26.09.2024 Тэгі: грамадства, ААН, падкаст Анаіс Марэн — Спецыяльная дакладчыца ААН па Беларусі ўжо 6 гадоў, і хутка яе мандат заканчваецца (31 кастрычніка 2024 года). Падкаст "Вясна прыйдзе" пагаварыў з Анаіс пра яе шлях да Беларусі, пра яе прызначэнне і тое, як гэта ўспрынялі беларускія праваабаронцы, пра тое, як зарабляла на жыццё (бо быць Спецдакладчыкам — гэта валанцёрская праца) і пра тое, што было самым складаным і самым цікавым за ўвесь гэты перыяд.
Некаторыя цытаты Анаіс Марэн:
"Калі шчыра, тады [падчас прызначэння на ролю Спецдакладчыцы — Заўв.] гэта не азначала так шмат працы, як аказалася потым, пасля 2020 года. Таму што тады аб'ём працы памножыўся на 10".
"Некаторыя сумняваліся, што я магу быць добрай Спецдакладчыцай. Таму што я афіцыйна публічна абвясціла, што буду старацца наладзіць стасункі і з урадам. Гэта напраўду тое, што напісана ў рэзалюцыі, гэта тое, што чакаецца ад усіх мандатарыяў спецпрацэдураў Рады правоў чалавека ААН [...] Я старалася, і некаторым праваабаронцам гэта не спадабалася, яны спалохаліся, думалі, што я магу быць настолькі прадузятай, што магу нават пісаць і нешта пазітыўнае пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Але я сапраўды аб'ектыўна хацела весці свае даследаванні [ ... ] шукала нешта пазітыўнае — а вось і не знайшла".
"Эмацыйна складана ўсё, што звязана з 2020-м годам [ ... ]. Мне было сапраўды псіхічна вельмі цяжка, таму што я не спецыялістка па катаваннях. І я была не падрыхтаваная. І калі вы памятаеце, 2020-ы год — гэта быў яшчэ і кавід, таму не было магчымасці нават з'ездзіць у Жэневу і шукаць там апірышча. Яны прапаноўвалі з псіхолагам размаўляць, але гэта было дыстанцыйна і на англійскай... Я адчувала сябе, калі шчыра, адна тады, калі гэта ўсё здарылася. Амаль тры месяцы я наогул кругласуткава займалася мандатам, Беларуссю, правамі чалавека [...]. І я ледзь не звольнілася ў такі час, таму што думала, што з'еду з глузду".
"Уся інстытуцыянальная памяць мандата ляжыць у мяне, на маім камп’ютары".
"Беларусам зычу, каб у будучыні, у хуткай будучыні, будуць у свеце згадваць пра Беларусь не праз парушэнні правоў чалавека, не праз праблемы, звязаныя з палітыкай і з дзейнасцю палітычнага лідара Беларусі, а з іншых нагодаў. Наколькі краіна прыгожая, людзі працавітыя і законапаслухмяныя, і ветлівыя, і кухня, і прырода, і літаратура, і тэатр... І ўсе змогуць атрымліваць асалоду ад славутасцяў Беларусі без абмежаванняў, і не думаючы аб правах чалавека, таму што правы чалавека ў Беларусі, на жаль, гэта сумная тэма".
Слухайце падкаст на розных пляцоўках тут:
- YouTube - з тайм-кодамі!
- Spotify
- Apple podcasts
- Castbox
- SoundCloud
- Іншыя пляцоўкі
Слухайце таксама іншыя выпускі нашага подкаста:
Фіксацыя рэпрэсій: Хто такія дакументатары
"Правы чалавека — гэта зручна". Гутарка з Кацярынай Дзяйкала — у новым выпуску падкаста "Вясна прыйдзе"