Былыя фігуранты справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў у судзе. Фота: БеалаПАН. Суд Маскоўскага раёну Мінска пачаў 27 сакавіка разгляд калектыўнай скаргі чатырох фігурантаў «справы аб масавых беспарадках» да Мінфіна аб кампенсацыі імаральнай шкоды, нанесенай ім незаконным затрыманнем ці ўтрыманнем пад вартай працяглы час. Гэта было першае паседжанне па справе, падчас якога суд выслухаў абодва бакі. Наступнае судовае паседжанне прыўначанае на 3 красавіка.

Былыя фігуранты справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” Андрэй Дундукоў, Віктар Мароз, Сяргей Стрыбульскі і Віктар Данілаў накіравалі калектыўны пазоў у суд, у якім просяць кампенсаваць маральную шкоду, атрыманую ў выніку незаконнага затрымання, прыцягнення іх у якасці абвінавачаных, утрымання пад вартай, а таксама прымянення падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Адказнікам у справе выступае Міністэрства фінансаў.

У сваім пазове былыя фігуранты справы “Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” спасылаюцца на артыкулы 939 і 968-970 Грамадзянскага кодэксу РБ, якія прадугледжваюць пакрыццё маральнай шкоды за кошт дзяржаўнай казны незалежна ад віны таго, хто нанёс шкоду. Пазоўнікі лічаць, што яны мусяць атрымаць грашовую кампенсацыю, бо ўвесь той час, які правялі за кратамі, а таксама пасля вызвалення адчувалі вялікія маральныя пакуты. Так, адзін з пазоўнікаў Сяргей Стрыбульскі кажа, што вырашыў дамагацца кампенсацыі менавіта з-за сваёй трывогі за блізкіх, сяброў і з-за іх перажыванняў за ягоны лёс. Былы фігурат гучнай справы больш за ўсё шкадуе пра скрадзены час. Таксама пазоўнікі звязваюць свае маральныя пакуты з пачуццём прыніжэння гонару і годнасці ў выніку дыскрэдытацыі ў дзяржаўных СМІ, з пачуццём прававой неабароненасці, з прымяншэннем для некаторых з іх сацыяльнага і прафесійнага статусу і г.д.

Перад пачаткам судовага паседжання суддзя Вольга Гусакова забараніла весці фота і відэаздымкі.

Яны праз адваката запатрабавалі, каб у суд быў прадстаўлены зневажальны прапагандысцкі ролік „Белы легіён чорных душ“, паказаны на БТ, прычым яшчэ да прад'яўлення ім афіцыйнага абвінавачвання. Суд задаволіў гэтае хадайніцтва.

Пад час свайго выступу ў судзе адзін з пазоўнікаў Віктар Данілаў распавёў, як у Мінску, на вуліцы Маякоўскага, быў падвергнуты нападу групы асобаў, якія ударылі па галаве ззаду і запхнулі ў аўтамабіль. Там яго звязалі, а на галаву апранулі чорны непразрысты мех. Усяго за кратамі Віктар Данілаў прабыў каля 100 дзён, а потым амаль 5 месяцаў быў пад падпіскай аб нявыездзе.

Прыкладна гэтак жа распавядалі і іншыя пазоўнікі. Яны падкрэслівалі, што яны і іх сем’і вынеслі шмат пакутаў і перажыванняў за блізкіх, пацярпелі ад невядомасці, у якой апынуліся за кратамі. Многія страцілі працу, альбо кліентаў. Сваю маральную шкоду яны ацанілі па 100 тысяч рублёў.

Пазоўнік Сяргей Стрыбульскі распавёў, што падчас затрымання супраць яго ўжылі электрашокер, а знаходзячыся ў зняволенні ў яго істотна пагоршыўся зрок.

 Суддзя Вольга Гусакова. Фота: БелаПАН.

Выступіў таксама і прадстаўнік Міністэрства фінансаў Дзяніс Каляда. Менавіта гэтае ведамства, а не КДБ, згодна з заканадаўствам, павінна будзе выплаціць маральную кампенсацыю, у выпадку прызнання судом права на яе.  

Каляда заявіў, што згодна з КПК права на кампенсацыю спачатку павінен прызнаць той орган, які вёў займаўся расследваннем крымінальнай справы. Аднак такое прызнанне пакуль не прагучала не ад прадстаўнікоў КДБ, ні ад Следчага камітэта. Дзяніс Каляда адхіляе пазоў.

Нагадаем, крымінальная справа "Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" (ч.3 арт.293 КК) была распачатая КДБ напярэдадні акцыі 25 сакавіка 2017 года. У межах яе былі затрыманыя больш за 30 асобаў, якія ўтрымліваліся ў следчых ізалятарах КДБ і МУС, паступова частка з іх была вызваленая з-пад варты і крымінальны пераслед супраць іх быў спынены, а 16-ці фігурантам было прад’яўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК - "Аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. На момант, калі за кратамі заставаліся 14 фігурантаў справы, СК паведаміў, што прыняў да вытворчасці справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання, а крымінальны пераслед тых жа асобаў на падставе ч.3 арт.293 КК КДБ спыніў. 

Пасля з’яўлення інфармацыі пра катаванні ў СІЗА КДБ праваабарончыя арганізацыі Беларусі запатрабавалі вызвалення з-пад варты ўсіх фігурантаў гэтай крымінальнай справы. 27 - 30 чэрвеня, у сувязі са зменай меры стрымання на падпіску аб нявыездзе, з-пад варты былі вызваленыя ўсе 14 абвінавачаных па крымінальнай справе аб арганізацыі незаконнага ўзброенага фармавання, якія заставаліся ў следчых ізалятарах. 27 лістапада Следчы камітэт спыніў крымінальны пераслед ўсіх фігурантаў справы па арт. 287 КК РБ. 

Крыніца: Мінфін не жадае выплочваць кампенсацыю маральнай шкоды. Што скажа суд?