05.06.2024 Тэгі: правы чалавека, аналітыка Па стане на 31 траўня вядома пра як мінімум 5133 асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах. Колькасць палітычных зняволеных у Беларусі складае 1410 чалавек – 1237 мужчын і 173 жанчыны. У траўні 2024 года спіс палітычных зняволеных папоўніўся на 46 чалавек. Таксама праваабаронцы запатрабавалі рэабілітацыі 26 чалавек, якія на момант знаходжання ў месцах пазбаўлення волі, пад вартай, хатнім арыштам адпавядалі крытэрам прызнання палітвязнямі – інфармацыя аб іх пераследзе з'явілася толькі пасля іх вызвалення.
Высновы:
- У Беларусі працягвае захоўвацца крытычна высокі ўзровень рэпрэсій у дачыненні да палітычных праціўнікаў рэжыму і іншадумцаў; кожны і кожная з тых, хто калі-небудзь удзельнічаў у пратэстных выступах або крытычна выказваўся адносна палітычнай сітуацыі ў краіне, альбо іншым чынам выказваў сваё меркаванне або рэалізоўваў права, якое не ўхваляецца ўладамі, знаходзіцца пад пагрозай адвольнага з пункту гледжання міжнароднага права, а часам і нацыянальнага закона, крымінальнага або адміністрацыйнага пераследу і ў выніку – пазбаўлення волі ў бесчалавечных умовах.
- Ніякія нязначныя ваганні колькасных паказанняў рэпрэсій, часта выкліканыя недахопам альбо затрымкай інфармацыі, не адмяняюць таталітарных тэндэнцый развіцця дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў у краіне; рэпрэсіі аднолькава кранаюць прадстаўнікоў абсалютна ўсіх прафесійных і сацыяльных груп, узростаў і светапоглядаў. Настаўнікі і лекары, святары і чыноўнікі, прадпрымальнікі і спецыялісты, моладзь і пажылыя людзі – ўсе яны знаходзяцца ў роўна бездапаможным становішчы бесперастаннага пошуку ворагаў і вінаватых у страце легітымнасці Аляксандрам Лукашэнкам і дзяржаўнымі інстытутамі, якія падтрымліваюць яго.
- Затрыманне блогера папулярнага YouTube-канала "Краіна для жыцця" Сяргея Ціханоўскага і іншых удзельнікаў выбарчага пікету ў Гродне 29 траўня 2020 года распачало хвалю масавых рэпрэсій у Беларусі, якая працягваецца да гэтага часу. Чатыры гады таму, 1 чэрвеня 2020 года, Ціханоўскага прызналі палітвязнем — першым за падзеі 2020 года. З тых часоў тысячы людзей прайшлі праз затрыманні, збіццё і катаванні, "суткі" і зняволенне па палітычных матывах. "Вясна" падвяла некаторыя вынікі чатырох гадоў паслявыбарчага пераследу.
- На канец траўня 2024 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзілася 1410 палітвязняў, з іх – 173 жанчыны; за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 46 чалавек.
- Праваабаронцы – лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, а таксама Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк і Наста Лойка – асуджаныя да пазбаўлення волі, адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях.
- Працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненні да людзей за рэалізацыю імі грамадзянскіх правоў: у траўні "Вясне" стала вядома пра не менш чым 361 выпадак рэпрэсій (судоў і затрыманняў), звязаных з крымінальным і адміністрацыйным пераследам, у тым ліку пра не менш чым 361 выпадак палітычна матываванага адміністрацыйнага разбору ў судзе. Суддзямі прызначана не менш за 46 адміністрацыйных арыштаў і 45 штрафаў.
- У траўні праваабаронцы "Вясны" падвялі вынікі палітычна матываванага крымінальнага пераследу ў красавіку і зафіксавалі працяг тэндэнцыі інтэнсіўнага росту колькасці судовых працэсаў па палітычна матываваных крымінальных справах. Паводле папярэдніх звестак, колькасць асуджаных за месяц склала мінімум 161 чалавек, у тым ліку 50 жанчын.
