23.05.2024 Тэгі: аналітыка, прымусовая праца, карткі Сучаснае рабства, у тым ліку прымусовая праца, да гэтага часу выкарыстоўваецца ў свеце і ў нашай краіне ў розных формах. Наколькі распаўсюджана ў свеце прымусовая праца? Якая сітуацыя з прымусовай працай у беларускіх месяцах няволі? Якія прававыя рэформы ў свеце і Беларусі ладзяцца ў напрамку спынення прымусовай працы з боку дзяржавы? З праваабаронцам "Вясны" Алегам Мацкевічам працягваем распавядаць пра прымусовую працу ў Беларусі ў кантэксце міжнародных стандартаў.
Якія пытанні ўздымаюцца ў матэрыяле:
- Што такое сучаснае рабства?
- Як разумеецца "прымусовая праца" ў вызначэнні міжнародных пагадненняў і арганізацый?
- Чым адрозніваюцца прымусовая праца і вымушаная праца?
- Наколькі распаўсюджана ў свеце прымусовая праца?
- Якія існуюць віды прымусовай працы?
- Колькі людзей у свеце выконваюць прымусовыя працы, якія навязваюцца дзяржавай?
- Ці злоўжываюць прымусовай працай у турме?
- Якая сітуацыя з прымусовай працай у беларускіх месяцах няволі?
- Ці прыцягваюць да прымусовых прац палітвязняў у свеце і Беларусі?
- Ці выкарыстоўваецца ў свеце і ў Беларусі прымусовая праца як сродак расавай або рэлігійнай дыскрымінацыі?
- Ці выкарыстоўваецца прымусовая праца за парушэнне працоўнай дысцыпліны?
- Прыцягненне да прымусовых работ за негвалтоўны ўдзел у забастоўках
- Як выглядае злоўжыванне турэмнай працай у інтарэсах прыватных асоб?
- Абавязковыя працы для адміністрацыйна арыштаваных у свеце і Беларусі
- Абавязковыя працы для асоб, якія знаходзяцца пад вартай у СІЗА
- Злоўжыванне прызывам на ваенную службу
- Што разумеецца пад працоўнай павіннасцю ў мэтах развіцця гаспадаркі, і якая сітуцыя з гэтым у свеце і Беларусі?
- Вымаганне працы звыш звычайных грамадзянскіх абавязкаў або за межамі дробных камунальных паслуг
- Якія прававыя рэформы ў свеце і Беларусі ладзяцца ў напрамку спынення прымусовай працы з боку дзяржавы?
Прымусовая праца: як беларускі ўрад (не)выконвае міжнародныя абавязальніцтвы
Што такое сучаснае рабства?Тэрмін "сучаснае рабства" выкарыстоўваецца шэрагам уплывовых міжнародных інстытуцый, у тым ліку Міжнароднай арганізацыяй працы, з мэтай абагульнення канкрэтных прававых паняццяў, уключаючы прымусовую працу, паняццяў, звязаных з прымусовай працай (напрыклад, даўгавая кабала, рабства і падобныя да рабства практыкі і гандаль людзьмі), і прымусовы шлюб. Каб зрабіць гэты набор складаных прававых канцэпцый вымяральным, глабальныя ацэнкі сканцэнтраваны на дзвюх ключавых формах сучаснага рабства: прымусовай працы і прымусовым шлюбе. Два элементы сучаснага рабства – прымусовая праца і прымусовы шлюб – адлюстроўваюць адмаўленне свабоды людзей і іх эканамічнай і сацыяльнай волі. Абодва адносяцца да сітуацый эксплуатацыі, ад якіх чалавек не можа адмовіцца або ўнікнуць іх з-за пагроз, гвалту, прымусу і падману. І тое, і іншае ўключае ў сябе дысбаланс і злоўжыванне ўладай. Абодва элементы ўкаранёныя ў мадэлі дыскрымінацыі, нястачы і галечы. Прабелы ў кіраванні, заканадаўстве і практыцы ствараюць прастору для ўзнікнення абодвух гэтых злоўжыванняў. Але шмат у чым гэтыя два парушэнні правоў чалавека таксама ўнікальныя. Прымусовая праца сустракаецца ў сферы працы і пераплятаецца з адмаўленнем права на калектыўныя перамовы і права на свабоду асацыяцый. Прымусовыя шлюбы адбываюцца па-за сферай працы, але тыя, хто жыве ў прымусовым шлюбе, могуць падвяргацца прымусовай працы і хатняму рабству. Прымусовыя шлюбы абумоўлены ўкаранелымі патрыярхальнымі нормамі, дыскрымінацыйным заканадаўствам, палітыкай і сістэмамі, якія менш цэняць жанчын і дзяўчат і кантралююць іх сексуальнасць. |
Як разумеецца "прымусовая праца" ў вызначэнні міжнародных пагадненняў і арганізацый?У адпаведнасці з практыкай Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) у сучасным свеце прымусовая праца падзяляецца на:
