21.10.2024 Тэгі: пераслед, умовы ўтрымання, гісторыі вязняў Аляксей Раманаў. Фота з архіву героя інтэрв'ю. Выбарчая кампанія 2020 года шмат што змяніла ў жыцці актывіста з Гомельшчыны Аляксея Раманава: на адным з агітацыйных пікетаў Святланы Ціханоўскай у Хойніках ён негатыўна выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку. І гэта скончылася крымінальным пераследам. 16 снежня 2020 года суд Хойніцкага раёну прысудзіў Аляксею адзін год у калоніі агульнага рэжыму паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі). Але і пасля адбыцця пакарання ўлады не спынілі пераслед у дачыненні да хворага актывіста.

Аляксей Раманаў цалкам адбыў пакаранне і 23 лістапада 2021 года выйшаў на волю з ПК № 13 ў Глыбокім. Адміністрацыя калоніі ставілася да яго, як і да іншых палітычных – за кожную правіну выносілі спагнанні, і паводзіць сябе трэба было вельмі асцярожна. Там, у глыбоцкай калоніі ў Аляксея выявілі  адэному, трэба было нешта рабіць, былі прыступы, крывацёкі. Трэба рабіць аперацыю, а яму адказваюць:“Пацярпі, пацярпі”.

Аляксей Раманаў і Леанід Судаленка
Аляксей Раманаў і Леанід Судаленка 12 лістапада 2020 года.

Пасля вызвалення Аляксей не мог нідзе афіцыйна ўладкавацца на працу, яму ўсюды адмаўлялі, таму падпрацоўваў на будоўлі і рамонтах.

– Пасля вызвалення працы не было, мяне нікуды не хацелі ў дзяржаўныя ўстановы браць, бо палітзняволены. І жыві як хочаш. Мне проста адкрыта казалі, што палітзняволеных былых браць на працу не будуць, маўляў, такое ўказанне. Неяк спрабаваў уладкавацца на гандлёвую базу ў Калінкавічах, і нават паспеў папрацаваць пару тыдняў, але потым даведаліся, што я палітычны, былы сядзелец і мяне звольнілі. Але жыць трэба, таму шукаў увесь час нейкія разавыя падпрацоўкі, дапамагаў прыватна людзям. Тым больш маю некалькі спецыяльнасцей і шмат чаго магу рабіць, – распавядае Аляксей.

Аляксей Раманаў. Фота з архіву героя інтэрв'ю.

“Думаў, што пасля вызвалення ўсё супакоіцца і ніхто болей чапаць не будзе

Праз два гады Раманавым ізноў зацікавіліся сілавікі. У той час ён перабраўся ў вёску ў Калінкавіцкім раёне, спадзяваўся што тут яго пакінуць у спакоі і  ніхто болей чапаць не будзе. Але… Напачатку студзеня 2023 года у Аляксея правялі ператрус, не патлумачыўшы нават, што пры гэтым хацелі знайсці. Потым пачаліся затрыманні. 16 сакавіка за падпіскі на "экстрэмісцкія" каналы. Пасля затрымання Аляксея адвезлі ў лякарню на медкамісію, якая прызнала, што мужчына можа адбываць адміністрацыйны арышт. Да суду Аляксей Раманаў знаходзіўся ў Калінкавіцкім ІЧУ, а суд пакараў Аляксея 2 суткамі арышту.

23 студзеня 2024 года Аляксея затрымалі ў Гомлі. Раніцай да яго прыйшлі супрацоўнікі сілавых структураў і правялі ператрус. Затым Аляксея забралі на допыт у КДБ. Распытвалі пра ўдзел былога палітвязня ў "экстрэмісцкім фармаванні". Суд прызначыў яму 15 сутак арышту.

13 лютага 2024 г. Аляксея ізноў затрымалі і асудзілі па двух пратаколах на 30 сутак па арт. 24.15 КаАП (парушэнне заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе). Адміністрацыйны арышт ён адбываў у ІЧУ Гомеля разам з актывістам Васілём Паляковым.

– У 6 раніцы у вёску прыехаў участковы і мяне забралі проста з хаты. Адвезлі ў Калінкавіцкі РАУС, дзе дапытвалі пра перадачы, колькі я набываў прадуктаў. У іх цэлы спіс быў з крамы Еўраопт, за гэта мне прызначылі штраф 800 рублёў. Затым выклікалі ў Мінск, у Следчы камітэт, дапытваліся пра прадуктовыя пасылкі, пагражалі, што ўзбудзяць справу за сувязь з экстрэмістамі. Я рэальна адчуваў, што яны хочуць яшчэ адну крыміналку ўзбудзіць, – кажа былы палітвязень.

“А як жа “клятва Гіпакрата, вы ж яе давалі?

Аляксей меў інваліднасць другой групы, якую ўлады нахабна анулявалі пасля вызвалення з калоніі. Аднак хваробы засталіся, у тым ліку і анкалонія, і панкрэатыт:

– У 2024 годзе у студзені, калі я сядзеў у ІЧУ, тройчы мяне вазілі ў Гомель у шпіталь, каб збіць прыступы. Мяне там кармілі ежай, якую мне есці нельга было, бо раней выдалілі большую частку падстраўнікавай залозы, частку страўніка і селязёнкі. А дактары пры гэтым кажуць, вось выйдзеш на волю, там кладзіся на аперацыю, зараз мы гэтага рабіць не будзем. “А як жа “клятва Гіпакрата, – кажу.  – Вы ж яе давалі? Толькі пасля 30-ці сутак адміністрацыйнага арышту я змог зрабіць аперацыю па выдаленні міёмы.

Каб болей не выпрабоўваць лёс Аляксей Раманаў прыняў рашэнне выехаць за мяжу.

– Зараз адчуваю невялікі стрэс ад пераменаў і новага месца жыцця. Трэба назірацца пасля аперацыі, але я не ведаю, што зараз найперш рабіць: трэба сацыялізавацца, афармляць дакументы на легалізацыю. Я зараз пішу ў суполкі, каб дзе якой працы дапамаглі знайсці, бо гэта мне у дадзены момант важней. Я гатовы працаваць, так і напішыце, што мне трэба зараз хоць якая праца.

Жыхара Гомеля з анкалогіяй пакаралі годам турмы за абразу Лукашэнкі

Паседжанне на патрабаванне пракурора Андрэя Судома праходзіла ў закрытым рэжыме.

Крыніца: "Пачалі пагражаць новай крыміналкай": Аляксей Раманаў пра пераслед пасля калоніі і рашэнне з'ехаць