- "Вясна" абагульніла дадзеныя пра тое, каго з замежных грамадзянаў пераследуюць у Беларусі па палітычных матывах.
- Па-ранейшаму праваабаронцамі "Вясны" рэгулярна выяўляюцца і дакументуюцца факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, забароненых відаў абыходжання ў адміністрацыйным працэсе, а таксама пераследу і пазбаўлення волі па палітычных матывах; зняволеныя пазбаўленыя належнага ўзроўню медыцынскага абслугоўвання.
Палітычныя вязні. Пераслед праваабаронцаў
Дзесяць чалавек прызнаныя палітвязнямі, паколькі іх заключэнне пад варту звязана з рэалізацыяй права на ўдзел у мірных сходах.
19 чалавек прызнаныя палітвязнямі, паколькі яны заключаныя пад варту або пазбаўленыя волі па абвінавачваннях у здрадзе дзяржаве або распальванні варожасці. У заканадаўстве дадзеныя правапарушэнні сфармуляваныя празмерна шырока і расплывіста, што адкрывае прастору уладам для татальнага пераследу іншадумства.
11 чалавек прызнаныя палітвязнямі, так як іх пазбаўленне волі звязана з абвінавачваннямі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса, што выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах пакарання за крытыку службовых асобаў.
Шэсць чалавек прызнаныя палітвязнямі, паколькі іх заключэнне пад варту і пазбаўленне волі звязана з абвінавачваннямі ў экстрэмізме. Празмерна шырокае і расплывістае паняцце экстрэмізму дае магчымасці для адвольнага пераследу асобных грамадзянаў і іх асацыяцый, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць змяненняў у дзяржаве і палітыцы, што ёй праводзіцца.
У траўні 2024 года не менш за 28 палітвязняў цалкам адбылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі і выйшлі на волю. Таксама не менш чым адзін палітвязень быў вызвалены з-пад варты ў сувязі з прызначэннем пакарання ў выглядзе абмежавання волі. Усяго, з траўня 2020 года вызвалілася больш за 1900 палітвязняў; з іх 1012 чалавек выйшлі на волю з калоній, цалкам адбыўшы свае тэрміны пазбаўлення волі. Яны маюць патрэбу ў падтрымцы і рэабілітацыі, а многія – ў лячэнні і рэсацыялізацыі.
З мая 2020 года вядома аб 5 133 палітычна матываваных прысудах, з якіх 40 вынесена завочна (in absentia).
Палітвязні працягваюць сутыкацца з пераследам і ўжо адбываючы пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. Аляксандр Шарабайка, асуджаны да 1,5 гадоў калоніі, з'яўляецца абвінавачаным па новай крымінальнай справе: суд павінен быў пачацца 7 траўня, але вынікі разгляду пакуль невядомыя. Супраць Васіля Дземідовіча, асуджанага сумарна да сямі гадоў пазбаўлення волі, распачатая восьмая па ліку крымінальная справа. Новыя абвінавачванні былі таксама прад'яўленыя Аляксандры Каско, асуджанай да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Усяго вядома пра як мінімум 38 палітвязняў, супраць якіх пасля вынясення прысуду распачыналіся новыя крымінальныя справы.
Паліна Шарэнда-Панасюк зноў не выйшла з калоніі пасля заканчэння тэрміну адбыцця пазбаўлення волі: першапачаткова яна была нібыта затрыманая на трое сутак, пазней ёй у трэці раз было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 411 КК. Яна знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада больш за 140 дзён.
Усяго на гэты момант вядома пра восем палітвязняў, якія ўтрымліваюцца доўгі час у рэжыме інкамунікада: Паліна Шарэнда-Панасюк, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Уладзімір Гундар, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Максім Знак і Ігар Лосік.