Да прымусовай працы, як вынікае з Канвенцыі МАП ад 1930 года № 29, належыць "ўсялякая праца або служба, якія патрабуюцца ад любой асобы пад пагрозай якога-небудзь пакарання і для выканання якой гэтая асоба не прапанавала сябе добраахвотна". Прымус можа мець месца ў працэсе найму работніка, каб прымусіць яго ці яе прыняць працу або, калі чалавек працуе, каб прымусіць яго ці яе выконваць задачы, якія не ўваходзяць у тое, што было ўзгоднена падчас найму, або каб прадухіліць яго ці яе звальненне з працы. Выключэнні, калі праца не лічыцца прымусовай, выкладзены ў арт. 2 Канвенцыі № 29. |
Чым адрозніваюцца прымусовая праца і вымушаная праца?У тэрміналогіі МАП для мэтаў вымярэння і збору дадзеных прымусовая праца вызначаецца як праца, якая выконваецца пад пагрозай любога пакарання і з’яўляецца абавязковай. Акрамя тэрміну “прымусовая праца” (forced labour) у дакументах МАП выкарыстоўваецца таксама паняцце “вымушаная праца” (involuntary work). Адрозненні палягаюць у акалічнасцях: вымушаная праца – гэта праца, якая робіцца без свабоднай і свядомай згоды работніка, у той час як прымусовая праца – гэта праца, якая робіцца без свабоднай і свядомай згоды работніка пад прымусам. |
Наколькі распаўсюджана ў свеце прымусовая праца?Згодна са звесткамі з даклада "Глабальныя ацэнкі сучаснага рабства. Прымусовая праца і прымусовы шлюб", падрыхтаваным у рамках супрацоўніцтва паміж МАП, Walk Free і Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі, прымусовая праца пашырана на ўсіх кантынентах. Найбольшае распаўсюджанне яна атрымала ў Азіі і Ціхаакеанскім рэгіёне – там знаходзіцца больш за палову агульнай колькасці людзей, якія падвяргаюцца эксплуатацыі, або 15,1 мільёнаў чалавек. Другое месца ў гэтым спісе займае Еўропа і Цэнтральная Азія – 4,1 мільёнаў чалавек. Па дадзеных Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) у 2021 годзе штодня каля 27,6 мільёнаў чалавек у свеце выконвалі прымусовую працу, пры гэтым большая частка зарэгістраваных выпадкаў – 86% – прыходзіцца на прыватны сектар (63% з іх – прымусовая працоўная эксплуатацыя, 23% – прымусовая камерцыйная сексуальная эксплуатацыя), а прымусовая праца, навязаная дзяржавай, складае 14%. У перыяд з 2016 года, калі праводзілася перадапошняе даследаванне, па 2021 год колькасць людзей, занятых на прымусовай працы штодня, павялічылася на 2,7 мільёна чалавек. Міжнародная праваабарончая група Walk Free апублікавала глабальны індэкс рабства. Згодна з гэтым даследаваннем вымярэнне маштабаў сучаснага рабства праводзілася ў 160-ці краінах. Аналіз заснаваны на тысячах інтэрв’ю з людзьмі, якія перажылі сучаснае рабства, сабраных з дапамогай рэпрэзентатыўных на нацыянальным узроўні апытанняў хатніх гаспадарак у 75 краінах, а таксама на ацэнцы ўразлівасці на нацыянальным узроўні, праведзенай арганізацыяй Walk Free. Згодна з даследаваннем, Беларусь у глабальным індэксе рабства з паказчыкам 11,3 (колькасць людзей на 1000 чалавек, у дачыненні да якіх выкарыстоўваюцца розныя формы сучаснага рабства) займае 16-е месца, знаходзячыся паміж Албаніяй (11,8) і Казахстанам (11,1). Суседзі Беларусі знаходзяцца на наступных пазіцыях: Латвія – 123-е месца (3,4), Літва – 74-е месца (6,1), Малдова – 25-е месца (9,5), Польшча – 81-е месца (5,5), Расія – 8-е месца (13), Украіна – 11-е месца (12,8), Эстонія – 108-е месца (4,1). |
Якія існуюць віды прымусовай працы?У паняцце прымусовай працы ўваходзіць як праца, якая навязваецца прыватнымі агентамі, гэтак і праца, якая навязваецца дзяржавай. Прымусовая праца, якая навязваецца прыватнымі агентамі, размяжоўваецца на працу, якая выконваецца ў мэтах камерцыйнай сексуальнай эксплуатацыі, і астатнія віды працы, якія аб’ядноўваюцца назвай "прымусовая працоўная эксплуатацыя". Таксама ў межах прымусовай працы, якая навязваецца прыватнымі агентамі, асобна разглядаюцца праблемы эксплуатацыі дарослых і дзяцей. Прымусовая праца, якая навязваецца дзяржавай, выкарыстоўваецца ў глабальных ацэнках для апісання розных формаў прымусовай працы, якія навязваюцца дзяржаўнымі ўладамі, агентамі, якія дзейнічаюць ад імя дзяржаўных уладаў, і арганізацыямі з паўнамоцтвамі, аналагічнымі дзяржаўным. Прымусовая праца, навязаная дзяржавай, мае шэраг асноўных характарыстык: 1) адбываецца мабілізацыя працоўнай сілы з выкарыстаннем дзяржаўных апаратаў, уключаючы армію, паліцыю, судовую і турэмную сістэмы; 2) гэтыя дзяржаўныя апараты дзейнічаюць альбо ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, якое не адпавядае Канвенцыям МАП, альбо ў парушэнне нацыянальнага і міжнароднага права; 3) шляхоў да выпраўлення сітуацыі не існуе, таму што прымусовая праца навязваецца самой дзяржавай. |
Колькі людзей у свеце выконваюць прымусовыя працы, якія навязваюцца дзяржавай?Глабальныя ацэнкі за 2021 год паказваюць, што штодня ў свеце каля 3,9 мільёнаў чалавек выконваюць прымусовую працу, навязаную дзяржавай. Сярод гэтай колькасці людзей каля 56% тых, хто выконвае прымусовую працу на карысць дзяржавы ў якасці зняволеных, каля 27% тых, чыя праца звязаная са злоўжываннямі, звязанымі з прызывам на вайсковую службу, і каля 17% тых, чыя прымусовая праца накіравана на эканамічнае развіццё дзяржавы, або якая перавышае звычайныя грамадзянскія абавязкі. У дакладзе няма звестак асобна па краінах, таму даведацца з яго аб колькасці людзей, занятых прымусовай працай у Беларусі, немагчыма. На гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны – ацэнкі Міжнароднай арганізацыі працы фармуюцца на падставе розных крыніцаў дадзеных, але ні адна з іх не з’яўляецца поўнай. Сярод крыніцаў – інфармацыя, якая даецца самімі дзяржавамі, рэпрэзентатыўныя на нацыянальным узроўні абследаванні хатніх гаспадарак, ананімныя дадзеныя аб ахвярах гандлю людзьмі і іншыя. Такім чынам, адлюстраванне рэальнага становішча з прымусовай працай залежыць у першую чаргу ад ступені адкрытасці краінаў-сябраў МАП і іх рашучасці сумленна змагацца з гэтым злом. Між тым, можна адзначыць наступнае. У параўнанні з большасцю сусветных эканомік беларуская эканоміка мае шэраг асаблівасцяў. У першую чаргу – высокую ступень яе адзяржаўлення. Згодна з ацэнкамі Міжнароднага валютнага фонду Беларусь застаецца адной з краінаў Еўропы з найбольшым кантролем дзяржавы ў эканоміцы. На прадпрыемствы, якія або цалкам належаць дзяржаве, або належаць дзяржаве часткова, але кантралююцца ёй, даводзіцца прыкладна палова сукупнай занятасці і дадатковай вартасці ў эканоміцы. Гэтая акалічнасць стварае ўмовы для магчымых масавых злоўжыванняў з боку дзяржавы на рынку працы, і да таго, што ў Беларусі ў цэлым характэрнай з’явай у структуры прымусовай працы з’яўляецца вялікі сектар прымусовай працы, навязанай дзяржавай. |
Ці злоўжываюць прымусовай працай у турме?Абавязковыя працы ў турме могуць прымяняцца толькі да зняволеных, якія адпавядаюць пэўным умовам:
Акрамя таго, абавязковыя працы не могуць прымяняцца як сродак расавай, сацыяльнай, нацыянальнай або рэлігійнай дыскрымінацыі. Праца павінна кантралявацца дзяржаўнымі ўладамі і не павінна прызначацца для прыватных асоб, кампаній або асацыяцый, калі не выкананы шэраг дадатковых умоваў (тлумачацца ніжэй). |
Якая сітуацыя з прымусовай працай у беларускіх месяцах няволі?Турэмная праца з’яўляецца абавязковай для ўсіх зняволеных. Згодна з нормамі Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у месцах пазбаўлення і абмежавання волі абавязаны працаваць:
Абавязак працаваць для асуджаных да зняволення ў крымінальным парадку ў Рэспубліцы Беларусь уводзіцца ў незалежнасці ад зместу прысуду і ад складу здзейсненага злачынства. Такі падыход супярэчыць палажэнням Канвенцый аб скасаванні прымусовай працы № 29 і 105. |
Ці прыцягваюць да прымусовых прац палітвязняў у свеце і Беларусі?Адным з найбольш распаўсюджаных парушэнняў з’яўляецца прымусовае выкананне абавязковых прац для людзей, затрыманых за негвалтоўныя палітычныя злачынствы. CEACR рэгулярна просіць дзяржавы, якія ратыфікавалі канвенцыі аб забароне прымусовай працы, прыняць меры для перагляду свайго заканадаўства або спосабаў прымянення гэтага заканадаўства на практыцы з мэтай забеспячэння таго, каб заканадаўства не дазваляла або не выкарыстоўвалася для накладання пакаранняў, звязаных з абавязковай працай (у тым ліку абавязковыя турэмныя, грамадскія або папраўчыя работы) асоб, якія выказваюць палітычныя погляды або мірна выступаюць супраць устаноўленага палітычнага, эканамічнага або грамадскага ладу. CEACR і іншыя маніторынгавыя органы ААН па правах чалавека таксама выказалі заклапочанасць у сувязі з выкарыстаннем антытэрарыстычных законаў ці пад прыкрыццём інтарэсаў нацыянальнай бяспекі ў якасці сродкаў турэмнага зняволення за выказванне палітычных поглядаў або ажыццяўленне незалежнай дзейнасці грамадзянскай супольнасцю, уключаючы прафсаюзных дзеячаў, бізнесменаў, абаронцаў правоў чалавека, юрыстаў, журналістаў. У Беларусі масава практыкуюцца абавязковыя працы (згодна з нормай артыкула 98 КВК) для асоб, асуджаных за негвалтоўныя палітычныя злачынствы. У Беларусі, у адпаведнасці з данымі праваабаронцаў, у месцах зняволення на 23 траўня 2024 года ўтрымліваецца 1402 палітычных вязня. Абсалютная большасць з іх асуджаная да крымінальных тэрмінаў за ўдзел у мірных акцыях пратэсту і за іншыя негвалтоўныя палітычныя злачынствы. Гэтая лічба можа быць у разы большай з прычыны немагчымасці адсачыць лёс усіх палітычных і грамадскіх актывістаў, якія, магчыма, былі падвергнутыя крымінальнаму пераследу за сваю негвалтоўную пазіцыю. Для палітычнага пераследу ў Рэспубліцы Беларусь масава выкарыстоўваецца нацыянальнае заканадаўства, накіраванае на барацьбу з экстрэмізмам і тэрарызмам. |
Ці выкарыстоўваецца ў свеце і ў Беларусі прымусовая праца як сродак расавай або рэлігійнай дыскрымінацыі?Выпадкі, калі прымусовая праца можа быць навязаная дзяржавай у якасці сродку пакарання па прыкмеце расавай або рэлігійнай дыскрымінацыі, зафіксаваныя ў выніках маніторынгу сітуацыі з правамі работнікаў у такіх рэгіёнах, як Кітай, Пакістан і ЗША. CEACR заклікае гэтыя дзяржавы актывізаваць свае высілкі з мэтай каб расавая ці рэлігійнай дыскрымінацыя пры вынясенні крымінальных прысудаў і на іншых стадыях крымінальнага працэсу не прыводзілі да несувымерных прысудаў, якія дапускаюць прымусовыя працы. У Кітаі прымусовая праца ў якасці сродку расавай або рэлігійнай дыскрымінацыі выкарыстоўваецца ў дачыненні да уйгураў і іншых пераважна мусульманскіх меншасцяў. У Беларусі сярод палітычна асуджаных і сярод тых, каго пераследуюць у крымінальным парадку, ёсць прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў і рэлігійных абшчынаў. Юрыдычнымі падставамі для крымінальнага пераследу ва ўсіх выпадках з’яўляюцца не расавая, або рэлігійная дыскрымінацыя, а абвінавачанні ў "распальванні іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы", "заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь", "удзел у злачыннай арганізацыі" і іншыя падобныя артыкулы Крымінальнага кодэкса, а сам крымінальны пераслед мае палітычны характар. |
