10.10.2024 Тэгі: грамадства, праваабаронцы, смяротнае пакаранне Асобы: Андрэй Палуда Да Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, які прыпадае на 10 кастрычніка, "Вясна" паразмаўляла з каардынатарам кампаніі "Праваабарончы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэем Палудам: пра рэферэндум 30-гадоваай даўніны і “волявыяўленне народа”, пра кейс Рыка Крыгера і памілаваных братоў Косцевых, пра "акты гуманізму" і ці былі яны такімі сапраўды, і пра Аляксандра Таратуту, які чакае вынясення смяротнага прысуду.

Камітэт па правах людзей з інваліднасцю у жніўні гэтага года разгледзеў у Жэневе даклад уладаў Беларусі аб выкананні Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю. Чальцы камітэта ў тым ліку звярнулі ўвагу на існаванне смяротнага пакарання ў Беларусі. На што пастаянная прадстаўніца Беларусі ў Жэневе Ларыса Бельская апелявала да рэферэндума 1996 года, дзе большасць беларусаў выказалася за захаванне смяротнага пакаранне. І што гэта была воля народа. Чаму беларускія ўлады працягваюць апеляваць да гэтага рэферэндума, які быў амаль 30 гадоў таму?

"Так, сапраўды, гэта быў лістапад 1996 года. Рэферэндум, на якім пытанне смяротнага пакарання агучвалася таксама — гэтае пытанне ўваходзіла ў спіс сярод іншых. І тут важна сказаць: сапраўды прайшло 30 гадоў. Людзі, якія прымалі рашэнне на рэферэндуме (хаця ён не насіў абавязковы характар, гэта было ў пэўнай ступені такое сацыялагічнае апытанне: "Якое ваша меркаванне?") — вельмі шмат гэтых людзей ужо няма, і з'явіліся новыя людзі, і ніхто ў іх не запытвае пра тое, якое ў іх стаўленне да пытання смяротнага пакарання.

Але неаднаразова і я, і мае калегі па праваабарончаму руху, па кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, казалі пра тое, што такое пытанне, як смяротнае пакаранне, не мусіць вырашацца на рэферэндуме, таму што яно знаходзіцца ў эмацыйнай плоскаці. І людзі нават калі адказваюць на гэтае пытанне, адначасова могуць адказаць і быць за смяротнае пакаранне, і праз пэўны час быць супраць, таму што ўсё залежыць ад іх інфармаванасці, ад іх аргументаў, якія яны пачулі. Нядаўна ў нас было мерапрыемства з праглядам фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" і была дыскусія —там людзі распавядалі пра тое, што пасля прагляду такіх фільмаў, канешне, выступаеш супраць смяротнага пакарання. Але калі, напрыклад, сітуацыя можа быць датычна непасрэдна чалавека, то ў яго можа быць эмацыйны чыннік трошкі іншым. Альбо калі ён паглядзіць фільм ці інтэрв'ю, напрыклад, сваякоў ці маці ахвяры. 

