09.08.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, умовы ўтрымання Падчас прысуду Віктар Панцялееў усміхаўся. Мужчыну асудзілі на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у паслявыбарчай акцыіі пратэсту ў Брэсце 9 жніўня, а затрымалі 18 жніўня 2020 года. Свой тэрмін Віктар адбыў у папраўчай калоніі № 15 да канца і цяпер, у гадавіну падзей, падзяліўся сваёй гісторыяй з "Вясной": пра тое, як змяняўся стаўленне супрацоўнікаў у пачатку пратэстаў і пазней, пра тое, як распісаўся ў СІЗА са сваёй дзяўчынай, пра 113 сутак ШІЗА ў калоніі, бясконцых "парушэннях" і салідарнасці.

pancialeeu.jpg
Віктар Панцялееў

Дапамога былому палітвязню Віктару Панцялееву пачаць новае жыццё ў Польшчы пасля 4 гадоў калоніі

"Я не быў гатовы да пераезду ні маральна, ні фінансава. Мне ўдалося сабраць толькі невялікі заплечнік з дакументамі і зменную вопратку. На момант эвакуацыі ў мяне нават не было візы. Я апынуўся ў Польшчы і падаў заяву на міжнародную абарону, але без легалізацыі дагэтуль не магу знайсці добрую працу".

Затрыманне: "Машына з малочнай прадукцыяй так і засталася стаяць на стаянцы"

Віктар Панцялееў удзельнічаў у акцыях пратэсту ў Брэсце, якія пачаліся 9 жніўня 2020 года. А затрымалі яго 18 жніўня. У гэты момант ён быў на працы.

"Я быў кіроўцам на грузавым аўтамабілі, — успамінае Віктар. — Стаяў на краме — і пад'ехала машына з ГУБАЗам, выйшлі чатыры чалавекі, пачалі кідацца, пагражаць, скакаць у машыну. А я перавозіў малочную прадукцыю — і не мог проста так машыну пакінуць. І шляхам спрэчак я паехаў на сваёй машыне да Следчага камітэта. У СК мне паказвалі фотаздымкі, пыталіся, ці я на іх. Я адмаўляў, што гэта я. У выніку мае адмаўленні ні да чаго не прывялі. Прасядзеў я там з 8 раніцы да 18 вечара. Потым мяне адвезлі ў брэсцкі ІЧУ. Машына з малочнай прадукцыяй так і засталася стаяць на стаянцы, я паспеў патэлефанаваць свайму начальніку і папярэдзіць пра сітуацыю. Яны правялі ў гэтай машыне ператрус. Не ведаю, што яны там шукалі. Гэта было без дакументаў: яны забралі ў мяне тэлефон і ключы — і палезлі ў машыну самі".

Брэсцкі ІЧУ. "Я зраблю так, што твая мама будзе плакаць"

Віктар Панцялееў нагадвае, што падчас ягонага затрымання ў жніўні 2020 года "рух яшчэ быў жывы", а людзі актыўна выходзілі на вуліцы. Таму супрацоўнікі брэсцкага ІЧУ ставіліся да затрыманых па палітычных матывах з насцярожанасцю:

"Адтуль мы верылі ў тое, што нешта зменіцца і пераменіцца. Што мы можа ўсё ж такі выйграем у той момант. Яшчэ не было такіх жорсткіх умоў, як цяпер людзі кажуць: што не даюць матрацаў, будзяць — такога ў нас не было. Яны з асцярогай да нас ставіліся. Але ўсё роўна былі такія моманты, што і пагражалі корпусныя, былі і расцяжкі спецыяльныя. Як яны казалі, гэта ў іх у заканадаўстве было прапісана — але ніхто пра гэта не ведае... Калі ідзеш да сцяны — то расцяжка. На шпацыр не вадзілі.

Мы ўвесь час знаходзіліся ў камеры. Гэта былыя падвалы — волкасць, жоўтае і цёмнае святло, такое брыдкае. Усе матрацы смярдзючыя, усё вільготнае. Умовы жудасныя. Не для людзей".

У брэсцкім ІЧУ былы палітвязень прабыў трое сутак. А на другія суткі да яго прыходзіў начальнік групы з ГУБАЗіК.

"Ён мне пагражаў: "Я зраблю так, што твая мама будзе плакаць. Ты павінен прызнацца". Я нічога яму не казаў.

Маю маму падмануў следчы. На другія суткі ў ІЧУ, пасля ГУБАЗа, ён прыйшоў да мяне і кажа: "Паведамі нумар мамы — я патэлефаную, каб яна рэчы прынесла", каб мяне адпусцілі дадому. Я даў нумар мамы, ён патэлефанаваў ёй, сказаў, каб прынесла мне рэчы — штаны, байку. Мама прынесла, чакала мяне. Бо я быў затрыманы ў шортах і майцы — а ў СІЗА шорты і майкі забароненыя. Па выніку мне ўсё гэта выдалі, і ніхто мяне нікуды не адпусціў. Я яшчэ прасядзеў суткі, не разумеючы, што адбываецца".

А на наступныя суткі Віктара павезлі ў СІЗА № 7 горада Брэста.

СІЗА № 7 горада Брэста. "Большасць падследных падтрымлівалі нас"

Там былы палітвязень правёў амаль 11 месяцаў.

"Спачатку мяне змясцілі аднаго ў камеру. Былі такія размовы з мянтамі: кожны прыходзіў і чымсьці цікавіцца — маё стаўленне да таго, што я здзейсніў. Былі пагрозы з боку "зампорора" (намеснік начальніка калоніі па рэжымна-аператыўнай рабоце) накшталт ён з намі яшчэ паквітаецца, мы яму сапсавалі нешта, што яго супрацоўнікі баяцца праз нас хадзіць на працу.

У СІЗА большасць падследных падтрымлівалі нас: казалі "малайцы". Не было такога, каб людзі негатыўна размаўлялі пра тое, што адбывалася. Усе абсалютна верылі, што нешта здарыцца. Таму што па радыё мы кожны дзень слухалі пра затрыманні, пра выхады, пра велізарныя масы людзей, якія хадзілі і дамагаліся праўды".

Умовы ўтрымання Віктар апісвае як дрэнныя — і падобныя на ІЧУ.

"Волкасць, мінімальная вентыляцыя, вокны ёсць — але яны як падвальныя: як яма, у ёй акно, а зверху краты".

Супрацоўнікі былі розныя. Сярод іх — і тыя, хто "проста выконваў сваю працу". Але былі і такія, якія ненавідзелі, як кажа экс-палітвязень:

"У мяне праз аднаго прафулік быў. Ён быў супрацоўнікам рэжымнага аддзела, і ў яго была мянушка "сямімесячны", таму што ён быў маленькі і худы, як быццам неданошаны. Ён быў адзін з такіх заўзятых праціўнікаў, які нас ажно ненавідзеў. Увесь час яму хацелася нешта нам [дрэннае] зрабіць. Але ў сілу таго, што рух жыў яшчэ і даволі моцна, то ім не асабліва [гэтага] давалі.

Яны разменьваліся на дробязях. Да прыкладу, была сітуацыя: лета 2021 года. Была спякота +35 градуса на вуліцы. А так як там вокны, за імі жалюзі і краты, то паветра мала праходзіла. І была размова з адміністрацыяй аб тым, каб купіць вентылятар і паставіць, бо немагчыма было знаходзіцца. Адміністрацыя нібыта пайшла на саступкі, паведаміла сваякам. Праз тры-чатыры дні сваякі даслалі нам вентылятар — а на наступны дзень яго забралі. На пытанне: "Чаму?" яны сказалі: "Тэмпература спала, цяпер не 35, а 33 градусы. Усё, ужо не паложана".

2pisma_politzakliuchennyh_2020_bg.jpg
Ліст Віктара Панцялеева з СІЗА № 7. Фота: Брэсцкая газета

Віктар сцвярджае, што аднойчы яму ў красоўкі падсунулі лязо.

"І гэта было перадумовай да таго, каб мяне пасадзіць у карцар. Бо я спрабаваў адстойваць свае правы, таму што нам не паказвалі правілы ўнутранага распарадку, мы не ведалі, ці праўду нам кажуць ці непраўду пра тое, што нельга ляжаць і займацца спортам. Мы ўвесь час качалі правы свае. Я не ведаю, можа ім здалося, што я больш за ўсіх гэта рабіў... Але такі факт: нас пераводзяць у іншую камеру, мы заходзім, рассцілаемся, усе рэчы пераносім. Праз пару гадзін прыходзяць супрацоўнікі і выганяюць нас з камеры, кажуць: "Ператрус". Мы тлумачым, што мы толькі засяліліся. Яны ўсё роўна нас на 40 хвілін выводзяць у падвальнае памяшканне, мы там стаім тварам да сцяны. Праз 40 хвілін нас заводзяць назад. І тры чалавекі — мяне і яшчэ двух — выклікаюць на асабісты дагляд. Я прыходжу.

