03.10.2024 Тэгі: праваабаронцы, катаванні, АБСЕ Асобы: Павел Сапелка На канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні, якая цяпер адбываецца ў Варшаве (з 30 верасня па 11 кастрычніка 2024), у рамках сайд-івэнта на тэму ўніверсальнай юрысдыкцыі, Павел Сапелка, юрыст ПЦ "Вясна" распавёў аб даследаванні "Як людзі, што перажылі катаванні і/або жорсткае абыходжанне, успрымаюць справядлівасць".

how-survivors-of-torture.jpg

Даследаванне было праведзена Праваабарончым цэнтрам "Вясна" сумесна з Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі. Яно прысвечана інтарэсам ахвяр.

"Гэты даклад – сумесь прававых кароткіх даследаванняў, а таксама непасрэдна сацыялагічнае даследаванне, – распавёў юрыст "Вясны" Павел Сапелка. – У цэлым, мы зыходзілі з таго, што варта засяродзіць увагу на жаданнях і патрэбах ахвяр, і гэта з'яўляецца ключавым аспектам у аднаўленні справядлівасці і пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі. З уліку меркаванняў асоб, якія перажылі катаванні, жорсткае абыходжанне ды іншыя формы забароненага абыходжання з боку дзяржавы, любыя намаганні па такім пераходзе да дэмакратыі могуць падавацца недастатковымі. І менавіта з улікам галасоў пацярпелых мусіць аказвацца неабходная падтрымка і стварацца ўмовы для поўнага аднаўлення правоў пацярпелых пасля аднаўлення канстытуцыйнай законнасці, пасля таго, як будзе пераадолены гэты самы крызіс правоў чалавека".

Псіхалагічны аспект гэтай праблемы такі: ахвяры катаванняў маюць права на спецыялізаваную і комплексную рэабілітацыю ў якасці кампенсацыі. І пры гэтым доступ да праграмаў рэабілітацыі не мусіць залежаць ад таго, звярнуўся пацярпелы па прававую абарону ці не.

"І больш за тое, як мне здаецца, ён не павінен залежаць ад таго, дзе канкрэтна пацярпелы звярнуўся за прававой абаронай – у той дзяржаве, што адказная за катаванні або жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, або ў той дзяржаве, якая прыняла на сябе абавязальніцтвы па барацьбе з гэтымі з'явамі, але сама не датычная да здзяйснення гэтых злачынстваў, – адзначыў Павел Сапелка. – Тым не менш многія ахвяры катаванняў ва ўсім свеце не могуць атрымаць доступ да правасуддзя або да нейкай комплекснай спецыялізаванай рэабілітацыі. І псіхалагічнае ўздзеянне адсутнасці доступу да правасуддзя з'яўляецца ключом да прычыны дадатковых пакут. І гэтыя людзі працягваюць пакутаваць ва ўсім свеце. І гэта можна назваць такім катаваннем, што працягваецца".

Юрыдычныя аспекты тут, адзначыў эксперт, трохі прасцей: яны выяўляюцца ў інстытуце кампенсацыі і сатысфакцыі, і гэтыя сродкі могуць быць выкарыстаныя незалежна або ў спалучэнні адзін з адным.

"На сёння, вядома, нацыянальнае заканадаўства і міжнароднае права хоць і ўтрымліваюць інструменты для кампенсацыі, але іх ужыванне на практыцы абумоўленае шэрагам умоў, у прыватнасці, ці будзе гэта праводзіцца ва ўмовах аднаўлення дэмакратыі, ці будзе гэта адбывацца за межамі Беларусі ці ў Беларусі, ці будзе гэта падтрымана ўрадамі іншых краін і гэтак далей...".

Аб'ектамі самога сацыялагічнага даследавання сталі беларусы і беларускі, якія перажылі катаванні або жорсткае абыходжанне з боку сілавікоў з траўня 2020 года. Гэта даследаванне рабілася ў два этапы: першае, гэта глыбінныя інтэрв'ю – было апытана 12 чалавек. Пасля гэтага былі колькасныя даследаванні – было апытана больш за 580 чалавек.

Пытанні адлюстроўвалі розныя аспекты ўспрымання справядлівасці. Напрыклад, вось як адказвалі людзі на пытанне: "Як змянялася жаданне аднавіць справядлівасць?" Гэта жаданне не змянілася ў 57% апытаных, толькі ўзрасла ў 29% і трохі аслабла ў 14%.

"Гэта на мой погляд такія ключавыя паказчыкі, якія кажуць пра тое, што ў людзей ёсць прага справядлівасці і яна можа, вядома, мяняцца ў параўнанні з тым, што адчувалі людзі непасрэдна пасля таго, як яны перажылі гэтыя акты, але тым не менш цяга да справядлівасці і жаданне справядлівасці застаецца", – сказаў Сапелка.

Таксама сярод пытанняў былі зададзеныя:

  • "Як вы думаеце, чаму некаторыя людзі, супраць якіх ужываліся катаванні ды жорсткае абыходжанне, не спрабавалі/не спрабуюць дамагчыся справядлівасці?"
  • "Што для вас значыць справядлівасць у адносінах да вінаватых у тым, што адбылося?"
  • "Хто ў першую чаргу павінен вызначыць выгляд і ступень адказнасці вінаватых у тым, што здарылася?"
  • "З якімі цяжкасцямі вы сутыкнуліся або сутыкаецеся пасля катаванняў або жорсткага абыходжання?"
  • "Як вы думаеце, што ўлады краіны, дзе вы зараз знаходзіцеся, маглі б зрабіць, каб дапамагчы ахвярам катаванняў або жорсткага абыходжання? Як дамагчыся справядлівасці або палегчыць іх становішча?"

Пыталіся ў беларусаў і беларусак таксама і пра дапамогу, у якой яны маюць патрэбу. Так, матэрыяльная патрабуецца 39% апытаным, юрыдычная – 33%, псіхалагічная – 31%, медычная – 25%, і 12% маюць патрэбу ў дапамозе з вырашэннем арганізацыйных пытанняў.

Ад урадаў дзяржаў, дзе яны знаходзяцца, людзі чакаюць, напрыклад, прыцягненне вінаватых да адказнасці ў адпаведнасці з універсальнай юрысдыкцыяй. Пра гэта кажа 60% апытаных людзей. І 52% апытаных кажуць, што варта праводзіць працу па дакументаванні злачынстваў рэжыму.

"У цэлым, гэта даследаванне будзе мець важнае значэнне для таго, каб выбудоўваць сваю працу ў далейшым з пацярпелымі", – адзначыў Павел Сапелка.

Крыніца: "У людзей ёсць прага справядлівасці". На канферэнцыі АБСЕ прагучала новае даследаванне пра інтарэсы тых, хто перажыў катаванні