Спадарыня, якая з'яўляецца прадстаўніцай Беларусі ў ААН, мне падаецца, што тут выкарыстоўвае ў пэўнай ступені маніпуляцыю, таму што чамусьці ўлады кажуць пра тое, што пытанне смяротнага пакарання трэба на рэферэндуме вырашыць (ці скасаваць, ці адмяніць, ці увесці мараторый), пры гэтым улады вельмі шмат якіх пытанняў не запытваюць у народа, у грамадства. Да прыкладу, зусім нядаўна кажуць пра тое, што падвышаюцца падаткі — гэтае пытанне ніякім чынам не абмяркоўвалася, то бок гэтае рашэнне адбываецца ў аднабаковым парадку. Ці, напрыклад, давайце ўзгадаем трохі ранейшыя часы: наколькі ўлады Беларусі прыслухаліся да меркавання людзей, якія нават выходзілі і да якіх прыязджалі чыноўнікі самага высокага рангу ў Беларусі — да людзей, хто выступаў супраць акумулятарнага завода ў Брэсце. Альбо наколькі прыслухаліся ўлады да людзей, якія выходзілі і выступалі супраць "закона аб дармаедстве". Мы бачым, што гэты закон не проста існуе, а квітнее ў сваёй практыцы і увесь час дадаецца новымі акалічнасцямі, якія толькі яго больш робяць жорсткім у адносінах да людзей. Ніхто ж не запытваў гэта на рэферэндуме, таму гэта такая абсалютна зразумелая маніпуляцыя, такая адгаворка: "Калі ласка, не лезьце". І я ўпэўнены, што калі б прынята было б рашэнне — а рашэнне насамрэч сёння залежыць ад аднаго чалавека — то абсалютна ніхто б і не запытваўся б у народа, ці адмяняць смяротнае пакаранне, ці не. Калі б склаліся так абставіны, і было б прынята рашэнне "уводзім мараторый", у народа ніхто б не запытваўся б. Ніхто не запытваўся, мілаваць ці не мілаваць Рыка Крыгера. І я ўпэўнены, што людзі не выйшлі б з плакатамі і патрабаваннем "Вярніце назад смяротнае пакаранне". Не. І я дастаткова часта прывожу ў прыклад кейс братоў Косцевых. Мы былі на іх судзе і бачылі, што ў гэты будынак суда ў горадзе Чэрыкаў Магілеўскай вобласці было не ўбіцца, таму што было вельмі шмат людзей, яны хацелі прысутнічаць пры вынясенні вырака. І як яны лікавалі, калі гэты вырак быў вынесены. Калі зачытваў вырак суддзя — яго нават перарвалі апладысментамі, выкрыкамі і гігіканнем. І пасля таго, як мы праводзілі грамадскую кампанію, якая звяртала ўвагу на гэты кейс, мы прасілі, патрабавалі, звярталіся да розных інстанцый: "Калі ласка, даавайце зробім усё магчымае, каб братоў Косцевых не пзбавілі жыцця". Братоў Косцевых памілавалі. І колькі чалавек, у тым ліку тых, хто стаяў у судзе, пляскаў у далоні, вышлі да помніку Леніну ў горадзе Чэрыкаве з плакатамі з патрабаваннем "Вярніце назад смяротнае пакаранне"? Я спецыяльна спраўджваў. Мне сказалі, што не было такога. Ні аднаго чалавека не выйшла. І такая ж сітуацыя, я ўпэўнены, будзе і калі б увялі мараторый як першы крок да адмены смяротнага пакарання. Я ўпэўнены, што ніхто б не выходзіў і не патрабаваў бы смяротнае пакаранне. Больш за тое, статыстыка і міжнародныя сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што калі смяротнае пакаранне адмяняецца, то меркаванне людзей ідзе ўслед за прынятым рашэннем.  Колькасць людзей, якія выступаюць за смяротнае пакаранне, змяньшаецца, калі прымаецца праз палітычную волю такое рашэнне. Гэта такая гісторыя. Таму калі казаць: "трэба праводзіць рэферэндум", я ўпэўнена кажу: "Не". Па-першае, няма такога патрабавання і яно не мусіць быць, а па-другое, увогуле смяротнае пакаранне мусіць адмяняцца праз прыняцце такога палітычнага рашэння, праз палітычную волю".

Вы ўзгадалі два кейса: братоў Косцевых і Рыка Крыгера. Увогуле, памілаванне юрыдычна называецца "актам гуманізма". І ў сітуацыі з братамі Косцевымі, мабыць, гэта быў акт гуманізма: і юрыдычна, і фактычна. А вось наконт кейса Рыка Крыгера юрыдычна таксама "акт гуманізма", але фактычна: ці быў ён тут у гэтай сітуацыі?

"Сапраўды, сама памілаванне працэдурна з'яўляецца актам праяўлення гуманізма, міласэрнасці. І юрыдычна ў нас заканадаўствам так прадугледжана, што рашэнне па заканадаўству прымае прэзідэнт краіны. І таксама варта сказаць пра тое, што кейс Рыка Крыгера (і не толькі, дарэчы, гэты кейс) паказаў тое, што нам тут трэба трошкі раздяляць вось гэты "акт гуманізма" працэдурны і "акт гуманізма" па факце. Таму што мы разумеем, што праяўленне міласэрнасці адбываецца ў адносінах тых людзей, якія здзейснілі, напрыклад, злачынства. Нагадаю, што калі пасля смяротнага пакарання адбываецца акт памілавання, то гэтым людзям замяняюць на пажыццёвае зняволенне. Гэта не так, што людзі, вось тыя ж браты Косцевы, паехалі да хаты ў Чэрыкаў і там жывуь спакойна. 

У кейсе Рыка Крыгера вельмі шмат розных невысветленых абставінаў і акалічнасцяў. Ён выклікаў рэзанас, і перш за ўсё, таму што гэта замежны грамадзянін. Тое, што яго абмянялі, тое, што ён быў асуджаны па новаўвядзенням у заканадаўстве. То бок вельмі шмат было рэчаў, якія адбыліся наноў. І ахвяраў там не было, калі ён нават нешта і здзесніў. Тое, што гэта вельмі так запісвалася ўсё і было складзена ў фільм — я бачыў такія меркаванні ў тым ліку і экспертаў, што не выключна, што Крыгера проста вялі да таго, каб ён гэта здзейсніў. Тут выклікае шмат пытанняў і тут мы можам як раз такі вярнуцца да таго і сказаць: "А ці быў гэты акт гуманізма з пункту погляду не працэдурна, а з пункту погляду сутнасці?" Бо ці здзяйсняў чалавек такое злачынства, што ён мусіў несці пакаранне ў выглядзе смяротнага пакарання. 