Толькі потым да мяне дайшло, чаму менавіта гэтыя тры чалавекі: у нас былі ва ўсіх чырвоныя красоўкі. Мабыць, яны засумняваліся, у які менавіта красовак яны паклалі лязо. Мы прыходзім. Супрацоўнік адразу бярэ мой красовак, не гледзячы ні на што, і дастае адтуль з-пад вусцілкі два ляза брытвы: "Тваё?! Усё, рапарт напішу!" Я кажу, што гэта не маё, мне падкінулі, і, хутчэй за ўсё, гэта вашае. Мяне выводзяць на пакаранне да начальніка ўстановы, я яму спрабую растлумачыць сітуацыю, мяне ніхто не слухае. І на наступны дзень мяне закрываюць у карцар на 10 сутак".

Карцар у СІЗА № 7, паводле апісанняў Віктара, уяўляе сабой памяшканне два з паловай на два з паловай крокі. У ім змяшчаліся туалет у выглядзе дзіркі ў падлозе і адкідная нара, маленькі столік і маленькі зэдлік.

"Такое ж цьмянае жоўтае святло, сцены былі выбеленыя пабелкай, яны былі шурпатыя, што да іх не дакрануцца. Вокнаў там не было — была вентыляцыя. І з гэтай вентыляцыяй пастаянна ў дзевяць гадзін вечара яны пачыналі двухгадзіннае праветрыванне. А мяне пасадзілі восенню 2020 года. Ужо даволі было халаднавата па вечарах. І яны, калі праветрывалі да 23 гадзін, то з гэтай вентыляцыі ўсё на мяне ішло. Можна сказаць, што я зачапіў трошкі з ныркамі праблемы... Можа быць ад гэтага".

Віктара Панцялеева садзілі ў карцар на пяць сутак таксама за канфлікт з супрацоўнікам, якога называлі "сямімесячным".

"Ён абазваўся на мяне на прадоле, я развярнуўся і спытаў: "Што ты сказаў?!" — і пайшоў на яго. Ён адскочыў і націснуў на трывожную кнопку — і гэта было расцэнена як напад на супрацоўніка. У мяне за гэта прафулік быў. А на чацвёрты ці на пяты дзень мне прысвоілі прафулік, не ведаючы пра мяне нічога: "экстрэмісцкая ды іншая дэструктыўная дзейнасць", потым мне далі другі гэты прафулік: "схільны да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю і праявы агрэсіі". Гэта азначала, што я хадзіў па ўсіх прадолах — любое маё перамяшчэнне па СІЗА было ў кайданках".

Каханне. "Я не думаў, што такая падтрымка наогул магчымая"

У красавіку 2021 года ў СІЗА Віктар распісаўся са сваёй дзяўчынай Яўгеніяй.

newesta_sizo_brest_27042021_polichuk_bg.
Яўгенія падчас вяселля. Фота: Брэсцкая газета

"Мы на момант маёй пасадкі былі ў сварцы. Потым Яўгенія мне напісала ліст у СІЗА, у нас атрымаліся зносіны. Пачалі ўзгадваць старое, пачуцці вярнуліся. І я прыняў рашэнне, што нам лепш распісацца, таму што такога чалавека не хочацца губляць, які ў любую сітуацыю цябе падтрымае, і дапаможа і словам, і справай. Яна ўвесь час насіла мне перадачы, пісала лісты, была велізарная падтрымка. Як і з яе боку, так і з боку валанцёраў, якія мне пісалі з пытаннем, чым дапамагчы — я адказваў: "Дапамажыце маёй дзяўчыне (на той яшчэ момант)". Я не думаў, што такая падтрымка наогул магчымая! Кожны дзень былі пасылкі, кожны дзень пасылалі грошы, хтосьці нешта насіў, пісаў. І дапамагаў маёй той момант будучай жонцы".

Суд. "Смяяліся таму, што за намі праўда была"

Падчас прысуду Віктар Панцялееў ды іншыя суджаныя па справе "масавых беспарадкаў" у Брэсце смяяліся.

Политзаключенные по делу
Палітвязні на прысудзе 21 траўня 2021 года

"Мы шмат абмяркоўвалі і з сябрамі, і з роднымі, чаму мы смяяліся. Смяяліся таму, што за намі праўда была. Мы не баяліся гэтага зняволення, мы ішлі, ведаючы, куды, ведаючы, на што. Можа быць хтосьці і не меркаваў, што гэта ўсё скончыцца турэмным тэрмінам, але ва ўсялякім выпадку ўсе былі да гэтага гатовыя. Страшна не было. Зразумела, што мы прысутнічалі на цыркавым прадстаўленні — як там не пасмяяцца?

Чаму цыркавое? Таму што ўсё было шаблонна, усё было аднолькава, як і ва ўсіх. Довады адвакатаў ніхто не слухаў, довады пракурораў — праўдзівыя. Міліцыя не можа і не мае права хлусіць,таму гэта было даволі смешна".

Падчас судовага працэсу сведкі-міліцыянты былі залегендаваныя, а імёны, якія яны выкарыстоўвалі, былі ў тым ліку з серыяла "Убойная сила" — напрыклад, Вася Рогаў.

