30.07.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 30 ліпеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Пасля размовы з правакатарам у чат-рулетцы затрымалі беларуса

Падчас размовы з правакатарам, які прадставіўся супрацоўнікам украінскай СБУ, мужчына сказаў, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, мае фотаздымак з Сяргеем Ціханоўскім і чытае незалежныя СМІ.

На "пакаяльным відэа" мужчына таксама "прызнаецца ў тым", што негатыўна выказваўся "на адрас РФ і дзеючай улады ў Беларусі".

Слуцкі стралковы клуб павіншаваў хлопца з днём нараджэння, імітаваўшы затрыманне. Цяпер да іх прыйшоў сапраўдны АМАП

Слуцкі гідрабольны клуб Battlefield павіншаваў 15-гадовага падлетка з днём нараджэння, імітаваўшы яго затрыманне — на яго надзелі кайданкі, скамандавалі "мордай у падлогу", пасля чаго прынеслі торт, на якім трэба было задзьмуць свечкі. Ролік клуб апублікаваў у Instagram, паведаміла "Медыязона". Пасля гэтага да іх саміх прыйшлі сілавікі,

Праўладны тэлеграм-канал сілавікоў 30 ліпеня апублікаваў пост, у якім распавёў, што арганізатараў пранку затрымалі.

"Празмерна актыўныя выдумшчыкі за сваю задуму ўжо атрымалі пратаколы за дробнае хуліганства — зараз у іх будзе час падумаць над сваімі паводзінамі ў ІЧУ".

У Сенненскай цэнтральнай раённай бальніцы быў праведзены "рэйд" — знайшлі пяць супрацоўнікаў, якія былі падпісаныя на "экстрэмісцкія рэсурсы"

Пра гэта распавяла галоўная лекарка ЦРБ Крысціна Гарчынская ў тэлесюжэце мясцовых прапагандыстаў. Яна адзначыла, што людзі былі падпісаныя на адпаведныя рэсурсы даўно, але не адпісаліся.

Імёны пецярых медработнікаў і іх далейшы лёс невядомы.

У Гомелі за распаўсюд "экстрэмізму" судзілі шматдзетнага бацьку

maryjan-holub.jpg
Марыян Голуб

Пра гэта паведаміла "Гомельская Вясна".

Учора, 29 ліпеня, у Навабеліцкім судзе Гомеля праходзіў суд над прадпрымальнікам і шматдзетным бацькам Марыянам Голубам. Справу разглядаў суддзя Генадзь Калацэй. Марыяна абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Абставіны справы невядомыя.

Марыян — бацька шасцёх дзяцей, вывучаў псіхалогію ў каталіцкім універсітэце ў Польшчы. Працаваў у грамадскай арганізацыі «Добрая сям’я», апошнім часам яго дзейнасць была звязаная з IT-сферай.

Крыніца: Затрыманне за розыгрыш на дзень народзінаў, рэйд на сенненскіх медыкаў: хроніка пераследу 30 ліпеня