03.10.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 2-3 кастрычніка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Папаўненне ў спісе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў
У спіс "экстрэмісцкіх" матэрыялаў дадалі Instagram-аккаўнты "kolesovahudzilina", "animia.masha", старонку ў "Х" "Кацап смажыўся на патэльні", старонку ў "Х" былога пасла Польшчы ў Беларусі Артура Міхальскага.
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага суда Мінска 25 верасня.
Затрымалі яшчэ аднаго сябра магілёўца, які абараняўся нажом ад губазікаўцаў
Затрыманага паказалі ва ўчорашнім вечаровым эфіры дзяржканала АНТ.
Сцвярджаецца, што ў мужчыны знайшлі агнястрэльныя патроны і літаратуру, "як саматужным метадам зрабіць пісталет Сцечкіна".
У Гродна ліквідуюць фонд, які займаўся прасоўваннем габрэйскай культуры
Пра гэта паведаміў тг-канал "Право имеют". Гаворка вядзецца пра мясцовы культурна-асветніцкі дабрачынны фонд"Кислев".Пасяджэнне аб ліквідацыі па іску Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама прайшло 16 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе.
Арганізацыя працавала з 2018 году і прасоўвала габрэйскую культуру і гісторыю.
За каментары ў NEXTA Live затрымалі мінчука
42-гадовы Андрэй у "пакаяльным відэа" кажа, што цягам 2022 года пакідаў каментары ў тг-канале NEXTA Live.
На былую палітзняволеную пенсіянерку Эму Сцепулёнак завялі новую крымінальную справу
Як паведаміла "Хрысціянская візія", былую настаўніцу беларускай мовы з Мёраў абвінавачваюць паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Пра гэта стала вядома са зводкі здарэнняў, якую апублікавалі ў мясцовай раённай газеце. Паведамляецца, што яе затрымалі за каментары.
Нагадаем, жанчыну затрымалі восенню 2021 года і асудзілі па "справе Зельцэра" паводле арт. 368 і 369 КК на 2 гады калоніі. Жанчына выйшла на волю вясною 2023 года цалкам адбыўшы тэрмін.
За татуіроўку ACAB затрымалі супрацоўніка мінскай пошты
"Пакаяльнае відэа" з затрыманым з'явілася ў адным з праўладным тг-каналаў. У апісанні пад ім паведамляецца, што мінчуку прызначаць 15 сутак арышту.
Хлопец кажа, што "набіваў татуроўку па глупству" і пасля адвывання пакарання абавязуецца яе перабіць.
Крыніца: Ліквідацыя фонда габрэйскай культуры, затрыманне палітзняволенай за каментары: