31.07.2024 Тэгі: ціск, аналітыка, рэпрэсіі Асобы: Павел Сапелка Цэнтр новых ідэяў прэзентаваў трэцюю справаздачу па даследаванні "Барометр рэпрэсій у Беларусі", дзе ў лічбах паказаў, што ціск на беларускае грамадства працягвае расці. Многія з гэтых лічбаў для аналізу былі ўзятыя з колькасных даных, сабраных праваабарончым цэнтрам "Вясна".
- Гродзенская турма. Фота: spring96.org
Падчас прэзентацыі даследавання юрыст "Вясны" Павел Сапелка распавёў пра працу арганізацыі для збору гэтых звестак:
"Мы лічым гэтую працу досыць важнай. "Вясна" вядзе яе ўжо цягам доўгага часу і лік нават пайшоў больш, чым на дзясятак гадоў. Для чаго наогул гэта робіцца? Гэта ў цэлым паказвае, з аднаго боку, сітуацыю ў грамадстве і дзяржаве, а, з іншага боку, гэта служыць яшчэ адной вельмі важнай мэце: гэта выкарыстоўваецца для адвакатыўных намаганняў, для таго, каб карціна таго, што адбываецца ў Беларусі была правільнай, для таго, каб намаганні, у тым ліку праваабарончых ды іншых грамадскіх структур, і палітычных у тым ліку, былі падмацаваныя дастаткова пэўнымі і канкрэтнымі данымі.
Мы часта абмяркоўваем гэтую праблему: ці не становіцца для нас такі збор даных альтэрнатывай праваабарончай дзейнасці як такой? Але мы разумеем, што гэта і ёсць, у тым ліку, праваабарончая дзейнасць.
Мы самі, не так часта, але аналізуем колькасныя даныя ў "Вясне". Звычайна мы гэта сумяшчаем з якасным аналізам, таму што гэта для нас непарыўна. Ёсць некаторыя сітуацыі, калі толькі з разуменнем тых працэсаў, якія адбываюцца, можна інтэрпрэтаваць колькасныя даныя. Напрыклад, мы адносна нядаўна прэзентавалі даклад аб ужыванні супрацьэкстрэмісцкага заканадаўства ў мэтах рэпрэсій, і там было два прыклады. Мы казалі пра тое, як мяняліся колькасныя паказчыкі прыцягнення людзей да адказнасці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, і выяўлялі тэндэнцыю, калі ад адзінкавых, максімум дзясяткаў выпадкаў да 2020 года ўлады прыйшлі да ўжывання гэтага артыкула паўсюдна, штодня, і выпадкі асуджэнняў за распаўсюд так званых "экстрэмісцкіх матэрыялаў" ужо тысячы ў год, і гэта штодзённы працоўны інструмент рэпрэсіўнай улады.
І ў той жа час другі прыклад, які паказвае, што колькасныя паказчыкі і практыка супадаюць і адно аднаго тлумачаць: напаўненне спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў. Там у адзін момант адбыўся такі пікавы выпадак, калі былі ўнесеныя за кароткі перыяд сотні людзей у гэты пералік. Але гэта не было звязана з тым, што ў гэты перыяд нейкім чынам рэпрэсіі павялічыліся, падраслі, сталі больш распаўсюджанымі — гэта проста было тэхнічнае напаўненне гэтага спісу, які ў колькасці людзей гэтага спісу доўгі час сур'ёзна адставаў ад колькасці асуджаных па так званых "экстрэмісцкіх складах". І ў гэтым выпадку, калі падыходзіць проста сацыялагічна да гэтых звестак, то можа быць можна ўпасці ў нейкі зман".
Як адзначыў аўтар даследавання "Барометр рэпрэсій" Генадзь Коршунаў, практычна ўсе колькасныя даныя, якія выкарыстоўваюцца ў справаздачы, варта інтэрпрэтаваць як мінімальна магчымыя паказчыкі.