У траўні таксама стала вядома, што абвінавачванні ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК) выстаўленыя Івану Вярбіцкаму, Дзмітрыю Дашкевічу і Дзмітрыю Рэзановічу. Усяго вядома пра як мінімум 114 палітвязняў, якія сутыкнуліся з такімі абвінавачваннямі, што выкарыстоўваюцца ўладамі для адвольнага падаўжэння тэрміну зняволення.
Стала вядома і аб маючых адбыцца судах аб пераводзе на турэмны рэжым Аляксандра Гашнікава і Юрыя Касцюка. Усяго як мінімум 76 палітвязняў перавялі на турэмны рэжым.
З'явілася інфармацыя пра тое, што ў пачатку траўня палітвязня Ігара Аліневіча чарговым разам змясцілі ў ШІЗА, а палітвязень Сяргей Раманаў выйшаў з ПКТ, дзе правёў паўгода.
Многія палітвязні сутыкаюцца з праблемамі са здароўем і пераносяць цяжкія хваробы ў зняволенні. Улічваючы бесчалавечныя ўмовы ўтрымання і агульны нізкі ўзровень аказання медыцынскай дапамогі ў пенітэнцыярных установах, гэта становіцца сур'ёзным фактарам рызыкі для жыцця і здароўя. Так, Кацярына Андрэева перанесла ў канцы красавіка пнеўманію. Ірына Алябовіч зламала шыйку сцягна ў калоніі і больш за год правяла ў санчастцы, у калоніі ёй нават не выдалі мыліцы. У Алены Яфрэменкі ў калоніі пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем, адняліся ногі. Пра пагаршэнне стану здароўя паведамляе таксама праваабаронца Наста Лойка.
Па стане на 27 траўня 2024 года праваабаронцам вядома не менш чым пра 254 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх – 16 чалавек з інваліднасцю, 91 чалавек у цяжкім стане здароўя, 65 пажылых людзей (старэйшыя за 60 гадоў), многія з іх таксама маюць вялікія праблемы са здароўем, а таксама дзесяць чалавек з ментальнымі разладамі. 23 маладыя чалавекі былі затрыманыя непаўнагадовымі; сярод палітвязняў — 40 шматдзетных маці і бацькоў. Вядома мінімум пра пяць сем'яў, дзе і маці, і бацька знаходзяцца ў зняволенні.
Спецдакладчыкі ААН і Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях звярнуліся да ўладаў Беларусі з тэрміновым запытам у дачыненні да пагаршэння стану здароўя і неаказання належнай медыцынскай дапамогі ў зняволенні Паўлу Кучынскаму, які мае анказахворванне і I групу інваліднасці.
Пераследу і ціску з боку праваахоўных органаў працягваюць падвяргацца сям'і палітвязняў. Напрыклад, Аляксандра Семянюк, дачка палітвязня Алены Гнаўк, зазнала пераслед праз атрыманне дапамогі ад ініцыятывы DissidentBy і была вымушаная з'ехаць з Беларусі.
Закон "Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў", прыняты ў двух чытаннях Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, выключыў фігурантаў і асуджаных па так званых "экстрэмісцкіх" крымінальных справах і асобаў, унесеных у "Пералік грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці", з ліку тых, на каго распаўсюджваецца гэтая амністыя.
Супраць Светлагорскай праваабаронцы Алены Маслюковай пачалі спецвытворчасць – яе збіраюцца судзіць завочна паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Парушэнне свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў
Працягваецца крымінальны пераслед і затрыманні ўдзельнікаў несанкцыянаваных уладамі мірных сходаў: з большага гэта па-ранейшаму тычыцца ўдзельнікаў масавых вулічных пратэстаў 2020-2021 гг. Усяго з траўня 2020 года мінімум 2466 чалавек былі асуджаныя за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту па арт. 342 і арт. 293 Крымінальнага кодэкса.
