11.10.2024 Тэгі: смяротнае пакаранне Беларусь адзіная краіна ў Еўропе, дзе захавалася смяротнае пакаранне. У нашай краіне смяротныя прысуды, як правіла, выконваюцца неадкладна, як толькі адмоўлена ў задавальненні просьбы аб памілаванні. Сем'ям ці законным прадстаўнікам асуджаных не паведамляецца дата выканання прысуду і не гарантуецца апошняе спатканне з асуджаным, пасля расстрэлу цела не выдаецца сям'і для пахавання і не паведамляецца месца пахавання. Крымінальны кодэкс Беларусі забараняе ўжываць смяротнае пакаранне асобам, якія ўчынілі злачынствы ва ўзросце да васемнаццацi гадоў, жанчынам і мужчынам, якія дасягнулі шасцідзесяці пяці гадоў.

З нагоды Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, якія адзначаецца 10 кастрычніка, узгадваем гучныя крымінальныя справы з вынясеннем смяротных прысудаў у Беларусі за апошнія 10 гадоў.

Паводле згаданых крымінальных справаў за апошнія дзесяць гадоў, тыповы асуджаны да смяротнага пакарання – гэта раней судзімы, які здзейсніў побытавае забойства ў стане алкагольнага ап’янення.

У пасведчаннях аб смерці асуджаных да расстрэлу ў графе "Прычына смерці" раней проста ставілі прочырк. Пасля на некаторы час прочырк змянілі на фармулёўку "Звесткі не прадастаўленыя". Затым сталі пазначаць  прычыну смерці, як "Невядомая", "Убыл по приговору", "Прывядзенне прысуду ў выкананне".

pasvedczanne-ab-smerci_pavel-sjaljun_201
Пасведчанне аб смерці расстралянага Паўла Селюна

2014 год. Студэнт гістфака забіў жонку і яе каханка

pavel-sjaljun_2014.jpg
Павел Сялюн

Студэнта гістфака БДУ, 23-гадовага Паўла Селюна, расстралялі 17 красавіка 2014 года. Гродзенскі абласны суд абвінаваціў яго ў забойстве дзвюх асобаў з асаблівай жорсткасцю. Павел забіў сваю жонку і ейнага каханка, якіх ён застаў у адной кватэры.

У маці Паўла было запланаванае спатканне з сынам. 18 красавіка адвакат Паўла прыйшла да падабароннага ў СІЗА, дзе ёй паведамілі, што ён "убыл по приговору", што азначае “расстрэл”.

Забойства студэнткі з асаблівай жорсткасцю

aljaksandr-hrunou_2014.jpg
Аляксандр Груноў

Яшчэ адзін смяротны прысуд  22 кастрычніка 2014 года выканалі ў дачыненні да гамельчука Аляксандра Грунова. Прысуд яму вынес Гомельскі абласны суд за забойства студэнткі Наталлі Емяльянчыкавай, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю. Яму, як і іншым, адмовілі ў памілаванні.

Як паведамляла праваабаронцам 10 гадоў таму маці расстралянага Вольга Грунова, яна атрымала пасылку, у якой знаходзіліся рэчы Аляксандра – адзенне, у якім ён знаходзіўся ў расстрэльнай камеры ў СІЗА-1, якое раней размяшчалася на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Так яна даведалася, што яе сына расстралялі.

Тры вязня згулялі ў даміно на жыццё. Прайграўшага задушылі

ryhor-juzepczuk_2014.jpg
Рыгор Юзэпчук

У красавіку 2014 года смяротны прысуд выканалі ў адносінах да 45-гадовага прадстаўніка нацыянальнасці ромаў без пэўнага месца жыхарства Рыгора Юзэпчука. Рашэнне вынес Магілёўскі абласны суд. Рыгора абвінавацілі ў забойстве сукамерніка. Ён быў судзімы сем разоў. Апошні тэрмін — 25 гадоў — Юзэпчук атрымаў за двайное забойства жанчыны і сабутыльніка "на глебе рэўнасці".