"Гэта наогул вялікая ганьба дзяржавы, калі яна хавае тое, што не павінна і не можа з'яўляцца сакрэтам для ўласных грамадзян, — падкрэсліў Павел Сапелка. — Тое, што гэтыя лічбы асуджаных мы вымушаныя здабываць праз уласны маніторынг, праз нейкія ўласныя намаганні і параўноўваць, пераносіць, абдумваць гэтыя колькасці, зыходзячы з нейкіх рэдкіх выкідаў афіцыйных, якія адбываюцца з колькасцю асуджаных і затрыманых. Тым не менш мы маем смеласць і ўпэўненасць сказаць, што ў цэлым той узровень, які мы фіксуем, у асноўным адлюстроўвае сітуацыю ў краіне, як бы складана гэта не даставалася нам. І я хачу заўважыць, што ўлады прадпрымаюць вельмі сур'ёзныя намаганні не толькі да таго, каб схаваць гэтыя даныя, не даючы іх афіцыйна, яны яшчэ аказваюць сур'ёзны ціск на тых людзей, якія збіраюць гэтыя даныя. У прыватнасці, на валанцёраў "Вясны" (на тых людзей, якія хадзілі ў суды і фіксавалі тыя справы, якія там разглядаліся) у свой час быў сур'ёзны напад уладаў".
У якасці высновы ў "Барометры рэпрэсій" была вылучана наступная гіпотэза: рэпрэсіўны ціск на беларускае грамадства працягваецца, а ў якасці прагнозу — рост гэтага ціску будзе працягвацца (як мінімум да канца выбарчай кампаніі 2025 года). З гэтымі перспектывамі згодны і Павел Сапелка:
"На жаль, у мяне няма вялікай надзеі на скарачэнне ўзроўню рэпрэсій — гэты ўзровень хутчэй будзе відазмяняцца. Можа быць, будуць скарачацца нейкія паказчыкі па колькасці асуджэнняў па крымінальных справах, хоць бы таму, што ў 2025 годзе мінае тэрмін даўнасці прыцягнення па артыкуле 342 за ўдзел у пратэсных акцыях 2020 года, і гэты канвеер мае шанец спыніцца. Але тым не менш застаюцца іншыя склады злачынстваў, якія выкарыстоўваюць улады. Гэтыя склады выкарыстоўваюцца калісьці часцей, калісьці радзей. Выкарыстанне нейкіх складаў пашыраецца з часам.
Таксама, кажучы пра перспектывы, варта ўспомніць пра тое, што ўлады рэгулярна даюць справаздачу аб колькасці ўзбуджаных крымінальных спраў экстрэмісцкай накіраванасці — і гэтая колькасць павялічваецца прыблізна на 5 000 кожны год. Улады кажуць, што з пачатку прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ўзбуджана ўжо больш за 19 000 крымінальных спраў. Гэта, вядома, не значыць, што ёсць 19 000 абвінавачаных, фігурантаў — з розных прычынаў: таму што ў нейкіх крымінальных справах няма фігурантаў наогул і яны невядомыя, у нейкіх яны вядомыя, іх там можа быць некалькі сотняў, у нейкіх гэтыя людзі затрыманыя, і яны прызнаюцца палітвязнямі праваабарончай супольнасцю, у нейкіх гэтыя людзі не затрыманыя, і таму прамых суадносін паміж колькасцю палітвязняў, напрыклад, і гэтай лічбай няма, але гэтая лічба паказвае зачын поля для далейшых рэпрэсій. Гэта значыць, яны яшчэ могуць доўга-доўга адпрацоўваць тыя заведзеныя крымінальныя справы, шукаць фігурантаў гэтых спраў і караць іх, і гэта, на жаль, сённяшняя рэальнасць".
Напрыканцы свайго выступу на прэзентацыі даследавання "Барометр рэпрэсій" Павел Сапелка распавёў пра планы "Вясны" па зборы колькасных даных:
"Мы будзем па-ранейшаму лічыць, збіраць гэтыя даныя, казаць аб узроўні рэпрэсій, падмацоўваючы свае высновы сабранымі данымі, мы будзем з задавальненнем прадастаўляць іх усім жадаючым. Я бачу вельмі добрым трэндам на ўдзел навукі ў грамадскай дзейнасці і яе падтрымцы. Мы будзем удасканальваць свае інструменты, рабіць іх больш даступнымі, падыходнымі і прывабнымі для правядзення аналітычных даследаванняў".
Крыніца: "Няма вялікай надзеі на скарачэнне ўзроўню рэпрэсій". Выйшаў трэці даклад "Барометра рэпрэсій"