24.07.2024 Тэгі: суды, палітвязні, ціск, рэпрэсіі У судзе Барысаўскага раёна 16 траўня  Сяргею Яфімаву вынеслі прысуд па новай крымінальнай справе — адзін год зняволення ў дадатак да чатырох гадоў калоніі. Яго абвінавацілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Гэта ўжо другі суд над палітвязнем па гэтым артыкуле.

У лістападзе 2020 года гамельчука асудзілі на тры гады калоніі паводлеарт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі). Згодна з абвінавачваннем, у Гомелі ўвечары 9 жніўня 2020 года ў раёне сквера Кірылы Тураўскага ён падбег да супрацоўніка АМАПа, распыліў пярцовы газ яму ў твар з газавага балончыка і ўдарыў яго ў галаву. На дапамогу міліцыянту падбеглі двое калег і спрабавалі затрымаць нападніка, той спрабаваў вырвацца, распыляў газ і нанёс аднаму з супрацоўнікаў "не менш за дзевяць удараў у вобласць галавы і тулава". На судзе Сяргей цалкам прызнаў віну.

Тры гады калоніі агульнага рэжыму: у Гомелі асудзілі Сяргея Яфімава

Пракурор прасіў прысудзіць Сяргея Яфімава да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму — такі прысуд суд у выніку і вынес.

Вядома, што пазней Сяргею ўзмацнілі пакаранне і перавялі яго на турэмны рэжым у Жодзіна. Там супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суддзя Святлана Самусева прызначыла яму адзін год пазбаўлення волі. Пасля гэтага яго накіравалі адбываць тэрмін у папраўчую калонію № 14 г. Барысава.

Праз некалькі месяцаў пасля этапу ў калонію на Сяргея завялі ўжо другую крымінальную справу паводле арт. 411 КК. Па інфармацыі "Гомельскай Вясны", 16 траўня гэтага года ў судзе Барысаўскага раёна палітвязню прызначылі яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да чатырох гадоў калоніі. Такі прысуд вынесла суддзя Людміла Зінкевіч. Цяпер агульны тэрмін зняволення Яфімава складае пяць гадоў.

Крыніца: Палітвязню Сяргею Яфімаву дадалі яшчэ адзін год зняволення