У выніку Віктара Панцялеева асудзілі на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Этапаванне. "Толькі палітычныя ў кайданках і перасоўваліся"

Перамяшчэнне на судовыя пасяджэнні Віктару не падабалася:

"Нас вадзілі як тэрарыстаў нейкіх. Такая ёсць пастава ў іх — называецца "ластаўка", гэта значыць табе рукі закручваюць уверх, тварам уніз. Людзей, якія сядзяць у турме на пажыццёвым за асабліва цяжкія злачынствы — вось іх таксама так праводзяць. Хоць мы былі яшчэ падследныя, а не асуджаныя... Я лічу, што наогул гэта незаконна менавіта так вадзіць людзей на суды, якія нават яшчэ і прысуд свой не атрымалі.

Нас вадзілі на трэці паверх у такой позе, цэлым канвоем: па два чалавекі за рукі бралі, з аднаго і з другога боку, тварам у падлогу. Кайданкі нам здымалі толькі тады, калі нас прыводзілі ў залу суда і закрывалі ў так званы "акварыум".

Стаўленне таксама было такім... Ужо тады сціхалі ўсе пратэсты, і ўжо стаўленне ў іх трошкі пачало да нас узмацняцца. Напрыклад, мы спрабавалі абурацца — і на ўсе абурэнні яны пісалі рапарты на нас. Многія нават і сядзелі ў карцэры за тое, што абураліся.

Кармілі таксама як быдла паміж перапынкамі ў зале суда, наколькі нам было вядома, яны павінны былі вазіць на абед у СІЗА. А нас зачынялі ў маленькія кабінкі, супрацоўнікі нам накладвалі ежу, не маючы сто адсоткаў санітарнай кніжкі. Адпаведна, мы часта адмаўляліся ад гэтай ежы. А яны казалі: "А, ну адмаўляецеся, значыць будзеце да суда сядзець" у гэтай маленькай камеры, закрытай пад жалезныя дзверы, у кайданках".

Этапаванне з СІЗА № 7 горада Брэста ў СІЗА № 6 горада Баранавічы Віктар успамінае так:

"Нас выводзяць у этап-пакой, абшукваюць, забіраюць у нас усе прыборы: запальніцы, запалкі, кіпяцільнікі, у каго былі электрабрытвы — гэта значыць усё практычна забіраюць. Апранаюць кайданкі — і ў іх прымушаюць несці рэчы ў аўтазак. У ім ты і едзеш, у маленькіх "стаканах" гэтых ты стаіш, а ў цябе тры-чатыры сумкі, нарыхтаваныя ў зону ўжо. І вось усе гэтыя сумкі ты нясеш у кайданках.

Калі мы прыехалі на цягнік, то з аўтазака трэба спусціцца ў кайданках са сваімі рэчамі — тады на цябе крычаць: "Хутчэй, хутчэй". Ты заходзіш у "сталыпінскія вагоны" і ў гэтым цягніку табе не здымаюць кайданкі — цябе закрываюць у гэтае купэ пад краты. Толькі палітычныя ў кайданках і перасоўваліся".

СІЗА № 6. "Калі куты падушкі не супадаюць, то ты атрымліваеш рапарт"

У СІЗА горада Баранавічы Віктар прыбыў а пятай раніцы.

"Нас зачынілі ў этап-пакой — ён там страшны, там як быццам вайна была, гранаты выбухалі, усё забітае, зноў жа волкасць, тонкія лаўкі амаль згнілыя.

Баранавічы былі нашмат больш жорсткімі, бо адрозніваліся УДВП [Упраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў] — баранавіцкі УДВП быў нашмат больш жорсткім, чым брэсцкі".

СИЗО города Барановичи, где также отбывают арест задержанные по ст. 23.34 КоАП
СІЗА горада Баранавічы

У Баранавічах Віктар прабыў два тыдні.

"Ёсць такія моманты, да прыкладу запраўленне ложкаў. Калі ў брэсцкім СІЗА проста нацягвалася прасціна і клалася падушка, то ў баранавіцкім СІЗА коўдру-палутарку складвалі ў тры разы, і атрымлівалася такая прастакутная палоска доўгая, яна клалася па цэнтры ложка, гэтак жа рабілася з прасцінай — і яна клалася крыжам ад ложка. І потым бралася падушка, і з кожных куткоў па падушцы павінны былі супадаць куты. Калі куты не супадаюць, то ты атрымліваеш рапарт, і вялікая верагоднасць, што людзі траплялі ў карцэр за гэта. І быў выпадак — гэта было з маім падзельнікам: яны адмовіліся запраўляць так ложкі, і на іх выклікалі мясцовую групу захопу (гэта людзі ў незразумелай форме, у масках і са шчытамі, з дубінкамі) — яны забягалі ў камеру і проста ўсіх білі па нагах. Гэта было на маім продоле, і я гэта чуў. Потым ужо на этапе нам распавялі людзі, якія непасрэдна ў гэтай камеры знаходзіліся.

