23.09.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21-23 верасня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Магілёве мужчына адбіваўся нажом ад губазікаўцаў
Пра гэта сцвярджаецца ў афіцыйнай версіі МУС.
«Сёння каля 11 раніцы ў Магілёве на праспекце Пушкіна аператыўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС апазналі мясцовага жыхара, датычнага да экстрэмісцкай дзейнасці. Падчас прафілактычнай гутаркі мужчына раптам дастаў нож і нанёс удары міліцыянтам».
Пры мужчыне нібыта знайшлі яшчэ адзін нож і пісталет. Міліцыянеру аказалі медыцынскую дапамогу.
У спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» дадалі новыя арганізацыі
Так, у спісе афіцыйна з'явіўся «Беларускі жаночы фонд Belarus Women’s Foundation», які прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» яшчэ ў мінулую сераду. Сцвярджаецца, што дачыненне да фонду маюць Вераніка Цапкала і Анжаліка Агурбаш.
Акрамя таго, 16 верасня КДБ дадаў у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» «Беларускі нацыянальны моладзевы савет "РАДА"». Паводле ведамства, дачыненне да яго маюць Пракопчык Лізавета, Буніна Кацярына, Ворыхава Маргарыта.
Сужэнцаў затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020-ым годзе
На «пакаяльным відэа» дзяўчына кажа, што яна брала ўдзел у пратэсных маршах і пісала каментары аб перамяшчэнні тэхнікі ў «экстрэмісцкія» каналы. Мужчына таксама «прызнаецца» ва ўдзеле ў пратэстах.
Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманая дзяўчына — 29-гадовая Ася Ільніцкая.
«Экстрэмісцкай» прызналі Instagram-старонку з навінамі Баранавічаў, на якую падпісаныя больш за 45 тысяч чалавек
Гаворка пра старонку «Барановичи Новости». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну 18 верасня.
Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі відэаролік «Мысли вслух #8. ВАЖНО!» на Youtube-канале Вольгі Такарчук, Youtube-канал «ВЕСТОЧКА» і старонка ў Instagram «wooddecor.bу».
Беларускім палітычным уцекачам пачалі пісаць у месенджарах з беларускіх нумароў — ім расказваюць пра «камісію па вяртанні»
Актывіст з Рагачова Дзяніс Дашкевіч атрымаў у Viber паведамленне з беларускага нумара, у якім распавядаюць пра «камісію па вяртанні». Паведамляецца, што ён можа звярнуцца ў яе, калі мае жаданне вярнуцца ў Беларусь.
Дзяніс — 39-гадовы актывіст з Рагачова, больш за дзесяць гадоў вёў рэгіянальны рэсурс «Рагачоў Анлайн», аднак пасля выбараў быў вымушаны з'ехаць з краіны. У траўні 2023-га яго аштрафавалі на 720 рублёў за публікацыю фота з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам на фоне сцяга польска-венгерскага сяброўства, які падаўся суду падобным да БЧБ. У жніўні мінулага года на Дашкевіча завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі.
Нагадаем, праваабаронцам вядомыя як мінімум тры выпадкі, калі нягледзячы на «дамоўленасці» і звяртанне ў «камісію па вяртанні», супраць людзей узбуджаюць крымінальныя справы пасля вяртання ў Беларусь.
Крыніца: Беларускі жаночы фонд і RADA — "экстрэмісцкія фармаванні": хроніка пераследу 21-23 верасня