Дарэчы, гэты кейс таксама дастаткова цікавы і важны для разумення асэнсавання, што ўпершыню так яўна пытанне смяротнага пакарання было выкарыстана як палітычны інструмент. Вось гэта было заўважна, то бок: вынеслі ў чэрвені смяротны прысуд, у ліпені літаральна месяц і пару дзён, як яго памілавалі і перадалі, і вось за гэты месяц там нагняталі абстаноўку вельмі актыўна: "Мы гатовы размаўляць, давайце мяняць" і штосьці яшчэ, то бок неяк падымалі стаўкі. Паседжанне нейкай камісіі там публічна зладзілі, хаця ніколі такога не было. Камісія па памілаванні, нейкія прадстаўнікі, журналісты і грамадства... я нават не памятаю, хто там дакладна быў. Але пра гэта пісалі: сабралі розных людзей для таго, каб параіцца, мілаваць яго ці не. Ну вось такая гісторыя. 

Я асабіста вельмі рады і задаволены, што Крыгера памілавалі і адпусцілі (абмянялі). Бо сітуацыя абсалютна непрадказальная: магло б быць што заўгодна, маглі б і расстраляць — такое магло б быць. Але пры гэтым я і тады гаварыў, і зараз падкрэсліваю: калі я каментаваў кейс Рыка Крыгера, я яшчэ звяртаў увагу на тое, што калі ўлады Беларусі праявілі такі, як яны кажуць, акт гуманізма і міласэрнасці ў адносінах да Рыка Крыгера, то хай бы яны яшчэ прымянілі акт міласэрнасці ў адносінах Аляксандра Таратуты, які таксама зараз асуджаны да смяротнага пакарання і знаходзіцца ў чаканні выканання смяротнага прысуду. Мне падаецца, што гэта таксама было б такім важным крокам, і я думаю, што гэта быў бы правільны крок. Ізноў жа, мы не кажам пра тое, што яго мусілі б ўзяць і адпусціць, а памянялі б яму на іншы від пакарання, які не звязаны з забойствам".

Наконт прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў — гэта быў такі сумны сімвалізм, таму што выконвалі смяротны прысуд у цэнтры Мінска, там, дзе ёсць кавярні, музей, касцёл... І выконвалі у СІЗА-1, на Валадарцы. Цяпер у СІЗА-1 пераехала ў Мінскі раён. Ці вядома, дзе цяпер будуць выконвацца смяротныя прысуды?

Гэта пытанне, якое дастаткова часта задаюць зараз. У нас няма дакладнай інфармацыі, дзе зараз будуць прыводзіцца ў выкананне смяротныя прысуды. Калі мы кажам пра гэты будынак альбо некалькі будынкаў СІЗА у Калодзішчах — гэта ж будавалася вельмі доўга, і я памятаю, што даўно былі размовы пра тое, што там таксама будуць прадугледжаны і спецыяльныя месцы для прывядзення ў выкананне прысудаў. 

Я хачу звярнуць увагу на тое, што гэта было ў цэнтры Мінску, што побач кавярні... Так. Гэта ж таксама з іншага боку можа і не супер дзіўна, таму што ў нас у забароненай зоне, такой зоне, якая знаходзіцца пад абаронай заканадаўства, рэстаўрацыю каля Курапатаў узводзілі, і яна працуе. Таму я не думаю, што гэта такое дзіва дзіўнае, нажаль, для наша сучаснай Беларусі. Гэта палягае ў тым, што Курапаты не пераасэнсааваны як сімвал, як месца, таму што такіх "Курапат" па Беларусі вельмі шмат: і Хайсы, Кабылякі, і пад Гомелем, і пад Воршай, і пад Віцебскам... І таму я не думаю, што гэта занадта ўспрымаецца так, што "вон из рук выходящее". Яно так павялося, яно так было, яно так, нажаль, застаецца. Ну так, зараз перанеслі ў іншае месца, але па вялікаму рахунку гэта ж сутнасці не мяняе. Гэта не робіць гэты від пакарання больш гуманным. Гэта ўсё роўна застаецца. І калі змена месца адбываецца, то гэта не значыць, што гэта стала больш гуманным пакараннем, альбо больш лепшым. 

Дадатак

 Змены ў заканадаўстве, якія былі ўведзены ў 2022 і 2023 годзе — тут можна падкрэсліць, што яны ў пэўнай ступені працуюць. І кейс Рыка Крыгера паказаў: дзякуй Богу, што вынікам гэтага не стала прывядзенне ў выкананне смяротнага прысуду ў адносінах да чалавека. Але і гэта з'яўляецца вельмі сур'ёзным паказчыкам таго, што калі вось ўжо гэта спрацавала адзін раз, чаму гэта можа не спрацаваць яшчэ не адзін раз? Будзем спадзявацца, што гэтага не будзе. І будзем верыць у тое, што праблему смяротнага пакарання (а наяўнасць смяротнага пакарання заўсёды з'ўляецца лакмусавай паперкай з правамі чалавека ў Беларусі ў тум ліку) мы будзем падымаць і абмяркоўваць, і спрабаваць змяніць сітуацыю са смяротным пакараннем не толькі да Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, але і ўвесь час, бо гэта вельмі важна. Важна для ўсяго нашага грамадства і для кожнага з нас. 

Крыніца: "Наяўнасць смяротнага пакарання заўсёды з'ўляецца лакмусавай паперкай сітуацыі з правамі чалавека"