08.08.2024 Тэгі: палітвязні, ціск, рэпрэсіі Кожны дзень у Беларусі з месцаў несвабоды вызваляюцца палітвязні, якія цалкам адбылі свае тэрміны. Па стане на 8 жніўня, на волю пасля зняволення выйшлі не менш за 1 140 чалавек. Пасля вызвалення за некаторымі былымі зняволенымі ўстанаўліваецца прафілактычнае назіранне, радзей — прэвентыўны нагляд, які накладвае на чалавека жорсткія абмежаванні ды абавязальніцтвы. "Вясна" разам з юрыстам Паўлам Сапелкам распавядае пра адрозненні паміж прэвентыўным наглядам і прафілактычным наглядам, пра ўзмацненне жорсткасці абавязкаў былых зняволеных у сувязі з новымі палажэннямі ў заканадаўстве і пра пакаранне за парушэнне забаронаў, а былыя палітвязні дзеляцца сваім досведам і распавядаюць пра праверкі і правакацыі супрацоўнікамі міліцыі.
- Суд над мужчынам за невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду ў будынку Бярэзінскага РАУС. Фота: Генеральная пракуратура
"Прэвентыўны нагляд — вельмі спрэчны інстытут айчыннага крымінальнага і крымінальна-выканаўчага права"
"З 12 ліпеня пачалі дзейнічаць новыя палажэнні Крымінальнага і Крымінальна-выканаўчага кодэкса, якія тычацца ажыццяўлення прэвентыўнага нагляду.
Агулам прэвентыўны нагляд — вельмі спрэчны інстытут айчыннага крымінальнага і крымінальна-выканаўчага права: мэты крымінальнай адказнасці павінны дасягацца асуджэннем паводле выраку суда. Устанаўленне дадатковых абмежаванняў, сутнасць якіх ідэнтычная крымінальнаму пакаранню — гэта пакаранне двойчы за адно злачынства.Прэвентыўны нагляд устанаўліваецца пасля вызвалення з месцаў пазбаўлення волі ў сувязі з цяжарам абвінавачванняў і пакаранняў (напрыклад, у выпадку асабліва небяспечнага рэцыдыву) або ў сувязі з паводзінамі асуджанага ў перыяд адбыцця пакарання", — кажа Павел Сапелка.
"Нельга было выязджаць з горада без іх дазволу"
49-гадовы Генадзь Смірноў з Ляхавічаў прабыў у зняволенні практычна два з паловай гады. Пакаранне за "абразу Лукашэнкі" і "супраціў пры затрыманні" мужчына адбываў у шклоўскай калоніі № 17. Выйшаў на волю ў снежні 2023 года, але неўзабаве, пасля чарговага затрымання мужчына разам са сваім сынам — былым палітвязнем Вячаславам — быў вымушаны пакінуць Беларусь, каб зноў не трапіць за краты.
Суд па справе "аб устанаўленні прэвентыўнага нагляду" ў былога палітвязня праходзіў у судзе Шклоўскага раёна 30 лістапада 2023 года — за два тыдні да вызвалення мужчыны. Суддзя Аляксандр Тараканаў прызначыў яму два гады прэвентыўнага нагляду. Генадзь распавёў "Вясне" пра абмежаванні пасля вызвалення і правакацыі з боку супрацоўнікаў:
"Калі прыехаў дадому, то пайшоў станавіцца на ўлік. Мне там патлумачылі мае правы, але адразу не ўсё. Таму ў мяне першапачаткова былі парушэнні. Мне нельга было наогул выязджаць з горада без іх дазволу. А дазвол яны звычайна не даюць. Яны мяне нават не пусцілі сустрэць Славу ў Мінску пасля вызвалення. Дома павінен быў знаходзіцца з васьмі вечара і да шасці раніцы. Калі прыватны дом, то тады за плот не выходзіць. Прыязджаюць з праверкамі, бывала, па два-тры разы за ноч. Ты павінен адчыніць дзверы, яны даюць распісацца за тое, што яны прыехалі праверылі. Акрамя гэтага, не маеш права наведваць мерапрыемствы, дзе шмат людзей; крамы, дзе прадаецца спіртное".