На шпацыры выводзілі так: па адным з камеры выходзіш, прысядаеш на продоле на кукішкі. А ты прысаджваешся, рукі за спінай, у кайданках, і нават калі ты губляеш раўнавагу, ніхто табе не дапаможа. А калі ты і страціў раўнавагу (былі выпадкі) адразу пачынаецца крык: "Устаць! Чо, сядзець не можаш?!" Потым падымаюць і вядуць на шпацыр".

Віктар сядзеў у старым корпусе СІЗА, у 103-й камеры. Яе былы палітвязень апісвае як страшную.

"Іржавыя краты, пабітыя падлогі. Уся камера проста забітая спрэс. Там нічога жывога няма, там відаць сем слаёў фарбы, і абавязковая праграма ў іх была — гэта гадзіна прыборкі ў камеры. А ты на гэтую камеру глядзіш — там прыбіраць сапраўды проста няма чаго. Нават калі пачынаеш прыбіраць пыл, які знаходзіцца на шконках, то злазіць фарба. Але прымушалі так рабіць. Адмова — атрымліваеш рапарт.

На той момант я яшчэ курыў. І мне напісалі рапарт. Атрымліваецца, дазволена было паліць толькі на прыбіральні. Яна агароджаная дзесьці па пояс. І трэба было на баку прыбіральні паліць. Я стаяў там курыў, і адна нага ў мяне высунутая была непасрэдна ад прыбіральні. І хтосьці з супрацоўнікаў на відэакамеры зрабіў скрыншот, і мяне паклікаў рэжымнік і сказаў: "На цябе рапарт склалі за тое, што ты курыў у неналежным месцы". Я кажу: "Такога быць не можа", але ён мне паказвае скрыншот, дзе ў мяне проста нага высунулася ледзь-ледзь.

А прыбірацца там не было неабходнасці. Як яны казалі: "Не хочаце прыбірацца — стварайце выгляд". Гэта значыць ты павінен сесці і адзін слупок праціраць гадзіну. Для чаго гэта зроблена, я не ведаю".

Па дарозе ў калонію. "Мы не ведалі, у якую ПК едзем"

Затым Віктара Панцялеева этапавалі ў турму Гродна. Этап быў такім жа: у кайданках і "сталыпінскіх" вагонах.

"У Гродна мы прыехалі — нас зноў жа змясцілі ў маленькую камеру, мы там прасядзелі гадзін шэсць у цеснаце і духаце, там спякота была страшная. Пасля нас вызначылі ў "амерыканку": восем чалавек у камеры на пяць чалавек, нас туды засунулі, яна ўяўляе сабой нібыта вагон купэ, толькі яшчэ тры метры наперад для прыбіральні і маленькай шафкі з рукамыйніцай. Прасядзелі мы там двое сутак.

Пасля нас перавялі ў "бастыён" — так называецца ў іх "асноўнае СІЗА". Там вялікія камеры. Я там, напэўна, прабыў тыдзень. І мы паехалі ў магілёўскае СІЗА, там мы былі некалькі гадзін, і ўжо там было размеркаванне непасрэдна ў папраўчую калонію. Да Магілёва мы не ведалі, у якую ПК едзем".

ПК № 15. "Усе палітычныя былі як шчыт для звычайных зэкаў"

Папраўчую калонію № 15 Віктар называе не інакш як "канцлагерам".

"З шалёным начальнікам калоніі — гэта Лазарэнка Аляксей Валер'евіч, які, напэўна, лічыў сваім абавязкам здзекавацца і палохаць. Калі ён крычаў, у яго вачах была асалода. Маё прыбыццё адразу ж туды было такім: я, нават не патрапіўшы на каранцін, ужо трапіў у ШІЗА на 10 сутак. Ні за што — яны проста так вырашылі. Аператыўнікі накаталі хуценька рапарт, мяне ніхто не слухаў, і мяне і яшчэ дваіх павялі адразу ж у ШІЗА.

У начальніка калоніі быў фетыш пастаянна караць людзей, асабліва палітычных — ён з нянавісцю ставіўся да нас. І шмат супрацоўнікаў гэтак жа. Яны і пагражалі. Гэта значыць было як: калі няма за што пакараць, яны прыдумлялі рапарт. Так як ПУР [правілы ўнутранага распарадку — заўв.] прыдуманыя так, што яны толькі трактуюцца ў іх бок. І парушэнні дарма выдумляліся.

