10.08.2024 Тэгі: праваабаронцы, рэпартаж Праваабарончы цэнтр “Вясна” прыняў удзел у кірмашы беларускіх арганізацый і ініцыятыў, а таксама рамеснікаў і рамесніц RADA Market, які традыцыйна праводзіцца напярэдадні Міжнароднага дня моладзі. Мерапрыемства прайшло 10 жніўня ў Віленскім тэатры "Vilniaus klasika".
У гэтым годзе на кірмашы былі прадстаўленыя як даволі вядомыя, так і зусім новыя арганізацыі і ініцыятывы, сярод якіх “Умовы для мовы”, фонд беларуской салідарнасці BYSOL, арганізацыя народнай адукацыі “Актыўным Быць Файна” (АБФ), праваабарончы цэнтр “Вясна”, Задзіночанне беларускіх студэнтаў ЗБС, моладзевая арганізацыя “Іншыя”, “Вольныя паштоўкі”, “Гэта База”, беларуская наркафем ініцыятыва "Дарэчывы", выдавецкая ініцыятыва “Мяне няма”, МОВА 404, “Тэндар на гендар” і іншыя.
Майстар-класы, дабрачынны аўкцыён, інтэрактывы і стэндапы, знаёмствы з новымі людзьмі і сустрэчы з даўнімі, стварылі непаўторны каларыт на мерапрыемстве, арганізаваным Беларускім нацыянальным моладзевым саветам РАДА.
Другі год запар у кірмашы беларускіх арганізацый і ініцыятыў бярэ ўдзел Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Праваабаронца "Вясны" Марына Кастылянчанка распавядае, што на гэты раз арганізацыя падрыхтавала для наведвальнікаў мерапрыемства:
“Мы прадстаўляем на кірмашы праваабарончы цэнтр “Вясна”, удзельнічаем ужо другі раз. Сёлета прапаноўваем шэраг актыўнасцяў для ўдзельнікаў мерапрыемства, у прыватнасці, у нас ёсць Бінга рэальнага чалавека, дзе кожны можа адзначыць тыя пункты, якія яму падыходзяць і атрымаць невялікі падарунак. Таксама падрыхтавалі адмысловую скрынку-картатэку, у якой сімвалічна змешчаны інфарматары і інфарматаркі “Вясны”, зразумела, што тут прысутнічае гумар. Яшчэ прадстаўляем на мерапрыемстве цікавую праваабарончую гульню, якая складаецца з шэрагу пытанняў і розных бонусных кнопак. Калі ахвочы пройдзе гульню ад старту да фінішу, то яго чакае адмысловы падарунак. Пытанні – нескладаныя і звязаныя з тым, як можна звяртацца ў “Вясну”, якія службы у нас ёсць, што можна, напрыклад, дасылаць палітвязням у пасылках, альбо аб тым, пра што нельга пісаць у лістах. Гульня атрымалася з агульнаадукацыйным праваабарончым ухілам.
Жадаючым мы распавядаем не толькі пра нашыя магчымасці, але і пра тое, што за кратамі знаходзяцца нашыя калегі-праваабаронцы. Мы падрыхтавалі розныя інфармацыйныя матэрыялы пра іх, якія ахвотна разбіраюць".
Каля стэнда абаронцаў беларускай мовы Ігара Случака і Аліны Нагорнай – шматлюдна. Яны прапаноўваюць і рэкламуюць свае выданні.
“Мы ўдзельнічам у RADA Market, каб распавесці людзям аб тым, што адбываецца з беларускай мовай у Беларусі. Мы прыйшлі сюды са сваімі кнігамі, мая – “МОВА 404” уяўляе сабой рэальныя гісторыі людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай у Беларусі. Таксама прадстаўляем кнігу Ігара Случака “Дзесяць стагоддзяў дыскрымінацыі беларускай мовы”. Маем таксама цікавыя стыкеры. Жадаючым прапануем таксама паглядзець фотавыставу па маёй кнізе і карыстаючыся магчымасцю я запрашаю на цікавае мерыпрыемства 19 жніўня ў “Павільёнасе”, дзе мы пакажам відэа па маёй кнізе, там выступіць Лявон Вольскі, а таксама пагутарым пра беларускую мову”, – распавяла Аліна Нагорная.
Таксама на RADA Market прайшоў дабрачынны аўкцыён з Мікітам Бялевічам. Сабраныя сродкі будуць накіраваныя на збор “Збяром у садок і школу дзяцей палітвязняў”.
Крыніца: Кірмаш RADA Market: выдатная магчымасць для прэзентацыі беларускіх арганізацый і ініцыятыў