"Ставілі на расцяжку і білі па нагах". Былы палітвязень распавёў пра калонію № 17 і пераслед пасля вызвалення
"Калі б я выйшаў — адразу парушэнне"
"Часам яны ездзяць і правакуюць. Неяк пад'ехалі да мяне, спыніліся на машыне на вуліцы, патэлефанавалі на хатні і папрасілі выйсці да іх распісацца за праверку. Я выходжу, а яны просяць выйсці за плот да іх. Я кажу, што мне да іх на вуліцу нельга. Кажуць: "Ідзіце, не бойцеся". А самі з рэгістратарамі сядзяць. Я кажу, што не пайду, хай яны да мяне сюды. У выніку далі мне журнал праз брамку. А калі б я выйшаў на рэгістратар — адразу парушэнне.
На ўсе прафілактычныя мерапрыемствы і "адзнаку" кожную сераду хадзілі ўсе, нават тыя, хто на "хатняй хіміі", хто вызваліўся без прэвентыўнага нагляду. Там сабралі ўсіх, праводзілі інструктаж, перад намі пракуратура выступала, і старэйшыя міліцыянты.
За парушэнне прэвентыўнага нагляду яны могуць даць калонію тэрмінам да паловы ад нагляду. То бок, калі мне засталося два гады, я некалькі разоў парушыў, то мяне могуць закрыць на тры месяцы, напрыклад, або да года калоніі. У мяне было тры парушэнні, і калі сядзеў апошнія 15 сутак, то мне сказалі, што ў наступны раз я адразу паеду ў СІЗА г. Баранавічы".
З словаў Генадзя, усіх супрацоўнікаў міліцыі хвалявала пытанне, калі мужчына ўладкуецца на працу. Пры гэтым знайсці працу вельмі складана, асабліва з "палітычным" артыкулам.
Вядома, што ў лютым 2023 года ў судзе Савецкага раёна Мінска разгледзелі крымінальную справу супраць былога палітвязня Аляксея Шчарбацюка, які выйшаў на волю ў 2022 годзе. Яго абвінавацілі ў парушэнні патрабаванняў прэвентыўнага нагляду паводле арт. 421 Крымінальнага кодэкса. Гэта першы вядомы "Вясне" выпадак суда над былым палітвязнем паводле гэтага артыкула.
За кім устанаўліваецца прэвентыўны нагляд?У абавязковым парадку прэвентыўны нагляд устанаўліваецца:
Акрамя гэтага, прэвентыўны нагляд пасля вызвалення з папраўчай установы можа быць устаноўлены за паўналетняй асобай:
|
Якія абавязкі ў былых зняволеных пры прэвентыўным наглядзе?Тэрмін прэвентыўнага нагляду залежыць ад падстаў яго прызначэння, ён можа працягвацца судом паводле ўстаноўленых законам падставаў у межах тэрміну судзімасці. Па змесце нагляд практычна ідэнтычны абмежаванню волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. У адпаведнасці з законам, суд пры ўстанаўленні прэвентыўнага нагляду або пры яго ажыццяўленні можа абавязаць асобу, за якой устаноўлены прэвентыўны нагляд, выконваць наступныя патрабаванні прэвентыўнага нагляду:
|
Новаўвядзенні ў заканадаўствеДва апошнія пункты дададзеныя ў Закон з 12 ліпеня гэтага года. Той з іх, які тычыцца абавязку працаваць, безумоўна адвольны: чалавек, які адбыў прызначанае за злачынства пакаранне, ужо не можа быць прыцягнуты да працы пад пагрозай санкцыі. Асабліва гэта важна ў той сітуацыі, калі магчымасці па працаўладкаванні істотна абмежаваныя як фармальна (нельга пакідаць без дазволу населены пункт і забаронена пакідаць краіну), так і на ўзроўні нефармальных, але не менш эфектыўных забаронаў прымаць на працу "палітычна нядобранадзейных".