Хоць вулічныя пратэсты ў асноўным насілі мірны характар, і пераважная частка фігурантаў крымінальных спраў пераследуецца выключна за мірныя дзеянні, улады дагэтуль непрапарцыйна выкарыстоўваюць сілавыя сродкі, жорсткае абыходжанне і запалохванне, якія выходзяць за прававыя рамкі. Напрыклад, у бягучым месяцы пры затрыманні Юрыя Бутурлакіна за ўдзел у вулічных пратэстах у Брэсце ўдзельнічала як мінімум сем супрацоўнікаў праваахоўных органаў, некаторыя з іх былі ў поўным абмундзіраванні. Максім Паноў і Лізавета Шульская былі затрыманыя праз апублікаванае фота з акцыі пратэстаў.
Прызначанае судом пакаранне можа вар'іравацца ад абмежавання волі на некалькі гадоў да пазбаўлення волі. Так, сужэнцы Дзіяна і Сяргей Данчанкі былі асуджаныя да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, пры гэтым Дзіяна знаходзіцца ў адпачынку па даглядзе за дзіцём. Ягор Зенчанка быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у пратэстах у Гомелі.
Вынесены прысуд пра пазбаўленне волі васьмі чалавек за ўдзел у акцыі пратэсту ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года ў Брэсце.
Да чатырох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму быў асуджаны Сяргей Кулеш, якога абвінавачвалі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Падрабязнасці гэтай справы невядомыя, тым не менш па падобных справах праваабаронцы заўсёды адзначаюць, што асобныя ўспышкі гвалту, якія мелі месца падчас паслявыбарчых пратэстаў 2020 года, не насілі масавы характар і былі справакаваныя злоўжываннямі з боку праваахоўных органаў, якія разганялі акцыі пратэсту.
Следчы камітэт абвясціў аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў, прысвечаных Дню Волі (25 сакавіка), якія праходзілі ў шэрагу краінаў, куды вымушана эмігравалі беларусы. Удзельнікаў акцый абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 361-1 КК). У кватэрах ідэнтыфікаваных удзельнікаў акцый праводзяцца ператрусы, арыштоўваецца маёмасць. Раней улады неаднаразова пераследавалі ўдзельнікаў і арганізатараў святкавання Дня Волі на тэрыторыі Беларусі.
У сітуацыі немагчымасці правядзення мірных сходаў у краіне, улады працягваюць адміністрацыйны пераслед за іншыя формы выказвання меркавання пад выглядам абвінавачванняў у правядзенні несанкцыянаваных акцый (арт. 24.23 КаАП). Так, мінчука асудзілі да 3-дзённага адміністрацыйнага арышту за пікетаванне – вывешаныя на акне кватэры бел-чырвона-белыя фіранкі. Апеляцыйны суд не знайшоў парушэнняў і пакінуў пастанову ў сіле.
Пачынаючы з 2 мая, у закрытым судовым пасяджэнні Брэсцкі абласны суд разглядае справу палітвязня Яўгена Пеляхатага, якога абвінавачваюць па шэрагу дыфамацыйных і пратэстных артыкулаў. Справу вядзе суддзя Кацярына Груда. Сярод прад'яўленых абвінавачванняў: арт. 368 КК (Абраза Аляксандра Лукашэнкі), ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі), арт. 361 КК (Заклікі да мераў абмежавальнага характару, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі), арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). У судовым раскладзе ўказана, што Пеляхаты з'яўляецца асобай, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне, г. зн. у стане непрытомнасці або асобай, што пакутуе на псіхічны разлад. Мужчыну затрымалі яшчэ год таму – 1 чэрвеня 2023 года, з ужываннем "спецыяльных сродкаў і фізічнай сілы", а з працоўнага кабінета яго выводзілі ў кайданках і з мяшком на галаве. На наступны дзень суд Ленінскага раёна Брэста абвінаваціў яго ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 24.3 КаАП) і арыштаваў на пяць сутак. Пазней Яўгена перавялі ў СІЗА №6 г. Баранавічі. Праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу на недапушчальнасць утрымання людзей з псіхічнымі разладамі ў следчых ізалятарах, асабліва пры наяўнасці падстаў да вызвалення ад крымінальнай адказнасці.
