28.06.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, ціск, рэпрэсіі Гомельскі абласны суд 20 траўня 2024 году агучаны прысуд цэлай сям'і. Васіль Прохараў асуджаны да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. Ягоная жонка Ларыса і сын Павел атрымалі па восем гадоў зняволеньня. Яшчэ аднаму фігуранту справы, настаўніку беларускай мовы Руслану Прахарэнку, прысудзілі 10 гадоў калёніі. Пра лёс пятага фігуранта справы, Фёдара Аксёненка, нічога не вядома.

Іх абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 130 (распальваньне варожасці), ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 406 (неданясенне пра злачынства) Крымінальнага кодэксу. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме з 20 траўня, справу разглядаў Гомельскі абласны суд. Суддзя — Вадзім Бобыраў.

Удзельнікі закрытага працэсу маюць падпіскі аб невыдаванні. З неафіцыйнай крыніцы Свабодзе вядома, што крымінальная справа тычыцца фатаграфаваньня розных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі, а за фігурантамі справы нейкі час перад арыштам сачылі спецслужбы.

"Радыё Свабода" паведамляе, што сям’я Прохаравых доўгі час жыла ў вёсцы Грабаўка Гомельскага раёну. На момант затрымання яны жылі ў вёсцы Ўза Гомельскага раёну, куды пераехалі два гады таму. Старэйшы Прохараў, Васіль Васілевіч, этнічны ўкраінец 1969 году нараджэння, былы дэсантнік. Ён нарадзіўся ў Чарнобылі (Кіеўская вобласьць). Васіль Прохараў часта ездзіў з Беларусі ва Украіну. У 2021 годзе на яго не было пачатых крымінальных спраў. Працаваў у асноўным у сферы будаўніцтва, прарабам і майстрам. Апроч працы, Васіль меў свой блог на YouTube. Там ён дзяліўся з падпісчыкамі відэа пра вёскі і пасёлкі Гомельскай вобласьці, у тым ліку чарнобыльскай зоны. Частка відэа прысвечана святкаванню Дня дэсантніка ў розныя гады.

Жонка Васіля Ларыса Прохарава — беларуска 1975 году нараджэння. Паходзіць з Грабаўкі Гомельскага раёну, жыла там доўгі час. Раней працавала санітаркай у адной з гомельскіх лякарняў.

Сын Прохаравых Павал нарадзіўся ў 1996 годзе. З 2007-га па 2019 год сем разоў быў за мяжой — ва Украіне і Польшчы. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсытэт транспарту, працаваў у будаўнічым трэсце. У снежні 2023 году паведамлялася, што была затрыманая і дачка Прохаравых Анастасія, але яе няма сярод абвінавачаных.

Руслан Прахарэнка працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Нароўлі. Туды ён трапіў па размеркаваньні, калі скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсытэт імя Францішка Скарыны. Хлопцу 24 гады. Свае сацыяльныя сеткі ён вёў на беларускай мове, часам выказваўся на палітычныя тэмы і рабіў перапосты з так званых «экстрэмісцкіх» каналаў. Таксама пісаў пра тое, чаму варта размаўляць па-беларуску.

Фёдар Аксёненка нарадзіўся ў 1978 годзе Лунінецкім раёне, вучыўся ў тэхнічным унівэрсітэце ў Гомелі, там жа застаўся жыць і працаваць. Ён мае багатую біяграфію — працаваў кіроўцам, будаўніком, дырэктарам розных камерцыйных фірмаў. Не менш за 17 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па лініі ДАІ. У 2001 годзе яго судзілі паводле крымінальнага артыкулу 339 за хуліганства.

Крыніца: У Гомелі вынесены жорсткі прысуд сям'і і настаўніку беларускай мовы і літаратуры