 жніўня, я паехаў ізноў у Мінск, а у канцы месяца хацеў атрымаць новы. У аддзеле па міграцыі мне адказалі, што біяметрычны пашпарт мне аддаць не могуць, паколькі, як аказалася, мне закрыты выезд з Беларусі. Тады я папрасіў вярнуць стары пашпарт, каб паспрабаваць вырашыць пытанне з выездам у міліцыі. Але ў РУУСе інфармацыі такой не было. Сказалі звяртацца ў аддзел міграцыі па месцы жыхарства. Атрымалася замкнутае кола. Удалося толькі даведацца, што 12 жніўня мяне ўнеслі ў базу невыязных, і што я лічуся падазраваным па арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Адразу Улада пачалі шукаць супрацоўнікі міліцыі, распытвалі сваякоў, ён вымушаны быў хавацца і жыць у знаёмых. Улад пачаў думаць, як можна бяспечна выехаць з Беларусі. Спрабаваў праз Байсол, але не атрымалася на той час.
– Я ведаў, што можна гэта зрабіць, што ёсць варыянты, але не ўяўляў наколькі шлях да волі можа быць цяжкім і складаным. Нягледзячы на вялікія перашкоды і праблемы, на магчымасць затрымання і прымусовага вяртання ў Беларусь, я змог вярнуцца назад у Літву, праўда без новага пашпарту. Так эксперыментаваць не варта.
Улад выказаў жаданне распавесці пра гэты выпадак, каб перасцерагчы іншых беларусаў ад паездак у Беларусь нават па важнай прычыне, паколькі ніколі не можна дакладна ведаць, што там можа цябе чакаць.
Рызыкі вяртання: крымінальныя справы і затрыманні на мяжы з Беларуссю
Крыніца: "Лепей у Беларусь не вяртацца": гісторыя айцішніка, які ледзь не наехаў на амапаўца