Ці выкарыстоўваецца прымусовая праца за парушэнне працоўнай дысцыпліны?Было ўстаноўлена, што прымусовая праца, якая ўводзіцца ў выніку парушэння працоўнай дысцыпліны, мае месца ў краінах, у тым ліку ў Батсване, дзе нацыянальнае заканадаўства прадугледжвае санкцыі ў выглядзе пазбаўлення волі з абавязковай турэмнай працай за любое наўмыснае парушэнне працоўнага дагавора работнікам, які выконвае абавязкі асобна або ў спалучэнні з іншымі, калі такое парушэнне ўплывае на працу занадта шырока вызначаных асноўных паслуг. Гэта таксама ёсць ў Рэспубліцы Малдова, дзе крымінальным заканадаўствам прадугледжана, што невыкананне або неналежнае выкананне службовай асобай сваіх абавязкаў у выніку нядбайнага стаўлення да іх, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды законным правам і інтарэсам асоб або арганізацый, або грамадскім інтарэсам, караецца пазбаўленнем волі з абавязковымі турэмнымі працамі. МАП дапускае ўвядзенне прапарцыйных санкцый за дзеянні, якія пагражаюць жыццю або здароўю людзей. У адваротным выпадку ўсе санкцыі, звязаныя з абавязковай працай, павінны быць адменены ў адпаведнасці з канвенцыямі МАП № 29 і 105, і краіны павінны ўзяць на сябе абавязацельствы па рэформах, накіраваных на прывядзенне сваіх законаў у адпаведнасць з канвенцыямі аб прымусовай працы. У Беларусі ў адпаведнасці з арт. 465 Працоўнага кодэкса юрыдычныя і фізічныя асобы, якія вінаватыя ў парушэнні заканадаўства аб працы, нясуць дысцыплінарную, адміністратыўную, крымінальную і іншую адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам. Арт. 162 Крымінальнага кодэкса прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента або заражэнне ВІЧ. З пункту гледжання патрабаванняў МАП гэтая санкцыя апраўданая, таму што адказнасць наступае за дзеянні, якія звязаныя з пагрозай жыццю або здароўю людзей. Яшчэ адзін прыклад – арт. 306 КК, які прадугледжвае адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі за парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі, якое пацягнула прафесійнае захворванне, цялесныя пашкоджанні або смерць чалавека. Гэтыя санкцыі таксама адпавядаюць патрабаванням МАП, таму што звязаныя з адказнасцю за дзеянні, які пацягнулі шкоду здароўю або жыццю чалавека. Арт. 428 КК прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў за невыкананне або неналежнае выкананне службовай асобай сваіх службовых абавязкаў з прычыны недобрасумленнага або нядбайнага стаўлення да службы, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне шкоды дзяржаўнай маёмасці ў асабліва буйным памеры. Частка 2-я гэтага ж артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 6 гадоў за тыя ж самыя дзеянні, якія пацягнулі смерць чалавека або іншыя цяжкія наступствы. З пункту гледжання патрабаванняў МАП санкцыя апраўданая ў выпадку, калі наступствам дзеянняў з’яўляецца смерць чалавека, або іншыя цяжкія наступствы для его здароўя. Калі ж вядзецца толькі аб прычыненні шкоды дзяржаўнай маёмасці, то крымінальная адказнасць (з улікам таго фактара, што ўсе зняволеныя ў Беларусі мусяць выконваць абавязковую працу) будзе пярэчыць практыцы МАП і нормам канвенцый №№29 і 105 аб скасаванні прымусовай працы. Ёсць і іншыя прыклады, калі прыцягненне да крымінальнай адказнасці ў выглядзе пазбаўлення волі за парушэнне нормаў працоўнага заканадаўства супярэчыць патрабаванням Канвенцый № 29 і 105 аб скасаванні прымусовай працы. Напрыклад, пазбаўленне волі за неабгрунтаваную адмову ў прыёме на працу або звальненне жанчыны па матывах яе цяжарнасці, альбо заведама незаконнае звальненне асобы з працы (артыкул 199 КК). Нягледзячы на тое, што такая жорсткая санкцыя накіраваная на абарону мацярынства і дзяцінства, а таксама правоў працоўных, яна прадстаўляецца празмернай з пункту гледжання палажэнняў канвенцый № 29 і 105 аб скасаванні прымусовай працы і практыкі МАП, таму што ўводзіцца за наступствы, якія не звязаныя з уплывам на здароўе або жыццё чалавека. |
