27.09.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 26-27 верасня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Рэчыцы, імаверна, судзілі намесніцу гендырэктара аб’яднання "Рэчыцадрэў"

Як паведаміла "Гомельская вясна", судовы працэс над жанчынай, якая мае тыя самыя асабістыя звесткі, што і намесніца генеральнага дырэктара ў вытворчасці ААТ "Рэчыцадрэў", адбыўся 26 верасня. Галіну Кахновіч абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП).

Справу разглядаў суддзя Юрый Лунцэвіч. Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.

Дакладна такія самыя імя, імя па бацьку і прозвішча, як падсудная, мае намесніца генеральнага дырэктара Адкрытага акцыянернага таварыста «Рэчыцадрэў» — вялізнага перапрацоўшчыка драўніны, аднаго з горадаўтваральных прадпрыемстваў Рэчыцы з дзяржаўнай формай уласнаці.

У Гомельскай вобласці затрымалі як мінімум 10 чалавек

Паведамляецца, што затрыманні прайшлі ў Брагіне, Ельску, Лоеве, Хойніках і Нароўлі.

На "пакаяльных відэа" ад 27 верасня затрыманыя кажуць, што былі падпісаныя на "экстрэмісцкія каналы", удзельнічалі ў мітынгах, маюць "забароненыя" татуіроўкі. Адзін з затрыманых кажа, што "гуляў у гульню, дзе пазнаёміўся з украінцамі і пад іх уплывам пачаў абражаць Расію і Лукашэнку".

У трох чалавек твары на відэа былі схаваныя.

Супраць жыхара Мінска Дзмітрыя Жлобы распачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна

dzmitryi-zhloba.jpg
Дзмітрый Жлоба

31-гадоваму Дзмітрыю інкрымінаваная ч. 1 арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці).

Дзмітрыя запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Следчы камітэт.

За каментары пра сілавікоў і Лукашэнку затрыманы мужчына

На "пакаяльным відэа" ад 27 верасня мужчына кажа, што быў падпісаны на "экстрэмісцкія каналы" і нібыта пісаў у чатах каментары з заклікамі забіваць супрацоўнікаў міліцыі, Лукашэнку і ягоную сям'ю.

Супольнасць трансгедарных людзей Беларусі паведамляе пра зачыстку — былі затрыманыя мінімум 8 чалавек

Пра гэта паведаміла "Наша Ніва" са спасылкай на іныцыятыву TG House Belarus.

Вядома пра затрыманне мінімум 8 трансперсон. Большасць з іх абмежавалася пратаколамі за "хуліганства". Апроч таго, у адносінах двух чалавек заведзеныя крымінальныя справы па артыкуле 343 Крымінальнага кодэкса — распаўсюд парнаграфіі.

Затрыманы сябра мужчыны, які ў Магілёве напаў з нажом на губазікаўцаў

Пра гэта 26 верасня паведаміла МУС.

Сцвярджаецца, што пры ператрусе ў доме 64-гадовага мужчыны выявілі агнястрэльную зброю, часткі да яе, патроны, рэчывы для вырабу выбухоўкі, наркотыкі, халодную зброю, у тым ліку замаскіраваную пад прадметы побыту.

У дачыненні да затрыманага распачалі крымінальную справу за незаконны абарот агнястрэльнай зброі (арт. 295 КК).

За ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту затрыманы мужчына

На "пакаяльным відэа" ад 26 верасня  затрыманы паведаміў, што яму 49 гадоў.

Крыніца: Пераслед трансгендарных персонаў і суд над кіраўніцай "Рэчыцадрэву":хроніка пераследу 26-27 верасня