Да прыкладу, вось мае парушэнні. Другое, якое ў мяне было: я працаваў на прамзоне, да мяне прыходзіць супрацоўнік, забірае мяне з прамзоны і вядзе ў размяшчэнне (жылыя памяшканні), правярае ў мяне сумку дасканала (а каб вы разумелі, яны пісалі рапарты нават, калі не хапае адной цыгарэткі — і за гэта ездзілі ў ШІЗА). Ён не знаходзіць у мяне парушэнняў па сумцы, ён ідзе глядзіць мой ложак — і не знаходзіць парушэнняў па ложку, не знаходзіць і па тумбачцы. Ён пытаецца ў мяне даклад — і не можа знайсці парушэння ніякага. Вядуць мяне ў кабінет. Я заходжу туды і па рэгламенце раблю даклад. Ён пачынае са мной размаўляць — і кажа: "Сядай, пішы паперу. — "Што пісаць?" — "Ну, пішы шапачку: начальніку ПК..." — Я пытаюся: "Так што здарылася?" — "Нічога не здарылася, зараз напішаш і пойдзеш. Там заява". Я саджуся на кукішкі, спіной да дзвярэй і пачынаю пісаць гэтую паперу. А ён выходзіць з кабінета, затым заходзіць назад і кажа: "Ой, а што гэта, так ты што, не прадставіўся?" — і здымае на відэакамеру гэта ўсё. Я кажу: "Так я не бачыў, я ж пішу дакумент сяджу". — "Не, ты мусіў устаць і прадставіцца, значыць пішы не заяву, а тлумачэнне" (а за кожны рапарт пішуцца тлумачэнні). Вось такое адно з дурных парушэнняў, якое там было.

А людзей закрывалі ў ШІЗА проста за дробязі, і самае цікавае, што ўсе палітычныя былі як шчыт для звычайных зэкаў, якія там знаходзіліся. Гэта значыць, у першую чаргу калі прыходзілі правяраць у спальныя памяшканні, то правяралі непасрэдна палітычных. Так як нас было шмат, то часу ў іх хапала толькі на нас, астатнія жылі і не мелі такіх пытанняў. Зэкі, што былі асуджаныя паводле розных артыкулаў (гэта значыць, без уліку палітычных) нас здавалі, правакавалі на размовы. Да прыкладу, мяне і таварышаў — мы неяк размаўлялі, а адзін прыходзіць і да прыкладу: "Ну што там ваша Ціханоўская, будзе за вас тапіць ці не?" Ты пачынаеш з ім размаўляць, думаючы, што хлопец нядрэнны. А праз дзень ужо пра гэта ведаюць мянты, цябе прыходзяць, забіраюць, караюць і садзяць у ШІЗА".

Агулам Віктар адседзеў у ШІЗА 113 сутак.

Фото: politzek.me
Фота: politzek.me

"Промка". "Яны з гэтага рабілі нейкую пераплаўку гумавага друзу на стадыёны"

Першапачаткова Віктара змясцілі працаваць на швейную вытворчасць: прымушалі шыць рабочыя рукавіцы для людзей, якія займаліся ачысткай дроту. Тут Віктара зноў напаткала парушэнне:

"Мы трохі скаапераваліся з хлопцамі, прыдумалі план і выконвалі норму хутчэй за ўсіх, а далей і сядзелі нічога не рабілі. А быў там брыгадзір, ён прыраўнаваў мабыць ці падумаў, што мы хочам у яго ўладу забраць нейкую, і ён зрабіў мне падставу: пайшоў і распавёў міліцыі, што я хачу яго збіць. Мяне выклікалі да начальніка калоніі — той пачаў распускаць рукі, спрабаваць схапіць мяне за вуха, штурхаць, нагой біў па маіх нагах, крычаў: "Ты майго брыгадзіра хочаш збіць!" Я ўвогуле не разумеў, што адбываецца. Мне далі тады таксама 10 сутак ШІЗА, але, мабыць, яны потым разабраліся, таму што за такое можна і на крытую турму з'ехаць, калі гэта была б праўда. Але 10 сутак я прабыў за гэтае "парушэнне".

Пасля гэтага мяне перавялі на дрот — гэта значыць, мы былі ўсе палітычныя, шэсць чалавек. І для разумення карціны: дрот чысцяць прыкладна чалавек 150 на прамзоне ўсёй. З гэтых 150-ці чалавек 90 мусіць здаць 9 кілаграм чыстага провада. А астатнія мусілі здаць 3-4 кілаграма, таму што там трохі розніца была, які дрот чысціць. І мы, шэсць чалавек, усе палітычныя, на возе павінны былі гэтыя ўсе драты загрузіць, пасля мы збіралі гэты дрот і рэшткі ад яго. Мы везлі мяшок — яны з гэтага рабілі нейкую пераплаўку гумавага друзу на стадыёны. Вось такой працай мы займаліся".

