30.07.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, спецвытворчасць У Гродзенскім абласным судзе 29 ліпеня пачалі завочна судзіць журналіста і праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім) і ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Але сутнасць абвінавачвання невядомая нават самому праваабаронцу. Уладзіміру пагражае да сямі гадоў зняволення завочна. Справу разглядае Ігар Собалеў. 30 ліпеня працэс працягваецца. 

hilmanovich_uladzimir.jpg
Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч ужо больш трох гадоў не пражывае ў Беларусі. Крымінальную справу супраць яго пачалі ў лістападзе 2023 года. На ўсю маёмасць журналіста накладзены арышт.

"З юрыдычнага гледзішча тут няма чаго аналізаваць, таму што парушаны ўсе нормы заканадаўства. Уся гэта незаконная крымінальная справа – гэта відавочны спланаваны палітычны пераслед за маю журналісцкую і грамадскую дзейнасць. Відавочна, што "органы" "ідуць па спісе" вядомых гарадзенскіх актывістаў. Многія гады я быў сябрам розных грамадскіх арганізацый, друкаваўся на розных інтэрнэт-сайтах. Таму нават ня ведаю дакладна, да якога "экстрэмісцкага фармавання" яны мяне зараз "прышчапілі". Акрамя артыкулаў, якія мне інкрымінуюць, мне нічога невядома. Ніхто з следчых не рабіў ніякай спробы са мной звязацца, хоць гэта нескладана. Ніхто не інфармаваў на якой стадыі справа і калі яна была пераданая ў пракуратуру і потым у суд. Нават на сайце Следчага камітэту ў раздзеле "спецвытворчасць", дзе я фігурую пад 73-ім нумарам, дагэтуль няма інфармацыі, што расследаванне справы скончана і яна накіравана ў пракуратуру. На судовы працэс павінны былі прызначыць нейкага адваката, але ён таксама са мной не спрабаваў звязвацца. Здзіўляцца, аднак, ва ўмовах татальнага беззаконня, не выпадае", пракаментаваў сітуацыю Уладзімір "Гарадзенскай праваабароне".

Крыніца: У Гродне завочна судзяць журналіста і праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча