Паэт і палітык Уладзімр Някляеў распавёў сайту palitviazni.info пра сваё затрыманне, утрыманне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і адміністрацыйны арышт у “растэрміноўку”.
“Улада імкнецца прыціснуць грамадства”, – лічыць былы палітвязень
Нагадаем, што палітык быў прэвентыўна затрыманы напярэдадні Дня волі – 21 сакавіка. 25 сакавіка вечарам ён выйшаў на волю.
Яшчэ 1 лістапада Ленінскі раённы суд Мінску прызнаў Уладзіміра Някляева вінаватым у закліку да акцыі 21 кастрычніка і асудзіў на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, але тады не адправілі адбываць пакаранне. Яго пакінулі на будучыню, каб арыштаваць палітыка ў патрэбны час.
– Натуральна, я ведаў, што ў любы момант магу быць арыштаваны, але затрыманне менавіта ў гэты дзень стала для мяне нечаканасцю, – распавядае Уладзімір Някляеў. – Справа ў тым, што якраз 21 сакавіка я ішоў да доктара, які патэлефанаваў мне напярэдадні. Заўсёды хаджу з лекамі, а тут з сабой не браў. Падумаў: навошта, калі дадуць новыя? Відавочна, што размова па тэлефоне праслухоўвалася, бо сілавікі валодалі інфармацыяй, куды я накіроўваюся. Схапілі, прывезлі ў аддзяленне міліцыі, дзе паказалі рашэнне суда ад 1 лістапада мінулага году, згодна з якім я асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Шчыра кажучы, такога павароту падзей не чакаў, бо, па маёй інфармацыі, паміж беларускімі ўладамі і еўрапейскім чыноўнікамі была дамоўленасць — прысуд па маёй справе не адмяняецца, але пакарання не будзе. Але зараз усім бачна, чаго вартыя такія дамоўленасці і абяцанні беларускіх чыноўнікаў. Калі патрэбна, то яны кажуць еўрапейцам неабходныя словы, але кошт такім словам – нуль!
— Вы без лекаў патрапілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў?
— Так, але кіраўніцтва адной з амбасад у Беларусі паклапацілася пра тое, каб мне перадалі лекі ў камеру. У любы момант мог здарыцца гіпертанічны крыз, затрыманні і адбыццё пакаранне – гэта заўсёды стрэс. Да гэтага нельга прызвычаіцца. А як па-іншаму, калі ты ідзеш па вуліцы, а на цябе налятаюць людзі ў цывільным, хапаюць, цягнуць у РУУС, затым кідаюць за краты? Але, калі ёсць лекі, то гэта дазваляе перанесці стрэс больш-менш спакойна.
– Вы адсядзелі амаль 5 сутак, але ж па прысуду павінны былі дзесяць. Астатнія суткі вам пакінулі “да лепшых часоў”?
– Вось тут у мяне ўзнікае шмат пытанняў. Калі прысуд ад 1 лістапада справядлівы, і я злачынец, то якога ражна мяне выпусцілі раней часу? А калі ён несправядлівы, то якога ражна мяне пасадзілі? Акрамя таго, атрымліваецца, што на мне “вісяць” яшчэ 5 сутак адміністрацыйнага арышту. І кожны дзень я вымушаны хадзіць ды азірацца па баках.
Думаю, гэта зроблена ўладамі свядома. Ім галоўнае на ўсіх ціснуць – на палітыкаў, журналістаў, на паэтаў, працоўных і студэнтаў. Улада імкнецца прыціснуць грамадства для таго, каб людзі сядзелі ціха-ціха. Але тут, як кажуць, і хочацца, і колецца. Бо з аднаго боку ёсць вялікая спакуса надаваць усім па галаве дручкамі і кінуць людзей за краты, а з іншага – маюцца абавязкі перад еўрапейскімі партнёрамі. Але ж прырода беларускіх ўладаў такая, што яны спачатку нешта зробяць, а пасля думаюць. Што б змянілася, каб дазволілі шэсце? Нічога, толькі ўсім было б лепш – і для ўлады, і для дэмакратычнага руху. Але да такіх паводзін улады пакуль не гатовыя.
Крыніца: Уладзімір Някляеў: Кіраўніцтва адной амбасады паклапацілася пра тое, каб мне перадалі лекі ў камеру