Апошняе забойства Юзэпчук здзейсніў разам з сукамернікам. Усе трое вырашылі згуляць у даміно на жыццё. Таго, хто прайграў, задушылі.

Паміж першым забойствам і затрыманнем прайшло 9 гадоў

eduard-lykau_2015.jpg
Эдуард Лыкаў

53-гадовага Эдуарда Лыкава асудзілі да смяротнага пакарання па пяці эпізодах забойста ў стане алкагольнага ап’янення. Ад моманту першага забойства да затрымання Эдуарда прайшло дзевяць гадоў. Паводле матэрыялаў следства, першыя два забойствы ён здзейсніў яшчэ ў 2022 годзе: пасля застолля ён забіў былога сукамерніка і ягоную маці. За гэта памылкова асудзілі на восем гадоў калоніі Міхаіла Гладкага, брата забітага Эдуардам мужчыны.

Праз два гады меркавана з прычынаў рэўнасці Эдуард забіў сужыцельніцу і яе каханка. А ў 2011 годзе мужчына пасля сваркі забіў 74-гадовага пенсіянера. Падчас знаходжання ў гродзенскай турме Эдуард пачаў сустракацца з ксяндзом. У выніку чаго вырашыў раскаяцца і супрацоўнічаць са следствам. У лістападзе 2013 года Мінскім абласным судом быў вынесены смяротны прысуд. Эдуард падаваў касацыйную скаргу, але Вярхоўны суд пакінуў прысуд без зменаў.

2015 год. Труп маладой дзяўчыны раніцай знайшоў вартаўнік каля Дому творчасці

sjarhei-ivanou_2_2015.jpg
Сяргей Іваноў

У Рэчыцы 18 сакавіка 2015 года вынеслі смяротны прысуд 21-гадоваму раней судзімаму Сяргею Іванову, які ў жніўні 2013 года згвалціў і жорстка забіў 19-гадовую дзяўчыну. Труп дзяўчыны знайшоў раніцай вартаўнік каля Дому творчасці моладзі ў Рэчыцы. Паводле следства, на момант здзяйснення забойства абвінавачваны быў п’яны і пад уздзеяннем псіхатропных рэчываў. А на целе дзяўчыны былі выяўлены шматлікія сляды ад удараў.

Вярхоўны суд  14 ліпеня 2015 года адхіліў касацыйную скаргу Сяргея Іванова  і пакінуў смяротны прысуд у сіле. Пазней стала вядома, што Іванова расстралялі ў ноч з 17 на 18 красавіка 2016 года. Сваякі Іванова атрымалі пасведчанне аб смерці, у якім было напісана “Прывядзенне прысуду ў выкананне”.

Выхаванец дзіцячага дома забіў трох прадавачак

ivan-kulesz_2015.jpg
Іван Кулеша

28-гадоваму выхаванцу дзіцячага дому Івану Кулешу вынеслі смяротны прысуд 20 лістапада 2015 года ў Гродзенскім абласным судзе. Мужчыну прызналі вінаватым у трох забойствах прадавачак крамаў, крадзяжы, рабаванні і спробе яшчэ аднаго забойства. Іван меў на ўтрыманні малалетняе дзіця і быў беспрацоўным. Мужчына явіўся з павіннай і асабіста прызнаўся ў здзяйсненні злачынстваў. Вярхноўны суд 29 сакавіка 2016 года разгледзеў скаргу Кулеша, але пакінуў прысуд у сіле.

Івана Кулеша расстралялі ў лістападзе 2016 года.

2016 год. У СССР вышэйшую меру замянілі калоніяй. У незалежнай Беларусі – расстралялі

henadz-jakavicki_2016.jpg
Генадзь Якавіцкі

Напачатку 2016 года, пятага студзеня Мінскі абласны суд вынес смяротны прысуд жыхару Вілейкі Генадзю Якавіцкаму за забойства ягонай сужыцелькі з асаблівай жорсткасю (ч. 2 арт. 139 КК). За савецкім часам Генадзь ужо быў асуджаны за забойства да смяротнага пакарання. Але пасля скаргі ў Вярхоўны суд яму замянілі пакаранне на 15 гадоў турмы. У СССР не існавала пакарання “пажыццёвае зняволенне”. Калегія Вярхоўнага суда восьмага красавіка 2016 года не задаволіла скаргу Якавіцкага і пакінула смяротны прысуд у сіле.