Яшчэ адна "падстава", як кажа Віктар, была звязаная з навіной пра выбух на Крымскім мосце. За гэта палітвязень адбыў у ШІЗА яшчэ 10 сутак.

"Загадчык гаспадаркі пайшоў і распавёў начальніку калоніі, што пасля гэтага выбуху я стаяў са сваім асяроддзем, пляскаў у ладкі і крычаў на ўвесь ленпакой: "Малайцы". Нягледзячы на тое, што мяне на той момант нават не было ў атрадзе, ён пайшоў данёс гэта начальніку калоніі, нас усіх выклікалі і ўсіх пачалі дапытваць, мяне аднаго пакінулі і пачалі пад пагрозамі казаць: "Прызнавайся" — і яшчэ адну "дзясятку" я атрымаў за гэта".

Прычыну ўсіх сваіх астатніх пакаранняў Віктар бачыць у прыдуманых дробязях.

"Яшчэ адзін рапарт у мяне быў за парушэнне формы адзення: з самага пачатку нам выдавалі баваўняна-папяровую форму, падобную на джынсы, але не джынсы. І надышоў момант — я яе памыў. А яна мае ўласцівасць садзіцца. І я стаяў у сталовай, і мне супрацоўнік кажа: "Ты падшыў форму" (а я яшчэ на той момант на швейнай вытворчасці працаваў). — Я кажу: "Я яе памыў". — "Не, ты падшыў", і за парушэнне формы адзення мне рапарт выпісаў. І таксама мяне ніхто не стаў слухаць — і пасадзілі".

 ik-15-din.jpg

Памілаванне: "Для чаго гэта было зроблена — я не ведаю"

Віктару прапаноўвалі пісаць памілаванне. Гэта рабілі аператыўнікі.

"Яны выклікалі кожнага: "Будзеш пісаць памілаванне?" Калі ты адмаўляўся, пачыналіся пагрозы: кшталту, ты павінен напісаць ці будзеш пакутаваць увесь свой тэрмін. Потым прыязджалі пракуроры, гэтак жа выклікалі на гутаркі людзей. Шчыра, інфармацыі не скажу, колькі чалавек пісала, а колькі не. Але ёсць людзі, якія пісалі. Але ўсім адмоўлена было. А для чаго гэта было зроблена — я не ведаю. Але я з пракурорам асабіста не меў зносіны, мяне аператыўнік выклікаў".

Сам Віктар памілаванне пісаць адмовіўся.

Канфлікты з начальствам: "Палітычных нікуды не пускалі"

Начальнік калоніі палітычным, як кажа Віктар, па незразумелых прычынах забараняў наведваць кінатэатр (гэта актавая зала з праектарам і калонкамі, дзе паказвалі фільмы). Са стадыёнам — гэтак жа.

"Там яшчэ прымалі сонечныя ванны летам — гэта значыць усё па сектарах выходзілі на стадыён і загаралі. Палітычным таксама гэта зрабіць нельга было. Мы заставаліся ў атрадах, у гэтай чорнай робе ў +30 і сядзелі на лакальных участках, і нікога нікуды не пускалі".

Таксама Віктар успамінае пра канфлікт паміж актывам атрада.

"У аднаго з нашых адбыўся канфлікт адзін, пасля чаго начальнік калоніі прыдумаў такую цікавую штуку, што ўсе палітычныя ходзяць пасля "нізкага статусу" ў краму. І мянты зрабілі непрымальную рэч у гэтай установе, таму што, калі ты пайшоў ужо пасля, то цябе могуць спакойна "апусціць" у гэты статус: прымушаць мыць за зэкамі прыбіральні і рукамыйніцы. І начальнік калоніі прыдумаў так, што палітычныя павінны гэта рабіць. І самае што прыемнае было для мяне асабіста: першапачаткова ўсе адмаўляліся. Потым многія пайшлі. Але брэсцкія мае хлопцы ніхто не пайшоў. Нават нягледзячы на тое, што адзін на 20 сутак выехаў на ШІЗА, другі на трое, на пяць — у кожнага па-рознаму. Пагрозы — і ніхто не пайшоў, вось менавіта брэсцкія. У мяне аж гонар быў, у мяне нават цяпер мурашкі па скуры пайшлі, калі я гэта ўспамінаю".

