02.07.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, экстрэмізм Брэсцкі абласны суд. Фота: TUT.BY Брэсцкі абласны суд другога ліпеня пачынае разгляд крымінальнай справы палітзняволенай Ірыны Бандарэнкі, якую абвінавачваюць па двух частках арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Справу разглядае суддзя Дзмітрый Куроўскі.

Паводле інфармацыі “Берасцейскай вясны”, Ірына Бандарэнка працяглы час рабіла невялікія грашовыя пераводы зняволеным, а таксама насіла перадачы ў СІЗА-7 Брэста. Праз гэта да яе ўжо доўгі час была асаблівая ўвага сілавікоў, жанчыну неаднаразова затрымлівалі (сакавік і лістапад 2023 года). Гэта следства палічыла фінансаваннем "экстрэмісцкай" дзейнасці.

А ў канцы красавіка 2024 года Ірыну змясцілі пад варту да суда.

Падтрымайце палітзняволеную: СІЗА-7, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, г. Брэст, 224030, Ірына Аляксандраўна Бандарэнка.

Крыніца: За перадачы ў СІЗА і дапамогу зняволеным судзяць жыхарку Брэста