Працягваецца крымінальны пераслед грамадзянаў па абвінавачванні ў дыфамацыйных злачынствах.
Парушэнне свабоды асацыяцыі
Улады працягваюць прызнаваць прадэмакратычныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці экстрэмісцкімі фармаваннямі. Так, у траўні такімі былі прызнаныя ініцыятывы "Лекары за праўду і справядлівасць" і "FreeInfoBel".
Прызнанне арганізацый экстрэмісцкімі фармаваннямі дае магчымасць крымінальнага пераследу пад выглядам абвінавачванняў у фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці людзей, якія падтрымалі іх данатамі. Так, Максім Лапацін быў асуджаны да чатырох гадоў, а Артур Роліч – да дзевяці гадоў пазбаўлення волі за фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання і фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці. Фактычна лёс людзей, якія ахвяравалі на падтрымку грамадскіх ініцыятыў, вызначаецца тым, у які са спісаў улады пасля вызначаць такую ініцыятыву.
Таксама ўсё часцей становяцца вядомымі выпадкі пераследу грамадзянаў за інтэрв'ю незалежным медыя на падставе абвінавачванняў у экстрэмізме. Так, Уладзімір Мартаў быў затрыманы паводле крымінальнай справы аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання за ўдзел у падкасце і інтэрв'ю.
Акрамя пераследу сябраў Каардынацыйнай рады, напярэдадні выбараў ягонага новага складу КДБ пачаў пераслед кааліцый, якія ўдзельнічалі ў гэтых выбарах. На падставе гэтага ў дачыненні да 257 чалавек, якія ўваходзяць у склад выбарчых спісаў, была распачатая крымінальная справа.
Адсутнасць справядлівага судовага разбору па палітычна матываваных справах
Разгляд судамі палітычна матываваных крымінальных спраў у многіх выпадках праходзіць у закрытым судовым пасяджэнні без належнага абгрунтавання такой неабходнасці. Напрыклад, у закрытым рэжыме судзяць палітвязня Юрыя Альхавіка, якога абвінавачваюць у закліку да санкцый супраць Беларусі.
Маштабуецца крымінальны пераслед у межах спецыяльнай вытворчасці, якая дазваляе праводзіць следства і перадаваць крымінальную справу ў суд у дачыненні да абвінавачаных, што знаходзяцца не ў Беларусі. На дадзены момант спецыяльная вытворчасць распачатая ў дачыненні да 106 чалавек. Судовае разбіральніцтва па такіх справах праходзіць без удзелу абвінавачаных (in absentia). Так, у траўні пачаўся завочны суд па "справе аналітыкаў Святланы Ціханоўскай" - 20 прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і акадэміі, частка з якіх у межах прафесійнай дзейнасці ўзаемадзейнічалі з офісам Святланы Ціханоўскай.
Праваабаронца "Вясны" і былы палітвязень Леанід Судаленка, у дачыненні да якога вядзецца спецвытворчасць, паведамляе, што прызначаны дзяржавай адвакат адмаўляецца з ім кантактаваць. Гомельскі абласны суд пачне завочны разгляд яго крымінальнай справы 12 чэрвеня.
"Вясна" сабралам ўсе вядомыя выпадкі, калі палітычна матываваныя прысуды выносіліся ў следчых ізалятарах. Такая практыка, а таксама практыка разгляду крымінальных спраў у выязных пасяджэннях у памяшканнях РУУС дыскрэдытуе прынцып галоснасці судовага разбору, канчаткова ператвараючы яго ў пародыю на правасуддзе.