Забіў мужчынуі яго сужыцельку і спаліў дом, каб схаваць злачынства

sjarhei-khmjaleuski_2_2016.jpg
Сяргей Хмялеўскі

Другі смяротны прысуд у тым жа годзе быў вынесены 15 лютага жыхару Мачулішчаў 31-гадоваму Сяргею Хмялеўскаму. Такое пакаранне яму вынеслі пасля перагляду крымінальнай справы. Першапачаткова Хмялеўскаму прысудзілі пажыццёвае зняволенне. Мужчына здзейсніў жорсткае забойства двух асобаў. Раней Сяргей быў неаднаразова судзімы за крадзеж, рабаванне, разбой, хуліганства і іншае. Вярхоўны суд 6 траўня разгледзеў скаргу Хмялеўскага, але пакінуў прысуд без зменаў.

Пры тушэнні пажару пад Мінскам у прыватным доме супрацоўнікі МНС знайшлі абгарэлыя целы 49-гадовага мясцовага жыхара і яго 48-гадовай сужыцелькі. На целах загінулых былі выяўленыя шматлікія колата-рэзаныя раны шыі і галавы. Следчыя прыйшлі да высновы, што дом падпалілі з мэтай утойвання слядоў злачынства. Выходзячы з дому, Хмялеўскі сустрэў 57-гадовага суседа. Каб не пакідаць сведку забойства, Сяргей скінуў суседа ў 2-метровую бетонную яму.

У лістападзе 2016 года сваякі Хмялеўскага пайшлі да яго на запланаванае спатканне, дзе ім паведамілі, што смяротны прысуд прыведзены ў выкананне.

Прапаноўваў каляжанкам падвезці іх на працу, пасля чаго гвалціў і забіваў

sjarhei-vostrykau_2016.jpg
Сяргей Вострыкаў

Гомельскі абласны суд 19 траўня 2016 года асудзіў да расстрэлу 33-гадовага Сяргея Вострыкава. Гамельчука абвінавацілі ў згвалтаванні і забойстве дзвюх маладых жанчын.

Паводле следства, Вострыкаў прапаноўваў сваім калегам падвезці іх на працу, а сам завозіў жанчын у гараж, гвалтаваў і забіваў. Целы сваіх ахвяраў ён вывозіў у лес і закопваў. Першай ахвярай у 2014 годзе стала 25-гадовая Алеся Панцялеева. Праз год пры такіх жа абставінах была забітая 27-гадовая Аляўціна Машурыкава.

Сяргей Вострыкаў быў раней судзімы за разбой. На момант суду меў жонку і непоўнагадовае дзіця.  Вярхоўны суд чацвёртага кастрычніка 2016 года ў выніку разгляду апеляцыйнай скаргі пакінуў прысуд Вострыкаву без зменаў. Яго расстралялі ў красавіку 2017 года.

Забіў дачку і сына і скокнуў з балкона

kiryl-kazaczak_2016.jpg
Кірыл Казачак

39-гадовага жыхара Мазыра Кірыла Казачака 28 снежня 2016 года прызналі вінаватым у забойстве ўласных дзяцей і асудзілі да расстрэлу.

Казачак у нецвярозым стане забіў 9-гадовую Кіру і 17-гадовага Улада ў студзені 2016 года. Затым прыехаў на здымную кватэру жонкі, дзе тая жыла з сужыцелем, і распавёў аб здзейсненым. Затым патэлефанаваў у міліцыю і  скінуўся з балкона, але застаўся жывы.