ШІЗА ў ВК№ 15: "Зубная паста выціснутая ў пакет"

Штрафны ізалятар у папраўчай калоніі Віктар апісвае так:

"Таксама пакой, толькі не выдаюць спальных прыладаў ніякіх. Пакой халодны, нягледзячы на тое, што там стаіць батарэя, але яна проста жалезная — і ўсё гэтае цяпло проста выходзіць. Адкідныя нары, спіш на дошках, плітка, на шпацыр не выводзяць. Асобная форма — на спіне "ШІЗА" напісана, асобныя правілы. Распарадак дня мяняецца, каб паламаць трошкі чалавека, таму што калі ў звычайны распарадак дня ты прачынаешся ў шэсць раніцы і да дзесяці вечара не спіш, то ў ШІЗА — з пяці раніцы і да дзевяці вечара. То бок, гэта моцна збівае, калі ты жывеш паводле такога графіку. Пастаянныя недасыпанні, нервы... Знаходзішся пастаянна там адзін. З прадметаў асабістай гігіены там толькі зубная шчотка, зубная паста, якая выціснутая ў пакет, а не ў цюбіку, мыла, туалетная папера і вафельны ручнік".

Заключэнне: "Усе адзін аднаго падтрымлівалі і ўсе адзін аднаго супакойвалі"

Віктар прызнаецца, што перажываў больш за родных, а не за сябе.

"У сабе я быў больш, чым упэўнены, пасля пятай дзясяткі ШІЗА — тое, што я гэта вытрымаю, прайду. Адзіная мая мэта была: не патрапіць пад артыкул 411. Я ўжо пад канец тэрміну стараўся ўтойліва перасоўвацца па ПК, каб мяне не было ні чуваць, ні відаць. Нікуды не залазіў, ні з кім практычна не кантактаваў.

Падтрымка была з боку людзей, якія паводле тых жа артыкулаў сядзелі (палітычныя). Усе адзін аднаго падтрымлівалі і ўсе адзін аднаго супакойвалі, калі былі нейкія праблемы. Нягледзячы на тое, што, быў час, нам забаранялі паміж сабой мець зносіны, або, як кажуць яны, "кучкавацца", усё адно мы дзесьці перасякаліся, "кучкаваліся" — хтосьці пойдзе, праўда, сядзець за гэта, але ўсё адно гэта нікога не зламала. І ўсё роўна ўсё працягвалі мець зносіны".

Супрацоўнікаў жа Віктар згадвае так:

"Мне хочацца нядобра паназываць гэтых людзей... Я не лічу іх хворымі, але і здаровымі таксама. Я не ведаю, чым павінен кіравацца чалавек, каб так ставіцца да людзей. І маё меркаванне — наогул, папраўчая сістэма не мусіць мець дачыненне да ўлады, да палітыкі. Калі чалавек здзейсніў нейкае нібыта правапарушэнне, то не павінна быць такога, як яны здзекуюцца... Ці яны самасцвярджацца так хочуць?"

Вызваленне і эвакуацыя: "Гэта было незабыўнае падарожжа"

9 сакавіка 2024 года Віктар Панцялееў выйшаў на волю. Праз два месяцы ён з'ехаў з Беларусі.

"Пасля вызвалення мы пагаварылі з жонкай, і я ёй сказаў, што тут не хачу пакідаць якіх-небудзь хвастоў. Таму што мне споўніўся 31 год. Мама і бацька ўжо ва ўзросце... Я думаў, што нейкі час буду там — казалі аб маючых адбыцца амністыях, і была надзея: "А ці мала дзесьці там гэта ўсё можа скончыцца, гэты нагляд, які мне далі бессэнсоўны". Дарэчы, у мяне быў суд у ПК па наглядзе. Таксама цыркавое прадстаўленне. Усе рапарты выдуманыя, я казаў гэта суддзі — ёй было ўсё адно, і яна мне дала два гады нагляду. З васьмі вечара да шасці раніцы я мусіў знаходзіцца дома.

9 траўня мне патэлефанавала жонка і сказала, што на мяне ўзбуджаюць крымінальную справу. Яна назвала маё прозвішча і яшчэ аднаго чалавека — а гэты чалавек мой падзельнік. І я гэтаму чалавеку патэлефанаваў, паведаміў усю інфармацыю. 10 чысла ён мне ператэлефанаваў і сказаў, што мая і яго справа ляжаць у Следчым камітэце. І ў той жа дзень прама з працы цягам чатырох гадзін я падрыхтаваўся, узяў усё, што змог узяць. Напярэдадні я выйшаў на каманду эвакуацыі BYSOL. Ну і рушыў у шлях. Хачу асобна сказаць "дзякуй" камандзе BYSOL. Шчыра кажучы, гэта было незабыўнае падарожжа. Усё атрымалася дзякуючы ім".

Крыніца: "ПК № 15 — гэта канцлагер". Гісторыя экс-палітвязня Віктара Панцялеева