10.10.2024 Тэгі: суды, свабода мірных сходаў У судзе Ленінскага раёна Брэста 9 кастрычніка асудзілі яшчэ трох чалавек паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушае грамадскі парадак). Цяпер пад суд за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года патрапілі Сяргей Нічыпарук, Аляксандр Клімашэвіч, Яўген Бычко — усім прызначылі калонію. Крымінальную справу супраць берасцейцаў разглядае Крысціна Папова.
Як піша "Берасцейская Вясна", прысудам стала:
- Сяргей Нічыпарук — адзін год год шэсць месяцаў калоніі агульнага рэжыму;
- Аляксандр Клімашэвіч — адзін год калоніі агульнага рэжыму;
- Яўген Бычко — адзін год калоніі агульнага рэжыму.
Сутнасць абвінавачвання супраць усіх палягала ў тым, што людзі 10 жніўня 2020 года ў Берасці "выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, наўмысна перашкаджалі руху транспартных сродкаў і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў". Гэтым яны нібыта груба парушалі грамадскі парадак.
Вядома, што дырэктара брэсцкай кампаніі Яўгена Бычко (на фота) жорстка затрымалі на трасе M1 у сярэдзіне ліпеня. Мужчыну спынілі супрацоўнікі ДАІ, а пазней пад'ехалі сілавікі, якія яго і затрымалі. На «пакаяльным відэа» берасцеец кажа, што ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў Брэсце.
Такім чынам, ужо вядома пра 61 чалавека, якія атрымалі тэрміны паводле арт. 342 КК за пратэсты, якія праходзілі 10 жніўня 2020 года ў Брэсце.
Крыніца: У Брэсце пачалі судзіць ужо 11-ю групу асудзілі за "грубае парушэнне парадку" ў 2020 годзе