Апеляцыйная скарга па справе Казачака мусіла разглядацца 21 сакавіка 2017, але Кірыл сам адмовіўся ад разгляду скаргі. Мужчыну расстралялі напрыканцы кастрычніка 2017 года.

У адзін дзень расстралялі адразу траіх чалавек

Як стала вядома праваабаронцам, пятага лістапада 2016 года ў адзін дзень расстралялі адразу траіх асуджаных да смяротнага пакарання: Генадзя Якавіцкага, Івана Кулешу і Сяргея Хмялеўскага.

2017 год. Забойства пажылых брата і сястры ў Нароўлі

Першы смяротны прысуд у 2017 годзе вынес Гомельскі абласны суд у выязным пасяджэнні ў Нароўлі 17 сакавіка 32-гадоваму мясцоваму жыхару Аляксею Міхаленю. Яго абвінавацілі ў забойстве з асаблівай жорсткасцю пажылых брата і сястры, якія пражывалі разам у прыватным доме ў Нароўлі. Меркаваны забойца, які жыў недалёка, раней быў судзімы за крадзеж, а ў непоўнагадовым узросце за забойства. Аляксея Міхаленю расстралялі ў ноч з 15 на 16 траўня 2018 года.

Справа "чорных рыэлтараў"

sprava-czornykh-ryeltarau_2017.jpg
Суд па справе "чорных рыэлтараў"

Злачынная групоўка з трох чалавек з 2009 па 2015 гады займалася афёрамі з нерухомасцю забіваючы ўладальнікаў. Паводле следства, групоўка датычна да забойства шасці асобаў. Працэдура продажы кватэр адбывалася амаль цалкам законна. Далей "чорныя рыэлтары" пад рознымі падставамі выманьвалі ахвяр у бязлюдныя месцы, дзе забівалі.

У групоўку ўваходзілі чатыры асобы: 36-гадовы Ігар Гершанкоў, 31-гадовы Сямён Беражноў, жонка Гершанкова Таццяна і 22-гадовы Барыс Калеснікаў.

Магілёўскі абласны суд 21 ліпеня 2017 года асудзіў Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнова да расстрэлу, Таццяну Гершанкову да 24 гадоў турмы, Барыса Калеснікава да 22 гадоў і 1 месяца калоніі строгага рэжыму. У снежні таго ж года Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйныя скаргі Гершанкова і Беражнова і пакінуў прысуд без зменаў.

Ігар Гершанкоў на знак пратэсту супраць парушэння яго права на ліставанне больш за месяц трымаў галадоўку. Пасля гэтага яго здароўе пагоршылася і яму ставілі ў СІЗА № 1 кропельніцы.

Сямёна Беражнова і Ігара Гершанкова расстралялі ў ноч з 19 на 20 лістапада 2018 года. 28 лістапада маці Гершанкова наведала СІЗА № 1, дзе ёй паведамілі, што "Ігар Гершанкоў выбыў з СІЗА з рэчамі".

Забойства вязня на "прамзоне" глыбоцкай калоніі

Віцебскі абласны суд 22 верасня асудзіў да расстрэлу Віктара Лётава за тое, што ён нанёс клінком не меней за 60 смяротных раненняў іншаму вязню. На момант забойства Лётаў ужо адбываў пакаранне за раней учыненыя забойствы. Віктара Лётава расстралялі ў ноч з 15 на 16 траўня 2018 года.  

2018 год. Пажыццёвае змянілі на расстрэл. Падвойнае забойства маладой пары ў Мінску

aljaksandr-zhylnikau_vjaczaslau-sukharko
Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарко

У снежні 2015 года ў сваёй кватэры былі забітыя малады хлопец са сваёй дзяўчынай. Былая партнёрка хлопца, выхавацелька дзяцячага садка Аліна Шульганава прырэўнавала яго да новай дзяўчыны і вырашыла адпомсціць. Выканаўцы забойства замест таго, каб прыстрашыць пару, забілі іх. Адразу пасля затрымання стала вядома імёны выканальнікаў злачынства – Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарко. Яны ж былі датычныя да забойства жыхара Калодзішчаў, які здаваў пакой аднаму са злачынцаў.