Прыцягненне да прымусовых работ за негвалтоўны ўдзел у забастоўкахЗгодна глабальнаму дакладу іІншым частым парушэннем з’яўляецца прымус да працы зняволеных, якія знаходзяцца ў зняволенні за негвалтоўны ўдзел у забастоўках або выкарыстанне іншых спосабаў заахвочвання правоў працоўных. Забастоўкі могуць быць забароненыя і могуць быць уведзеныя крымінальныя санкцыі, звязаныя з прымусовай працай, для работнікаў асноўных службаў (паслугаў) як у дзяржаўным, так і ў прыватным сектары, а таксама ў абмежаваным ліку іншых абставінаў (напрыклад, звязаных з мінімальнымі эксплуатацыйнымі патрабаваннямі і мінімальнымі патрабаваннямі бяспекі і аховы здароўя). Аднак некаторыя краіны вызначаюць «асноўныя службы (паслугі)» значна шырэй, чым наглядныя органы МАП лічаць прымальным, і парушэнні забароны на забастоўку ў службах (пры аказанні паслугаў), якія не могуць лічыцца «асноўнымі», у адпаведнасці з Канвенцыяй МАП №105 не павінны мець наступствам прымусовыя працы. У Беларусі сярод палітычна зняволеных ёсць асобы, якія з’яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі забастовачнага руху ў 2020-2021 гадах. Гэта Аляксандр Кухаронак, Ганна Аблаб, Уладзімір Жураўка, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька, Аляксандр Капшуль і іншыя. Усе яны знаходзяцца ў зняволенні і падвяргаюцца прымусовай працы за негвалтоўны ўдзел у забастоўках, якія не закраналі выканання жыццёва важных асноўных службаў (паслугаў) як у дзяржаўным, так і ў прыватным сектары, або за выкарыстанне іншых спосабаў заахвочвання правоў працоўных. Юрыдычнымі падставамі для крымінальнага пераследу з’явіліся абвінавачанні ў "здрадзе дзяржаве", "стварэнні экстремісцкага фармавання і ўдзеле ў ім" і іншыя артыкулы Крымінальнага кодэкса, а сам крымінальны пераслед мае палітычны характар. Гэткая практыка супярэчыць абавязацельствам Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з нормамі Канвенцыі № 29 і Канвенцыі № 105 аб скасаванні прымусовай працы. |
Як выглядае злоўжыванне турэмнай працай у інтарэсах прыватных асоб?Праца зняволеных можа выкарыстоўвацца ў інтарэсах прыватных асоб, кампаній або арганізацый толькі пры выкананні некалькіх дадатковых патрабаванняў. Зняволены павінен даць згоду на працу і яму не павінна пагражаць пакаранне (напрыклад, пазбаўленне прывілеяў) за адмову. Прапанаваныя працадаўцам умовы працы павінны быць набліжанымі да тых, што прапануюцца іншым работнікам на рынку працы. Зняволеныя павінны атрымліваць такую ж заработную плату, як і іншыя работнікі, працягласць штодзённай працы павінна адпавядаць працоўнаму заканадаўству, меры аховы здароўя і бяспекі павінны прымяняцца ў адпаведнасці з заканадаўствам, а таксама павінны прысутнічаць любыя стандартныя гарантыі, даступныя іншым работнікам. Апрача гэтага, работнікі павінны дадаткова знаходзіцца пад наглядам дзяржаўных органаў. Прыклады краін, дзе турэмная праца для прыватных арганізацый адпавядае патрабаванням Канвенцыі, ўключаюць Канаду, Чылі і Калумбію. Парушэнні звычайна звязаныя з накіраваннем зняволеных на працу ў прыватных інтарэсах без іх згоды і/або без узнагароды. У некаторых краінах зняволеныя, якія добраахвотна згаджаюцца працаваць на прыватных прадпрыемствах, альбо не атрымліваюць заробак наогул, альбо ім плацяць толькі сімвалічны заробак. Выпадкі, якія разглядаюцца маніторынгавымі органамі ААН па правах чалавека, уключаюць Манголію. У іншых краінах справы, якімі займаецца CEACR, тычацца зняволеных, накіраваных працаваць у прыватных інтарэсах за ўзнагароджанне, але без згоды (напрыклад, Аўстралія, Аўстрыя, Германія, Расійская Федэрацыя і Злучанае Каралеўства). Абавязковая праца зняволеных у Беларусі выкарыстоўваецца не толькі пад наглядам і кантролем дзяржаўных органаў на дзяржаўных прадпрыемствах, але і ў прыватным сектары.
