Праваабаронца Алесь Бяляцкі выпусьціў новую кнігу — «Лісты салідарнасьці», піша Радыё Свабода.
За два з паловай гады, калі палітвязень адбываў пакараньне ў Бабруйскай калёніі, ён сам напісаў на волю больш за тысячу лістоў, а атрымаў у 20 разоў болей. У асобныя дні палітвязьню прыходзіла да 500 лістоў і паштовак. У асноўным гэта лісты падтрымкі, пад некаторымі па некалькі дзясяткаў подпісаў.
«Лісты салідарнасьці» — працяг папярэдняй кнігі «Альбом салідарнасьці», храналёгіі крымінальнай справы, гісторыі зьняволеньня і вызваленьня праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
Аўтограф Барадуліна і пах парфумы
Новая кніга-альбом складаецца з эсэ, цыклю пісьмаў, напісаных у адказ на кампанію падтрымкі галяндзкага аддзяленьня Amnesty International, іншых лістоў. У кнізе багата допісаў ад сяброў.
Рыгор Барадулін даслаў палітвязьню сваё фота з подпісам, кароткім аўтографам-пажаданьнем. Генадзь Бураўкін павіншаваў Алеся з 50-гадовым юбілеем паштоўкай, Уладзімер Някляеў тэлеграмай даслаў верш па-беларуску, а потым і сваю кнігу «Лісты да Волі», напісаныя ў турме, Аляксандар Фядута даслаў кнігу «Амэрыканка».
У Бабруйскай калёніі Алесь Бяляцкі атрымаў бандэрольлю сыгнальны экзэмпляр кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды, ХХІ стагодзьдзе».
Алесь атрымаў за кратамі шмат самаробных паштовак, малюнкаў дзяцей, арыгінальных тэкстаў, вершаў, тэлеграмаў.
Крыніца: Больш за 20 тысяч лістоў салідарнасьці з палітвязьнем Бяляцкім апублікавалі ў адной кнізе