Суд першай інстанцыі прысудзіў Сухарко і Жыльнікава да пажыццёвага зняволення, а Шульганавай 12 гадоў калоніі. Пазней Вярхоўны суд палічыў прысуд занадта мяккім. 20 студзеня 2018 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў Сухарко і Жыльнікаву смяротнае пакаранне, а Шульганавай пакінуў прысуд без зменаў – 12 гадоў пазбаўлення волі.

Вярхоўны суд 29 траўня 2018 года разгледзеў апеляцыйную скаргу Аляксандра Жыльнікава, але пакінуў смяротны прысуд без зменаў.

Адвакатка Жыльнікава 13 чэрвеня 2019 года звярнулася ў СІЗА № 1, каб працягнуць працу па скарзе на рашэнне суда. Але там ёй паведамілі, што Аляксандр Жыльнікаў "убыл по приговору". На ўдакладненне адвакаткі, ці Жыльнікава расстралялі, ёй адказалі станоўча.

2019 год. Выклікала міліцыю, але назвала не той адрас. Бабруйчанін забіў у ваннай дзвюх маладых жанчын

aljaksandr-asipovicz_2_2019.jpg
Аляксандр Асіповіч

Магілёўскі абласны суд дзявятага студзеня 2019 года асудзіў Аляксандра Асіповіча да смяротнага пакарання за двайное забойства з асаблівай жорсткасцю.

У кватэры, дзе бавіў час Асіповіч 20 ліпеня 2018 года, былі знойдзены целы дзвюх маладых жанчын – Алесі і Крысціны.

На судзе высветлілася, што ў дзень забойства а сёмай раніцы ў міліцыю тэлефанавала маладая жанчына, якая крычала і прасіла аб дапамозе.  Але яна назвала памылковы адрас. На другі дзень міліцыя затрымала непрацуючага 36-гадовага бабруйчаніна, а ў яго дома знайшла ў ванным пакоі два жаночых целы са слядамі гвалтоўнай смерці.

У Вярхоўным судзе 14 траўня 2019 года разгледзелі апеляцыйную скаргу Асіповіча, але прысуд пакінулі без зменаў. Аляксандра Асіповіча расстралялі 17 снежня 2019 года.

Забіў палкай дзвюх сясцёр-пенсіянерак, каб абрабаваць дом

viktar-paulau_2019.jpg
Віктар Паўлаў

Зімою 2018 года ў вёсцы Прысушын Віцебскага раёна Віктар Паўлаў вырашыў абрабаваць дом. Ён напаў на дзвюх сясцёр 77 і 79 гадоў і стаў іх збіваць драўлянай палкай. Ад атырманых траўмаў яны памерлі. Раней Віктар ужо быў асуджаны за забойства мужчыны. У 2015 годзе ён вызваліўся з турмы пасля 10 гадоў няволі.

Віцебскі абласны суд 30 ліпеня 2019 года вынес 50-гадоваму Віктару Паўлаву смяротны прысуд за забойства і крадзеж. Вярхоўны суд 12 лістапада 2019 года пакінуў скаргу Паўлава без задавальнення. Віктара Паўлава расстралялі 13 траўня 2021 года. У пасведчанні аб смерці графа “Прычына смерці” пустая без аніякіх пазнакаў.  

За жорсткае забойства дзіцяці маці прысудзілі 25 гадоў калоніі, а сужыцелю расстрэл

natallja-kolb_viktar-serhil_2019.jpg
Наталля Колб і Віктар Сергіль

У Брэсцкім абласным судзе 25 кастрычніка 2019 года асудзілі 26-гадовую Наталлю Колб і ейнага сужыцеля 48-гадовага Віктара Сергіля. Іх абвінавацілі ў групавым забойстве з асаблівай жорсткасцю васьмімесячнай дачкі Наталлі. Наталлі прызначылі 25 гадоў калоніі, Віктару – смяротнае пакаранне.

