22.10.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, пераслед, ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22 кастрычніка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

22 кастрычніка 2024 году — Дзень народзінаў праваабаронцы Уладзя Лабковіча. Гэта ягоны чацвёрты дзень народзінаў за кратамі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Ліквідуецца адна з найбуйнейшых моўных школ Беларусі Streamline

У пачатку кастрычніка ў офіс Streamline прыехаў ДФР з ператрусам, пасля чаго адключылі ўнутраныя серверы, платформу для кіравання бізнэсам са ўсімі прыладамі і рэсурсамі. Таксама былі заблакаваныя рахункі. Выкладчыкам не змаглі выплаціць заробак, а студэнты — аплаціць вучобу. Тэлефон дырэктара Эдуарда Цалюка недасяжны, мэсэнджары адключаны. Ці затрыманы ён — невядома.

Моўная школа Streamline займала лідзіруючае месца ў Беларусі, больш за 15 гадоў працуючы ў гэтай сферы. Да II Еўрапейскіх гульняў яны падрыхтавалі якасны спецыяльна распрацаваны прадукт для навучання валанцёраў. Згодна з сайтам кампаніі, у ёй працавала больш за 300 выкладчыкаў.

Затрымалі журналіста Ігара Ільяша 

Ягоны фотаздымак апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Ігар Ільяш — муж палітзняволенай журналісткі Кацярыны Бахвалавай. Ёй прызначылі восем гадоў і тры месяцы ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Падрабязнасці затрымання пакуль невядомыя.

Прызналі «экстрэмісцкімі» некалькі суполак беларускіх дыяспар у свеце

21 кастрычніка Міністэрства інфармацыі абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У яго трапілі Telegram-каналы «Последний Русский / The Last Russian», «LES BELARUSSES EN FRANCE», Instagram старонка «gomelsociety», старонка ў «Аднакласніках» «Андрей Веренич», а таксама старонкі ў Facebook «Belarusian Canadian Alliance / Згуртаваньне Беларусаў Канады», «ДЫЯСПАРА БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ або ДИАСПОРА БЕЛАРУСОВ МИРА».

Крыніца: Затрыманне журналіста, ліквідацыя моўнай школы: хроніка пераследу 22 кастрычніка