Катаванні і негуманнае абыходжанне
Да Дня палітвязняў "Вясна" выступіла з заявай і падрыхтавала цыкл матэрыялаў, прысвечаных тэме здароўя ў няволі: парады і рэкамендацыі лекараў, апісанне ўзроўню медыцыны ва ўстановах несвабоды, праблемаў, з якімі сутыкаюцца ахвяры парушэнняў правоў чалавека, праблемаў з несвоечасовым аказаннем дапамогі.
Парушэнне правоў і свабодаў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам
Следчы камітэт адсправаздачыўся аб барацьбе з тымі, хто ўдзельнічаў у пратэстах і мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, называючы яе барацьбой са злачынствамі экстрэмісцкай накіраванасці. Як паведамляе СК, "са жніўня 2020 года па ўсёй краіне здзейснена каля 19 тысяч злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці. За мінулы год выяўлена каля 5,5 тысячы злачынстваў, у тым ліку мінулых гадоў. Гэта і ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, масавых беспарадках, фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, абраза прадстаўнікоў улады".
Такія заявы, відавочна, маюць на мэце запалохванне ўсіх, хто не падзяляе палітыку ўлады, і кажуць пра тое, што рэпрэсіі працягваюцца. Па словах следчага, "многія з тых, хто здзейсніў злачынства ў 2020 годзе, хаваюцца да гэтага часу. Прайшло амаль чатыры гады, але працягваецца выяўленне актыўных удзельнікаў масавых беспарадкаў і прыцягненне іх да адказнасці".
Пераслед людзей за праяву салідарнасці і аказанне дапамогі пацярпелым ад рэжыму ўсё больш актыўна набірае абароты. На сённяшні дзень вядома пра як мінімум 77 асуджаных за ахвяраванні паводле арт. 361-2 КК (Фінансаванне экстрэмісцкага фармавання) і ў сукупнасці з арт. 290-1 КК (Фінансаванне тэрарызму). Гэта людзі розных прафесій, сфераў дзейнасці і сацыяльнага статусу. МУС паведаміла, што толькі з пачатку 2024 года 260 чалавек зрабілі "добраахвотныя ахвяраванні" дзяржаўным установам на суму больш за 356 тысяч долараў – гэта вынік вымагальніцтва пад пагрозай пазбаўлення волі. Некаторых данаціўшых адразу затрымлівалі ў межах крымінальнай справы за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-2 КК). За ахвяраванні ў структуры, якія прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі", паводле Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь пагражае да пяці гадоў калоніі – нават у выпадку, калі ініцыятыва-атрымальнік не была ў той час прызнаная экстрэмісцкай або тэрарыстычнай.
Згодна з існуючай практыкай, арганізацыя або група грамадзян прызнаецца экстрэмісцкім фарміраваннем з самага пачатку сваёй дзейнасці, а не з даты прыняцця рашэння. І гэта дае ўладам Беларусі магчымасць ажыццяўляць крымінальны пераслед за дзеянні, якія не з'яўляюцца крымінальна каральнымі на момант іх здзяйснення. Падобная практыка падрывае прадказальнасць прававой базы і прыводзіць да парушэння шэрагу найважнейшых працэсуальных правоў асобаў, якім прад'яўленыя абвінавачванні пры такіх абставінах. Таксама такая практыка не ўлічвае абавязковай умовы – злачынства паводле арт. 361-2 і арт. 290-1 КК можна здзейсніць толькі з намерам, тады як большасць з тых, каму прад'яўленыя абвінавачванні, не ведалі і не маглі ведаць пра тое, што асобныя суб'екты ўлады абвінавацяць пасля ў экстрэмізме і тэрарызме. |
Працягваецца беспрэцэдэнтны пераслед і за "фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці" (арт. 290-1 КК) – за данаты розным ініцыятывам, напрыклад, BYPOL і "Кіберпартызанам", якія былі прызнаныя ўладамі "тэрарыстычнымі арганізацыямі". Па дадзеным артыкуле пагражае да 12 гадоў зняволення. Апошнім часам беларусаў часцей пачалі судзіць адразу за фінансаванне экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці. У траўні вядома пра не менш за восем такіх выпадкаў.
