04.06.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя Судом Дзятлаўскага раёна 30 траўня разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да жыхара Слоніма Дзмітрыя Данільчыка, абвінавачанага ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Справу разглядаў суддзя Сяргей Сёмуха.
Вядома, што Данільчыка затрымалі ў Cлоніме ў жніўні 2023 года і першапачаткова арыштавалі на 15 сутак, пасля чаго была ўзбуджаная крымінальная справа.
Па матэрыялах абвінавачання, Данільчык “неаднаразова размяшчаў у экстрэмісцкіх чатах месенджара “Telegram” і ў публічных чатах відэахостынгу “YouTube” інфармацыю абразлівага характару ў дачыненні да Лукашэнкі, якая зневажае ягоны гонар, годнасць асобы і аўтарытэт. Ён жа ў лютым 2022 года па ліпень 2023 года размясціў у сетцы Інтэрнэт у непрыстойных па форме і зневажальных па накіраванасці паведамленні і каментары ў дачыненні да прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў”.
Суд прызнаў яго вінаватым і на падставе ч. 1 арт.368 КК прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады, а на падставе арт. 369 КК прызначыў пазбаўленне волі на тэрмін адзін год са штрафам у памеры 100 базавых велічынь.
Шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім абвінавачанаму Дзмітрыю канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады са штрафам у памеры 100 базавых велічынь. Тэлефон канфіскаваны ў даход дзяржавы.
Крыніца: "Размяшчаў каментары абразлівага характару": вынесены прысуд жыхару Слоніма