01.08.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1 жніўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Мінскага чыгуначніка затрымалі за пратэсты і паведамленні ў чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі»
На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што 15 гадоў працуе на чыгунцы на пасадзе брыгадзіра пуці і што ў 2020 годзе тры разы хадзіў на пратэсныя маршы. Таксама ён нібыта дасылаў фота і паведамленні ў «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, у тым ліку — у бот канала «ЧКБ».
Паводле інфармацыі «Медыязоны», затрыманы — Аляксандр Рымашэўскі.
У Беларусі прайшла хваля ператрусаў у кватэрах прадстаўнікоў медыя
У чэрвені-ліпені БАЖ зафіксавала як мінімум 21 ператрус у калег, якія выехалі за мяжу і працягваюць працу ў медыя. У абсалютнай большасці па месцых рэгістрацыі журналістаў і журналістак сілавікі прыязджалі з пастановамі на ператрус па заведзеных на медыйшчыкаў крымінальных справах.
У шэрагу выпадкаў сілавікі запісвалі так званыя «пакаяльныя» відэа з роднымі журналістаў. Так, нядаўна, сілавікі прымусілі бацькоў вядоўцаў канала выдання «Люстэрка» у ТікТок запісаць відэа са словамі асуджэння і абурэння ў дачыненні да дзяцей.
У жыхарак Магілёва, якія ездзілі па горадзе ў цішотках з надпісам «Мілфіцыя», канфіскавалі матацыклы
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што «супрацоўнікі ДАІ імгненна вызначылі» асобы матацыклістак — імі аказаліся 39 і 41-гадовая жыхаркі Магілёва. У адносінах да іх складзены ажно чатыры адміністратыўныя пратаколы, матацыклы жанчын канфіскаваныя.
На «пакаяльным відэа» жыхарак Магілёва прымусілі сказаць, што яны паважаюць міліцыю.
Былога палітвязня з Баранавічаў зноў будуць судзіць. Яму пагражае да 12 гадоў калоніі
Суд над Віталём Коршунам пачнецца 13 жніўня ў Брэсцкім абласным судзе. Яму закідаюць ажно пяць палітычных артыкулаў: «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), «арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК), «заклікі да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361) і «распальванне варожасці або варажнечы» (ч. 1 арт. 130 КК). Палітвязню пагражае да 12 гадоў калоніі.
Судзіць яго будзе Святлана Крамянеўская, піша «Наша Ніва».
Віталю Коршуну 37 гадоў. Родам ён з Баранавічаў. Упершыню яго судзілі ў верасні 2021-га. За год да гэтага ён пакінуў каментар пра тое, што трэба шукаць адрас нейкага амапаўца. Па версіі самога амапаўца, Сяргея Балабановіча, пасля гэтага допісу ён вельмі спалохаўся, хоць Коршун хутка яго выдаліў. У выніку прадпрымальніку прысудзілі два месяцы арышту. Наступнага разу Віталя затрымалі ў студзені 2024 года.
Крыніца: Затрыманне чыгуначніка, новы суд над былым палітвязнем: хроніка пераследу першага жніўня