Парушэнні звязаныя з тым, што зняволеных накіроўваюць на працы ў прыватны сектар без іх згоды і без належнай узнагароды. Заробак можа пералічвацца прыватнымі суб’ектамі гаспадарання на рахунак папраўчай установы, у якой утрымліваецца зняволены, а яму з гэтай сумы выплачваюцца толькі сімвалічныя грошы. |
Абавязковыя працы для адміністрацыйна арыштаваных у свеце і БеларусіАбавязковыя працы не могуць быць прызначаны адміністрацыйна арыштаваным асобам ні пры якіх абставінах. Распаўсюджаным парушэннем з’яўляецца прыцягненне да прымусовых работ тых, хто быў затрыманы праваахоўнымі органамі, але не асуджаны, таму што яны здзейснілі "дробныя правапарушэнні" – такія, якія не з’яўляюцца дастаткова сур’ёзнымі, каб быць прыцягнутымі да крымінальнай адказнасці, але дастатковымі, каб падпадаць пад "перавыхаванне". Іншыя выпадкі ўключаюць прымусовыя працы для затрыманых у цэнтрах адміністрацыйнага затрымання, створаных для наркаманаў, жабракоў, прастытутак, валацуг, беспрытульных дзяцей і іншых маргіналізаваных груп, зноў жа нібыта ў мэтах перавыхавання або рэабілітацыі. У Беларусі, напрыклад, людзі, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію, могуць быць накіраваны ў ЛПП (лячэбна-працоўныя прафілакторыі), дзе яны абавязаны працаваць. Іншыя прыклады ўключаюць Мазамбік, дзе асобы, вызначаныя як «непрадуктыўныя» або "антыграмадскія" могуць быць арыштаваныя і накіраваныя ў выхаваўчыя ізалятары або накіраваныя ў вытворчыя галіны; і Дэмакратычную Рэспубліку Конга, дзе людзі могуць быць арыштаваныя і асуджаныя судом за бадзяжніцтва або жабраванне і вымушаныя працаваць. У Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы УВКПЧ паведамляе аб цяжкіх працах у працоўных лагерах затрыманых у адміністратыўным парадку без суда. Але што тычыцца Беларусі, то пакараныя ў адміністрацыйным парадку грамадзяне Беларусі згодна з нормамі Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях (артыкул 6.5) могуць быць прыцягнутыя да выканання грамадскіх працаў пры наяўнасці згоды на прымяненне гэтага віду адміністратыўнага пакарання. Акрамя гэтага, да адміністрацыйнай адказнасці, якая прадугледжвае абавязковае выкананне грамадскіх працаў, могуць быць прыцягнутыя так званыя “абавязаныя” грамадзяне (бацькі, абавязаныя кампенсаваць выдаткі, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзіліся або знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні) за ўхіленне ад працаўладкавання па судовай пастанове або ад працы. Так, згодна з арт. 20.8 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, адміністратыўна арыштаваныя, прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці за здзяйсненне адміністратыўнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 10.20 КаАП, абавязкова працягваюцца да працы адміністрацыяй месца адбывання адміністратыўнага арышту. Іншыя адміністратыўна арыштаваныя прыцягваюцца да працы з іх згоды. Такая мера адміністрацыйнага ўздзеяння на "абавязаных" бацькоў пераследуе, перадусім, выхаваўчыя мэты, што ідзе насуперак практыцы МАП і нормам Канвенцыі № 29 і Канвенцыі № 105 аб скасаванні прымусовай працы. Таксама насуперак нормам Канвенцыі № 29 і 105 аб скасаванні прымусовай працы, а таксама нацыянальнаму заканадаўству (палажэнням КАаП і ПВКаАП) у Рэспубліцы Беларусь апошнім часам зафіксаваныя выпадкі прыцягнення да выканання прымусовай працы асобамі, якія адбываюць адміністрацыйны арышт. Акрамя гэтага, да прымусовых працаў прыцягваюць і іншыя ўразлівыя групы насельніцтва: асуджаных да “хатняй хіміі” – 1, 2, грамадзян з судзімасцю, былых зняволеных. Акалічнасці прыцягнення да працы грамадзян у пералічаных выпадках дазваляюць зрабіць выснову, што яна рабілася без свабоднай і свядомай згоды работнікаў і пад прымусам з боку дзяржаўных сілавых структур. |