За травень 2024 г. МУС і КДБ у суме вынеслі 17 рашэнняў "Аб прызнанні групы грамадзянаў экстрэмісцкім фармаваннем і забароне яго дзейнасці" (для параўнання: за ўвесь 2023 г. было вынесена 62 рашэнні). У выніку гэтых рашэнняў "Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці" папоўніўся групамі беларусаў па інтарэсах, у тым ліку ўсімі кааліцыямі на выбарах у Каардынацыйную Раду.
Таксама КДБ "прызнала" экстрэмісцкімі фармаваннямі "Еўрапейскі выбар", "Лекары за праўду і справядлівасць", "FreeInfoBel", "Чат 97% ДКЖ", "Хопіць баяцца" / "Хопіць баяцца злаваць дзеда" / "Хватит бояться". МУС вынесла адпаведныя рашэнні ў дачыненні да "Мы не халопы", "Народны рэпарцёр" і "Бобр 97%".
У адказ на гэта заснавальнікі праваабарончай установы "Лекары за праўду і справядлівасць" прынялі адпаведную заяву. Яны адзначаюць, што іх установа займаецца даследаваннем і абмеркаваннем грамадска значных праблемаў, прадастаўляе пляцоўкі для публічных выказванняў экспертам, спецыялістам, грамадзянам, праводзіць дыскусіі на тэмы пенітэнцыярнага здароўя. Лекары трактуюць прынятае супрацоўнікамі КДБ рашэнне як незаконнае і паведамляюць пра працяг сваёй дзейнасці, накіраванай на тое, каб у Рэспубліцы Беларусь дзейнічаў Закон, перамагалі праўда і справядлівасць.
"Пералік грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці" ў траўні папоўніўся на 107 чалавек. Падставай для ўключэння ў пералік з'яўляецца вырак суда, які ўступіў у законную сілу, паводле артыкулаў "экстрэмісцкай накіраванасці".
Сярод артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія фігуруюць у такіх прысудах, часцей за ўсе сустракаюцца:
- артыкул 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх);
- артыкул 368 КК (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
- артыкул 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы);
- артыкул 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады);
- артыкул 361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім).
Беларускі Хельсінскі Камітэт прэзентаваў вынік аналітыкі "Правы чалавека ў Беларусі. Асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі. Студзень-красавік 2024". Сімвалічная вокладка з коцікам-касманаўтам, які ўцякае ад міліцэйскай дубінкі, адлюстроўвае, што нават тыя, хто карыстаецца вызначынымі Лукашэнкам ільготамі, могуць пазбавіцца іх пры абвінавачванні ў злачынствах "экстрэмісцкай накіраванасці" (указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб статусе беларускага касманаўта").
Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які вядзецца Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, папоўніўся на 65 рашэнняў судоў, якія ўключаюць ад адной да сямі адзінак інфармацыйнай прадукцыі. Сярод іх каля 20 Youtube-каналаў і відэаролікаў; каля 20 Instagram-старонак; 15 каналаў, чатаў і ботаў у Telegram; чатыры акаўнты ў Tik-Tok, чатыры старонкі ва УКантакце; шэсць старонак у Аднакласніках і інш.
Характэрна, што сярод прызнаных экстрэмісцкімі матэрыяламі тэлеграм-канал "Андрэй Бука. Думкі ўслых", у якім толькі тры падпісчыкі, а апошні пост быў зроблены больш за год таму.