Восенню 2018 года муж Наталлі Леанід вярнуўся дамоў і знайшоў труп дачкі. У гэты час у кватэры знаходзіліся моцна п’яныя Наталля і Віктар.

Вярхоўны суд 31студзеня 2020 года разгледзеў апеляцыйную скаргу Віктара, але пакінуў прысуд без зменаў.

2020 год. Рэдкая з’ява – адмена смяротнага прысуда. Справа братоў Косцевых і "слуцкая банда"

Забойства настаўніцы ў Чэрыкаве

stanislau-kosceu_illja-kosceu_2020.jpg
Ілля і Станіслаў Косцевы

Два браты з Чэрыкава – Ілля і Станіслаў Косцевы – 10 красавіка 2019 года прыйшлі дамоў да сваёй 47-гадовай настаўніцы, якая жыла ў суседнім з імі доме. Паміж хлопцамі і жанчынай раней быў канфлікт. Як паведамілі пазней сілавікі, жанчына распавяла праваахоўнікам, што сястра братоў не выконвае належным чынам свае бацькоўскія абавязкі – маладая жанчына знаходзілася ў адпачынку па даглядзе за дзіцём. З-за гэтага сям'ю паставілі на прафілактычны ўлік як сям'ю, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Хлопцы забілі настаўніцу, а дом падпалілі. Пасля тушэння пажару ў доме выявілі цела жанчыны з шматлікімі нажавымі раненнямі. А дома ў хлопцаў знайшлі кампутар настаўніцы, які знік з яе дома. Іх затрымалі па падазрэнні ў забойстве. Яны прызналіся, што здзейснілі забойства і падпал дома.

Магілёўскі абласны суд 10 студзеня 2020 года асудзіў Іллю і Станіслава Косцевых да смяротнага пакарання за забойства і падпал дома.

Вярхоўны суд 22 траўня 2020 года не задаволіў апеляцыйную скаргу братоў Косцевых.

Пенсіянера забілі дзеля грошай, хату спалілі. "Слуцкая банда"

sluckaja-banda_2020.jpg
Віктар Скрундзік, Віталь Мяцеж і Валянцін Бушнін

Трое маладых жыхароў Слуцка ў 2019 годзе п’яныя рабавалі пенсіянераў, пасля чаго іх забівалі і палілі жыўцом. Удзельнікі “слуцкай банды” – 29-гадовы Віктар Скрундзік, 25-гадовы Віталь Мяцеж, 33-гадовы Валянцін Бушнін.

Цягам студзеня 2019 года яны жорстка забілі дваіх вяскоўцаў – 79-гадовага Міхаіла Шугалея і 94-гадовага Уладзіміра Гаркавога. Пенсіянераў задушылі кабелем і вяроўкай, пасля чаго спалілі. У абодвух скралі грошы і спіртное. Таксама яны замахваліся на забойства 85-гадовай мясцовай пенсіянеркі.

Скрундзік і Бушнін былі беспрацоўнымі і раней судзімыя за крадзеж. Мяцеш працаваў трактарыстам.

 Мінскі абласны суд шостага сакавіка 2020 года прысудзіў Віктару Скрундзіку расстрэл, Віталю Мецяжу 22 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, Валянціну Бушніну 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Вярхоўны суд 30 чэрвеня 2020 года задаволіў апеляцыйнуюскаргу і адмяніў смяротны прысуд Мінскага абласнога суда. Падчас працэсу Скрундзік заявіў, што абгаварыў сябе пад ціскам і хадайнічаў аб праходжанні паліграфа для пацверджання ягоных сведчанняў.

Гэта рэдкая з’ява ў практыцы вынясення смяротных прысудаў у Беларусі, калі Вярхоўны суд адмяняе раней вынесенае пакаранне і вяртае справу на новы разгляд.

