25.09.2024 Тэгі: акцыі, палітвязні, праваабаронцы, салідарнасць, рэпартаж Асобы: Алесь Бяляцкі Акцыя салідарнасці з палітзняволеным праваабаронцам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім адбылася 25 верасня, у дзень ягонага нараджэння, побач з амбасадай Рэспублікі Беларусь у Вільні. Тут, на вуліцы Наваградскай, месціцца мурал у ягоны гонар. Акцыі таксама прайшлі ў іншых еўрапейскіх краінах.
Праваабаронца "Вясны" Алесь Буракоў, адкрываючы сваёй прамовай мітынг салідарнасці падкрэсліў галоўнае: “Нам усім зараз трэба ратаваць Алеся Бяляцкага":
“Беларускі рэжым кінуў яго за краты першы раз яшчэ ў 2011 годзе і ўжо тады ён адбыў тры гады. Зараз праваабаронца ізноў сядзіць і цяпер, на жаль, мы не бачым, чым гэта можа скончыцца. Зараз трэба казаць менавіта аб тым, што трэба неадкладна ратаваць Алеся Бяляцкага. Таму што невядома ў якім ён зараз стане, невядома ўвогуле, ці жывы ён, паколькі інфармацыі пра яго так мала, што нельга сцвярджаць, што з ім усё ў парадку. Ён сядзіць з забойцамі, гвалтаўнікамі, сярод якіх быць не павінен. Ён мусіў стаяць разам з намі тут, альбо ў новай вольнай Беларусі.
Гэтай акцыяй мы даводзім міжнароднай супольнасці, урадам краін, што нам усім трэба ратаваць Алеся і рабіць максімальныя захады дзеля таго, каб нобелеўскі лаўрэат, лідар Праваабарончага цэнтра "Вясна”, проста выдатны праваабаронца, быў на волі."
Праваабаронца Алег Мацкевіч казаў аб тым, што другі раз за ўсю найноўшую гісторыю еўрапейскай цывілізацыі чалавек, якога ўзнагародзілі Нобелеўскай прэміяй міру, сядзіць у турме, дзе чацверты год запар сустракае свой дзень нараджэння. Ён мае ўсе шанцы пайсці з жыцця, так больш і не пабачыўшы ні волі, ні свету.
Ён прывёў паралель з першым еўрапейскім лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, які атрымаў яе знаходзячыся за кратамі, Карлам фон Асецкім. У зняволенні яго жорстка катавалі і толькі пасля ўручэння Нобелеўскай прэміі яго перавялі ў шпіталь пад нагляд гестапа, дзе і памёр 4 траўня 1938 г. у бальніцы Норднд пад пільным кантролем гестапаўцаў ад наступстваў туберкулёзу і здзекаў, якія перанёс у турме.
Праваабаронца Алена Маслюкова адзначыла важнасць падтрымкі для ўсіх палітзняволеных беларусаў:
"Людзі, якія прайшлі праз зняволенне, найперш разумеюць, чаму сёння мы мусім змагацца за кожнага чалавека, які знаходзіцца за кратамі. Бо гэтыя людзі, прызнаныя палітзняволенымі, насамрэч ні ў чым невінаватыя. Яны з’яўляюцца гонарам і годнасцю нашай краіны. Таму мы сёння тут патрабуем свабоды для палітычнага зняволенага нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, свабоды кожнаму палітвязню, які сёння знаходзіцца за кратамі. Мы мусім быць іх падтрымкай, мы мусім быць іх голасам, мы мусім абараняць іх любымі сродкамі, якія дасяжныя для нас."
Акцыі салідарнасці таксама прайшлі ў іншых еўрапейскіх краінах.
Брусель
У сталіцы Бельгіі адбылася акцыя да дня нараджэння Алеся Бяляцкага
У Дзень народзінаў Алеся Бяляцкага праваабаронцы міжнароднай арганізацыі Libereco прапанавалі сабрацца каля беларускай амбасады, куды яны перадалі 82 281 подпіс пад петыцыяй з патрабаваннем вызвалення Алеся і ўсіх беларускіх палітвязняў.
На акцыі прысутнічала каля 30 чалавек. У ёй прынялі ўдзел дэпутаты Еўрапарламента, у тым ліку еўрадэпутат з Германіі Мары-Агнес Штрак-Цымерман, а таксама беларускі праваабаронца Леанід Судаленка.
Пасля акцыі адбудзецца круглы стол для абмеркавання бягучай сітуацыі ў Беларусі. У ім возьмуць удзел прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Ўладзімір Астапенка, праваабаронца Леанід Судаленка, праваабаронца, сястра палітзняволенай Марыі Калеснікавай Тацяна Хоміч і іншыя.
Клайпеда
Беларусы Клайпеды падтрымалі нобелеўскага лаўрэата і праваабаронцу Алеся Бяляцкага.
З нагоды Дня нараджэння Алеся, беларусы Клайпеды зладзілі невялічкую акцыю — яны пісалі лісты праваабаронцу, а таксама размаўлялі пра магчымасці падтрымкі палітзняволеных Беларусі.
Прага
“У дзень народзінаў Алеся Бяляцкага ў Празе, як і ў іншых еўрапейскіх сталіцах, прыгадвалі нашага нобелеянта і патрабавалі вызвалення ўсіх палітычных вязняў”,—напісаў у сваім фэйсбуку Сяргей Навумчык.
Варшава
Беларусы Варшавы павіншавалі зняволенага праваабаронцу Алеся Бяляцкага з днём народзінаў.
У польскай сталіцы 25 верасня прайшоў вечар салідарнасці з палітзняволеным лаўрэатам нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім.
Акцыя адбылася каля вядомай польскай праваабарончай арганізацыі «Karta». З прамовай выступіў праваабаронца «Вясны» Дзмітрый Салаўёў, прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінету па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык і іншыя палітыкі і грамадскія актывісты.
Беласток
У Беластоку адбылася акцыя ў падтрымку лідара Саюза палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута і кіраўніка правабарончай арганізацыі “Вясна”, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.
Традыцыйна акцыя праходзіла каля помніка ксяндзу Ежы Папялушку.
Крыніца: "Нам усім трэба ратаваць Алеся і рабіць захады дзеля таго, каб ён быў на волі" Фота Дапоўнена