08.08.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 8 жніўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

За ўдзел у акцыях пратэсту затрымалі дваіх жыхароў Фаніпаля

sjarhei-harbuz_uladzislau-markevicz.jpg
Сяргей Гарбуз і Уладзіслаў Маркевіч

Затрыманыя — 40-гадовы жыхар Фаніпаля Сяргей Гарбуз і 31-гадовы ўраджэнец Жыткавічаў Уладзіслаў Маркевіч. Абодва мужчыны кажуць, што ў 2020-м паўдзельнічалі ў пратэстах, паведаміла "Наша Ніва".

Адзначым, што пазней ролік з затрыманнем мужчын быў выдалены з праўладнага тэлеграм-каналу.

У "спіс тэрарыстаў" дадалі яшчэ 9 беларусаў

viktar-mjarzlikin_.jpg
Віктар Мярзлікін

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ дзевяці чалавек.

Сярод іх Глеб Сахар, Кацярына Новікава, Артур Пядьзко, Уладзімір Нікіцін, Барыс Грынкевіч, Уладзімір Балабановіч, Віктар Мярзлікін, Сяргей Кулеш, Яўген Абрамовіч.

Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1199 чалавек, з іх 459 — беларусы.

У Беларусі заблакаваны шэраг онлайн-сэрвісаў

Сярод іх платформа для гульняў "Battle.nеt", онлайн-кінатэатр "Megogo" і сэрвіс для вандровак "Airbnb", паведаміў тэлеграм-канал "МотолькоПомоги". Як высветліў dev.by, прычынай блакіроўкі стала нясплата падаткаў. 

Крыніца: Абнаўленне "тэрарыстычнага спісу" і новыя затрыманні ў Фаніпалі: хроніка пераследу 8 жніўня