Працэс прызнання прадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі нельга назваць аб'ектыўным, празрыстым і экспертным. Палітычна матываваная ацэнка праводзіцца без належнага аналізу і абгрунтавання членамі камісій, якія адначасова займаюць дзяржаўныя пасады або маюць сувязь з дзяржаўнымі структурамі. Паўнамоцтвы па ацэнцы на прадмет наяўнасці прыкметаў праяваў экстрэмізму ўскладаюцца на рэспубліканскую (для г. Мінска) і абласныя камісіі. Пры гэтым на заканадаўчым узроўні да іх прад'яўляюцца размытыя патрабаванні па складах, задачах, правах і абавязках членаў камісіі, а таксама рэгламенту прыняцця рашэнняў.
У выніку прызнання матэрыялаў экстрэмісцкімі пад адміністрацыйны пераслед па арт. 19.11 КаАП (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць) трапляюць асобы, якія перасылаюць інфармацыю з такіх крыніцаў інфармацыі, альбо інфармацыю, якая ўтрымлівае іх лагатыпы. За травень адбылося як мінімум 270 судовых пасяджэнняў паводле арт. 19.11 КаАП.
Так, па гэтай фармальнай падставе актывістку руху "Маці-328" і каардынатарку дапамогі сіротам Марыну Уладыку затрымалі і арыштавалі на 15 сутак.
Таксама блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым 20-гадовым студэнтам трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. На камеру хлопец кажа, што ў 2020 годзе пісаў у чат-бот праекта "Голас", хадзіў на пратэсты і распаўсюджваў "экстрэмісцкія матэрыялы".
28 траўня пачаўся судовы працэс у дачыненні да 18-гадовага студэнта першага курса БДПУ Германа Лебедзева. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Пры гэтым замест таго, каб адразу весці крымінальны працэс у дачыненні да Германа, яго тройчы судзілі за распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў", а менавіта за рэпосты з тэлеграм-канала NEXTA і "Беларусь галаўнога мозгу", у выніку чаго ён цэлы месяц адбываў адміністрацыйны арышт. Гэтая ўстояная незаконная практыка ўжываецца сілавікамі для "выбівання" прызнальных паказанняў, якія пасля кладуцца ў матэрыялы крымінальнай справы.
Спіс асобаў і арганізацый, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, КДБ перастаў публікаваць і размяшчаць у адкрытым доступе – сайт спецслужбы спыніў існаванне.
Пераслед адвакатаў
Кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь 7 траўня 2024 года праведзена чарговая атэстацыя адвакатаў, па выніках якой прынятыя рашэнні аб немагчымасці выканання сваіх прафесійных абавязкаў адвакатамі Інай Барташ і Анатолем Лапцевым. Кваліфікацыйнай камісіяй прынята рашэнне аб магчымасці спынення ліцэнзіі ў дачыненні да Глеба Драздова, падставай для гэта стала выключэнне яго з Віцебскай абласной калегіі адвакатаў.
Магчымасць такога ўмяшання ў дзейнасць незалежнага інстытута непрымальная і стварае ўмовы для беспакаранага ціску на адвакатуру. Вынікам ціску стала страта беларускай адвакатурай рысаў самакіравальнай арганізацыі. Кваліфікацыйная камісія складаецца з васьмі лаяльных уладам адвакатаў, па адным прадстаўніку ад Вярхоўнага Суда, Генеральнай пракуратуры, іншых дзяржаўных органаў; пяці прадстаўнікоў ад Міністэрства юстыцыі; двух прадстаўнікоў ад навуковых арганізацый. Старшынёй Кваліфікацыйнай камісіі з'яўляецца намеснік міністра юстыцыі.
27 траўня Human Rights Watch, Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека і праект "Права на абарону" прадставілі даклад пад назвай "Клянуся шчыра і добрасумленна выконваць абавязкі адваката": палітычна матываваныя пераследы адвакатаў-праваабаронцаў у Беларусі". У ім апісваецца ўсталяванне практычна поўнага дзяржаўнага кантролю над юрыдычнай прафесіяй у Беларусі і рэпрэсіі з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да адвакатаў-праваабаронцаў.
У цяперашні час як мінімум сем адвакатаў пазбаўленыя волі па палітычных матывах.
Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Травень 2024