Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрская праграма FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), просіць вашага тэрміновага ўмяшання ў наступную сітуацыю ў Беларусі.
Апісанне сітуацыі:
Абсерваторыя была праінфармаваная з вартых даверу крыніц аб адвольным затрыманні і наступным вызваленні сп-ра Максіма Кавалёва, сп-ні Таццяны Мастыкінай, сп-ра Андруся Крэчкі, сп-ра Ігара Багачыка, сп-ні Насты Лойка, сп-ні Ганны Саханковай і сп-ні Насты Васільчук, назіральнікаў Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК), а таксама пра перашкоды ажыццяўленню права на мірныя сходы.
Паводле атрыманай інфармацыі, 25 сакавіка 2018 года сем праваабаронцаў былі затрыманыя падчас несанкцыянаванай дэманстрацыі на плошчы Якуба Коласа ў Мінску, арганізаванай у азнаменаванне 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Сем назіральнікаў, упаўнаважаных ПЦ "Вясна" і БХК, былі часткай каманды назіральнікаў, якія ажыццяўлялі маніторынг дэманстрацыі, і насілі камізэлькі, якія пазначалі іх як назіральнікаў.
Падчас іх знаходжання ў РУУС Савецкага раёна сп-ру Максіму Кавалёву, сп-ні Таццяне Мастыкінай, сп-ру Андрусю Крэчку, сп-ру Ігару Багачыку, сп-ні Насці Лойка і сп-ні Ганне Саханковай было загадана стаць тварам да сцяны на вуліцы, узняўшы рукі ўгору і пакінуўшы асабістыя рэчы на зямлі. Іх сумкі былі абшуканыя, а супрацоўнікі міліцыі сфатаграфавалі іх і ўзялі адбіткі пальцаў. Сп-ня Таццяна Мастыкіна адмовілася падпарадкоўвацца і яе адвялі; яна была гвалтоўна дактыласкапаваная, і яе трымалі за валасы пры фатаграфаванні. Усе шасцёра былі вызваленыя ў той жа дзень.
Сп-ня Наста Васільчук была дастаўленая ў РУУС Першамайскага раёна г. Мінска і вызваленая без складання пратакола аб затрыманні.
Сп-р Максім Кавалёў, сп-ня Таццяны Мастыкіна, сп-р Андрусь Крэчка, сп-р Ігар Багачык і сп-ня Наста Лойка былі абвінавачаныя ва «удзеле у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» у адпаведнасці з артыкулам 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Сп-не Таццяне Мастыкінай дадаткова было прад'яўленае абвінавачванне ў «непадпарадкаванні патрабаванням службовай асобы» у адпаведнасці з артыкулам 23.4 таго ж самага Кодэксу. Яны павінны былі паўстаць перад судом Савецкага раёна 26 сакавіка 2018 года, аднак разгляд справы быў адменены, а пра новую дату паведамлена не было.
Супрацоўнікі міліцыі таксама затрымалі некалькі дзесяткаў пратэстуючых і чатырох журналістаў тэлеканала «Белсат». Па меншай меры 120 чалавек былі затрыманыя ў сувязі з акцыямі пратэсту па ўсёй краіне.
Абсерваторыя рашуча асуджае адвольнае затрыманне сп-ра Максіма Кавалёва, сп-ні Таццяны Мастыкінай, сп-ра Андруся Крэчкі, сп-ра Ігара Багачыка, сп-ні Насты Лойка, сп-ні Ганны Саханковай і сп-ні Насты Васільчук, а таксама судовы пераслед у дачыненні да пяці з іх, паколькі гэта, як уяўляецца, з'яўляецца адплатай за іх законную і мірную дзейнасць у галіне правоў чалавека.
Абсерваторыя заклікае беларускія ўлады спыніць усе формы пераследу, у тым ліку на судовым узроўні, у дачыненні да іх, і падтрымліваць міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека, якімі Беларусь звязана ў дачыненні да свабоды сходаў.
Патрабаваныя дзеянні
Калі ласка, напішыце ў органы ўлады Беларусі, заклікаючы іх:
- Пакласці канец любым формам пераследу, у тым ліку на судовым узроўні, у дачыненні да сп-ра Максіма Кавалёва, сп-ні Таццяны Мастыкінай, сп-ра Андруся Крэчкі, сп-ра Ігара Багачыка, сп-ні Насты Лойка, сп-ні Ганны Саханковай і сп-ні Насты Васільчук, а таксама ўсіх праваабаронцаў у Беларусі.
- Гарантаваць пры любых абставінах фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць ўсіх праваабаронцаў у Беларусі.
- Выконваць усе свае міжнародныя абавязацельствы, паважаць ажыццяўленне права грамадзян на свабоду аб'яднанняў і сходаў, як гэта ўстаноўлена ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, у прыватнасці яго артыкулах 21 і 22.
- Выконваць палажэнні Дэкларацыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб праваабаронцах, у прыватнасці яе артыкулы 1, 2, 5 і 12.2.
- Забяспечыць пры любых абставінах выкананне правоў чалавека і асноўных свабодаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і міжнароднымі дакументамі, ратыфікаванымі Беларуссю.
Парыж-Жэнева, 28 сакавіка 2018 года