За парушэнне забаронаў і невыкананне прадпісанняў устаноўленая крымінальная адказнасць – арт. 421 КК прадугледжвае арышт або пазбаўленне волі тэрмінам да аднаго года. Пры гэтым у дачыненні да экс-палітвязняў такая норма можа азначаць бязмежныя магчымасці для ўсё новага і новага адвольнага абмежавання волі: прэвентыўны нагляд прызначаецца на пэўны тэрмін, але можа быць працягнуты як за парушэнні, якіх аказалася недастаткова для асуджэння, так і ў выпадку прыцягнення чалавека больш за два разы цягам года да адміністрацыйнай адказнасці за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў, за якія законам прадугледжана адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту. А як прызначаюцца адміністрацыйныя арышты за падпіскі, "непатрыятычныя" аватаркі ды рэпосты або проста ні за што, мы добра ведаем. Яшчэ адно новае палажэнне: "адміністрацыі арганізацый, у якіх працуюць (навучаюцца) асобы, за якімі ўстаноўлены прэвентыўны нагляд, ды індывідуальныя прадпрымальнікі, у якіх працуюць (навучаюцца) асобы, за якімі ўстаноўлены прэвентыўны нагляд, прадстаўляюць у крымінальна-выканаўчую інспекцыю з яе патрабавання звесткі аб працоўнай дзейнасці асобы і аб захаванні ёй вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, табель выкарыстання ёй працоўнага часу, звесткі аб наведванні вучэбных заняткаў (заняткаў), паведамляюць у крымінальна-выканаўчую інспекцыю аб пераводзе асобы на іншую працу і аб звальненні з працы (адлічэнні) не пазней за тры працоўныя дні з даты прыняцця адпаведнага рашэння" — гэта наўрад ці зробіць былых зняволеных з прэвентыўным наглядам прывабнымі кадрамі на рынку працы. |
Пакаранне за парушэнне наглядуНевыкананне асобай, за якой устаноўлены прэвентыўны нагляд, патрабаванняў прэвентыўнага нагляду без уважлівых прычын — караецца накладаннем штрафу ў памеры ад двух да дваццаці базавых велічынь, або грамадскімі працамі, або адміністрацыйным арыштам. Невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду без уважлівых прычын, здзейсненае асобай, за якой устаноўлены прэвентыўны нагляд, супраць якой двойчы цягам года ўжывалася адміністрацыйнае спагнанне за такія ж парушэнні, – караецца арыштам або пазбаўленнем волі на тэрмін да аднаго года. Непрыбыццё асобы, за якой устаноўлены прэвентыўны нагляд, без паважных прычын да абранага ёй месца жыхарства ва ўстаноўлены тэрмін з дня вызвалення з папраўчай установы або арыштнага дома альбо з дня спынення знаходжання ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, а роўна няяўка такой асобы ў той жа тэрмін у орган унутраных спраў для пастаноўкі на ўлік альбо самавольнае пакіданне месца жыхарства, учыненыя ў мэтах ухілення ад прэвентыўнага нагляду, — караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў. |
"З праверкамі да мяне прыходзілі досыць часта, часам у дзень — два разы"
Івану (імя было зменена ў мэтах бяспекі) пасля вызвалення з папраўчай калоніі прызначылі два гады прафілактычнага назірання.
"Гэта не прэвентыўны нагляд, таму за парушэнне гэтага назірання мне свеціць адміністрацыйка да 15 сутак. Асаблівасці нагляду: мне трэба было хадзіць кожны тыдзень па серадах у РУУС. Там у нас забіралі ўсе з кішэняў, клалі ўсё гэта ў скрыначкі, падымаліся на другі ці трэці паверх РУУС, у залежнасці ад мерапрыемства. У асноўным гэта былі паказальныя суды, дзе разглядаліся адміністрацыйныя справы, кагосьці адпраўлялі ў ЛПП (лячэбна-працоўныя прафілакторыі), камусьці давалі штрафы. Нам трэба было проста сядзець і глядзець на гэта.