2021 год. Братоў Косцевых памілавалі. Чальца "слуцкай банды" другі раз асудзілі да расстрэлу

Віктара Скрундзіка, якому Вярхоўны суд у 2020 годзе адмяніў расстрэл, 15 студзеня 2021 года зноў прысудзілі смяротнае пакаранне ў Мінскім абласным судзе. Гэта быў першы смяротны прысуд, які вынеслі ў 2021 годзе. Вярхоўны суд чацвёртага траўня не задаволіў апеляцыйную скаргу Скрундзіка і пакінуў прысуд без зменаў.

Віктара Скрундзіка расстралялі 16 ліпеня 2022 года. Прысуд выканалі праз адзін год і паўтара месяца пасля вынясення судовага рашэння.

Родныя братоў Косцевых, асуджаных да расстрэлу за забойства настаўніцы, у красавіку 2021 года прынеслі ім перадачу ў СІЗА № 1, але там паведамілі, што хлопцаў памілавалі. У ізалятар прыйшла папера аб памілаванні з адміністрацыі Лукашэнкі. Косцевых перавялі ў жодзінскую турму, а смяротнае пакаранне замянілі на пажыццёвае зняволенне.

Як вядома праваабаронцам, гэта другі выпадак памілавання за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі 

2023 год. "Краў са стала і разбіваў талеркі". Бацькі забілі сваё трохгадовае дзіця

aljaksandr-taratuta_anastasija-taratuta_
Анастасія і Аляксандр Таратуты

Напачатку 2023 года двое бацькоў са Слуцку ў нецвярозым стане збілі з асаблівай жорсткасцю свайго трохгадовага сына. У выніку дзіця памерла. Збіццё адбывалася ў прысутнасці трох іншых малалетніх дзяцей.

Падчас следчых дзеянняў Аляксандр распавёў, што збіваў сына тапкай, нагой і рукамі. Сын раздражняў яго з жонкай, бо спаражняўся ў вопратку і “краў са стала і разбіваў талеркі”.

Мінскі абласны суд у выязным пасяджэнні 19 кастрычніка 2023 года прысудзіў Аляксандру Таратуту смяротнае пакаранне, Анастасіі Таратута прызначылі 25 гадоў калоніі строгага рэжыму і прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

У адносінах да службовых асоб, якія маюць дачыненне да гібелі дзіцяці, узбуджаная крымінальная справа.

Былая сукамерніца Анастасіі распавядала праваабаронцам, што жанчыну ў зняволенні збівалі аголеным провадам, каб тая дала прызнальныя паказанні.

2024 год. Нетыповая справа Рыка Крыгера. Смяротнае пакаранне супрацоўніку "Нямецкага чырвонага крыжа"

Рыка Крыгер. Фота: sb.by
Рыка Крыгер

У Мінскім абласным судзе 29 чэрвеня асудзілі да смяротнага пакарання 29-гадовага грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера. Яго абвінавацілі па шасці цяжкіх крымінальных артыкулах, сярод якіх “найміцтва”, “акт тэрарызму” і “агентурная дзейнасць”. Менавіта за “акт тэрарызму” яму прысудзілі расстрэл.

Рыка Крыгер вайсковы лекар, які раней працаваў . Яго абвінавацілі ў "здзяйсненні выбуху". Справа Рыка тычыцца палка Каліноўскага.

Па гэтай справе амаль нічога не было вядома. Афіцыйныя ведамствы не паведамлялі ані пра затрыманне Рыка, ані пра вынікі суда над ім.

30 ліпеня стала вядома, што Рыка напісаў памілаванне на імя Аляксандра Лукашэнку. Апошні ў сваю чаргу сабраў нараду з гэтай нагоды з "людзьмі, непасрэдна датычныя да разгляду гэтай справы". Ужо ўвечары 30 ліпеня, як пішуць прапагандысты, Лукашэнка прыняў рашэнне памілаваць Крыгера.

Ужо напачатку жніўня Рыка Крыгера вярнулі Нямеччыне ў рамках абмену зняволеннымі, які прайшоў паміж ЗША, Расіяй, ФРГ і Беларуссю.

Крыніца: За апошнія 10 гадоў у Беларусі вынеслі 24 смяротныя прысуды. Агляд гучных справаў