Адміністрацыйныя справы затрыманых 25 сакавіка ў Мінску актывістаў, валанцёраў, праваабаронцаў і проста грамадзян, разглядаюцца сёння ў судах Мінска. Большасць працэсаў пройдзе, меркавана з 12 гадзін, у судзе Савецкага раёна Мінска.
Па звестках праваабаронцаў, складзена больш дзесятка пратаколаў правапарушэнняў па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Некалькі чалавек абвінавацілі ў непадпарадкаванні службовай асобе па арт. 23.4 каАП.
Вядома, што пратаколы складзены на валанцёраў-назіральнікаў Максіма Кавалёва (ч.3. арт 23.34), Таццяну Самнікаву (арт. 23.34 і 23.4 КаАП), Андруся Крэчку (ч.1 арт. 23.34), Ігара Багачова (ч.1. арт. 23.34), праваабаронцу Насту Лойка (ч.1. арт. 23.34).
Суды таксама чакаюць грамадскіх актывістаў Сяргея Спарыша, Валянціна Троцкага, Алену Талстую, Вольгу Нікалайчык (суд Партызанскага раёна), Валерыя Бычкоўскага, Артура Журава, Галіну Цярэнцьеву.
Большасць затрыманых адпусцілі з РУУСаў без складання пратаколаў, пратрымаўшы ад 1 да 5 гадзін. Найбольшы час правяла ў Першамайскім РУУС Ніна Багінская – каля 9 гадзін.
Па папярэдніх дадзеных, колькасць затрыманых 25 сакавіка у Мінску складае крыху больш за 60 чалавек. На раніцу 26 сакавіка ўстаноўленыя прозвішчы 42 затрыманых. У іншых гарадах на розны час затрымлівалі каля 50 чалавек. Некалькі чалавек пакінулі ў ізалятарах часовага ўтрымання.
Крыніца: Несвяточны прысмак Дня волі: суды ў Мінску Дапоўнена