Асаблівасцю майго нагляду з'яўлялася тое, што, па-першае, мяне часцяком пакідалі пасля таго, як усе разыходзяцца, каб задаць дадатковыя пытанні пра працу і планы. І мне ў РУУС вельмі рэкамендавалі ўладкавацца на працу. Гэтае пытанне мне задавалі пастаянна. А часам мяне пакідалі на больш працяглыя гутаркі. У прыватнасці, мяне выклікалі начальнік крымінальнай міліцыі і начальнік крымінальнага вышуку, задавалі агульныя пытанні і пра тое, чаму я не адчыняю дзверы, калі да мяне прыходзяць, чаму я не падымаю слухаўку, калі мне тэлефануюць. А напрыканцы сказалі: "А цяпер, хопіць лірыкі. Пытанне: ты за наш сцяг ці не?"
З праверкамі да мяне прыходзілі досыць часта, часам у дзень — два разы, а часам не прыходзілі наогул. Але такое бывала рэдка, звычайна хтосьці ды заходзіў. За тыя два месяцы, што я знаходзіўся дома, дзверы я нікому не адчыняў. Самае сумнае — калі прыходзілі па начах. Не часта, прыкладна раз у пяць дзён стабільна яны прыходзілі і стукалі ў дзверы. Пры гэтым стукалі так упарта, што будзілі і нас, і суседзяў. Не ведаю, чаго яны хацелі дамагчыся, таму што мяне адразу папярэдзілі, што я магу і маю права не адчыняць і не ўпускаць".
Прафілактычнае назіраннеУ адрозненне ад прэвентыўнага нагляду, які ўстанаўліваецца судом у дачыненні да пэўных катэгорый асуджаных, што вызваляюцца, прафілактычнае назіранне ўстанаўліваецца тэрытарыяльным органам унутраных справаў. На працягу тэрміну судзімасці за асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства альбо судзімай два ці больш разы да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі за любыя наўмысныя злачынствы, ажыццяўляецца прафілактычнае назіранне. Таксама прафілактычнае назіранне ажыццяўляецца за асобай, асуджанай умоўна або з адтэрміноўкай выканання прысуду, а таксама за ўмоўна-датэрмінова вызваленымі ад адбыцця пакарання, вызваленымі ад пакарання ўмоўна на падставе акта памілавання — на працягу неадбытай часткі пакарання. Адміністрацыя папраўчых устаноў паведамляе аб маючым адбыцца вызваленні асуджаных у тэрытарыяльны орган унутраных справаў па месцы іх жыхарства за дзесяць дзён да іх вызвалення па адбыцці тэрміну пакарання, а пры вызваленні па іншых падставах – у дзень вызвалення. Чалавеку, які вызваляецца, паведамляецца аб неабходнасці яўкі ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў або інспекцыю па справах непаўналетніх па месцы яго жыхарства для пастаноўкі на ўлік цягам трох дзён пасля прыбыцця да месца жыхарства. |
Абавязкі былога зняволенага, які знаходзіцца пад прафілактычным наглядамЦягам тэрміну судзімасці асоба знаходзіцца пад прафілактычным наглядам і, у сувязі з гэтым абавязана папярэдне апавяшчаць орган унутраных справаў аб змене месца жыхарства, аб выездзе па асабістых справах у іншую мясцовасць на тэрмін больш аднаго месяца, з'яўляцца ва ўказаны орган па яго выкліку ва ўстаноўлены тэрмін і пры неабходнасці даваць тлумачэнні адносна сваіх паводзін і ладу жыцця. Невыкананне без уважлівай прычыны асобай, якая адбыла пакаранне і знаходзіцца пад прафілактычным наглядам, абавязкаў па папярэднім паведамленні органа ўнутраных спраў аб змене месца жыхарства, аб выездзе па асабістых справах у іншую мясцовасць на тэрмін больш за адзін месяц ці няяўка па выкліку ва ўказаны орган без уважлівай прычыны – караюцца накладаннем штрафу ў памеры да пяці базавых велічынь. |