25.09.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, спецвытворчасць У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24-25 верасня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

За каментары затрымалі намесніцу дырэктара па вучэбнай рабоце адной з мінскіх школ

Яе абвінавачваюць у тым, што яна пакідала каментары на «забароненых сайтах». На «пакаяльным відэа» жанчына кажа, што ніякіх каментароў не пакідала.

Праўладныя тэлеграм-каналы пагражаюць затрыманай звальненнем.

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі TikTok-акаўнт, старонка ў Instagram і Facebook-профіль Таццяны Хоміч, Youtube-канал «Максим Шабуцкий», а таксама старонка ў Instagram «yana.joj».

Мужчыну затрымалі за ўдзел у пратэстах 

На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што браў удзел у акцыях пратэсту, прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «плана Перамога», а таксама пакідаў «негатыўныя каментарыі на адрас супрацоўнікаў міліцыі».

Жыхар Лунінецкага раёна ў 2021 годзе зняў з крамы чырвона-зялёны сцяг — яго знайшлі праз тры гады па адбітках пальцаў

У 2021 годзе ў Лунінецкім раёне была распачата крымінальная справа па артыкуле аб здзеку з дзяржсімвалаў (арт. 370 КК), аднак чалавека, які зняў сцяг, тады не знайшлі. Побач з месцам здарэння ляжала бутэлька з півам, з якой знялі адбіткі пальцаў.

Як паведамляе Дзяржкамітэт судэкспертыз, у 2024 годзе 21-гадовы хлопец з гэтага раёна праходзіў працэдуру абавязковай дактыласкапіі ў рамках прызыву. Адбіткі яго пальцаў супалі з адбіткамі на бутэльцы, знойдзенымі ў 2021 годзе.

Юнакі сарвалі чырвона-зялёны сцяг з крамы — распачата крымінальная справа

Паведамляецца, што ў Слаўгарадскі РАУС звярнулася ўладальніца кветкавай крамы — нехта нібыта сарваў з фасаду чырвона зялёны сцяг, а таксама пашкодзіў шыльду і кветачніцу.

Міліцыянты затрымалі 16-гадовага навучэнца каледжу і 18-гадовага трактарыста. Распачата крымінальная справа за «здзек з дзяржаўных сімавалаў» (арт. 370 КК).

Верагодна, гаворка ідзе пра двух хлопцаў, якіх затрымалі ў Слаўгарадзе на мінулым тыдні.

У Глыбокім затрымалі як мінімум траіх чалавек 

Сцвярджаецца, што ўсе яны ўдзельнічалі ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. Сярод затрыманых адміністратар старонкі «Падслухана Глыбокае», а таксама жанчына, якая на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай раздавала кветкі.

Супраць журналіста Сяргея Скулаўца, які з'ехаў з Беларусі, распачалі крымінальную справу 

Пра гэта мужчына напісаў у сваім Facebook.

«Следчы камітэт распачаў супраць мяне справу. З ператрусам прыехалі да мамы, праглядзелі мабільнік, забралі яе, завезлі на мой хутар. Падрабязнасьцяў, на жаль, не ведаю зусім, але справа дакладна зьвязаная з Белсатам».

Крыніца: Затрыманні за пратэсты і сарваныя чырвона-зялёныя сцягі: хроніка пераследу 24-25 верасня