Абавязковыя працы для асоб, якія знаходзяцца пад вартай у СІЗАУ шэрагу краін (напрыклад, у Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы) таксама мае месца прымус да працы асобаў, якія знаходзяцца ў папярэднім зняволенні да іх асуджэння. У многіх краінах у заканадаўстве не вызначана, ці можа быць уведзеная прымусовая праца ў перыяд папярэдняга зняволення, што пакідае заканадаўчую шэрую зону, якая дазваляе турэмным адміністрацыям прыцягваць яшчэ не асуджаных да працы. Іншыя краіны прама прадугледжваюць у заканадаўстве, што прымусовая праца можа быць уведзена нават да таго, як незалежны суддзя пацвердзіць затрыманне (напрыклад, Дэмакратычная Рэспубліка Конга). Наступствы гэтых прававых недахопаў узмацняюцца ва ўмовах, калі перагружаныя судовыя сістэмы прыводзяць да працяглых перыядаў дасудовага зняволення. Законы аб папярэднім зняволенні ў некаторых краінах выкарыстоўваюцца для таго, каб знявольваць актывістаў і палітычных дысідэнтаў на нявызначаны тэрмін, змешваць іх с астатнімі зняволенымі і падвяргаць прымусовай працы. Выпадкі, разгледжаныя CEACR, уключаюць Камбоджу, дзе прымусовая турэмная праца можа прымяняцца да прадстаўнікоў НДА, членаў прафсаюзаў і праваабаронцаў, якія ўтрымліваюцца ў папярэднім зняволенні на працягу працяглых перыядаў часу; Азербайджан, дзе прымусовая турэмная праца можа быць прызначаная для журналістаў, актывістаў сацыяльных сетак і апазіцыйных палітычных актывістаў, якія выказваюць нязгоду або крытыкуюць; і Баліварыянскую Рэспубліку Венесуэлу, дзе працягваецца крыміналізацыя грамадскіх рухаў і прымусовая турэмная праца прызначаецца для палітычных апанентаў і дысідэнтаў. У Беларусі арт. 22 Закона “Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай” устаноўлена, што асобам, якія ўтрымліваюцца пад вартай, па іх просьбе і пры наяўнасці адпаведных умоў даецца магчымасць працаваць на тэрыторыі месца ўтрымання пад вартай”. На практыцы ў месцах утрымання пад вартай асоб, затрыманых у адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам і Крымінальна-выканаўчым кодэксам, а таксама міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь, абавязковай працы няма. Да вынясення прысуду па крымінальнай справе арыштаваныя асобы не працуюць, а пасля таго, як адбыўся суд, адміністрацыя ўстановы можа прапанаваць ім працу з іх згоды. |
Злоўжыванне прызывам на ваенную службуГэтая форма прымусовай працы з боку дзяржавы мае месца, калі дзяржавы прымушаюць прызыўнікоў, якія падлягаюць абавязковай вайсковай службе, выконваць працу, якая не мае "чыста ваеннага характару". Злоўжыванні такога роду часта адбываюцца ў мэтах спрыяння сацыяльнаму і эканамічнаму дабрабыту, адраджэння транспартнай інфраструктуры, вытворчасці зялёнай энергіі і іншых мэтаў, якія патрабуюць шырокамаштабнай мабілізацыі працоўнай сілы. Такім чынам, злоўжыванне прызывам на ваенную службу звычайна звязана з больш шырокай забаронай на выкарыстанне прымусовай працы ў мэтах эканамічнага развіцця. МАП рэкамендуе, каб заканадаўства выразна адлюстроўвала прынцып, згодна з якім неваенныя задачы павінны быць абмежаваныя надзвычайнымі сітуацыямі або выконвацца выключна добраахвотнікамі. Каментарыі CEACR паказваюць, што некаторыя краіны не толькі не канкрэтызуюць гэтае абмежаванне, але, наадварот, прадугледжваюць у заканадаўстве прамое ўказанне, што прызваныя на ваенную службу могуць быць мабілізаваныя для цывільных мэтаў і мэтаў развіцця (напрыклад, Манголія і Замбія). Выкарыстанне працы, якая патрабуецца ў рамках абавязковай ваеннай службы для будаўніцтва інфраструктуры або вытворчасці пэўных рэсурсаў для дзяржавы, было адзначана нагляднымі органамі МАП у Егіпце, дзе нацыянальнае заканадаўства прадугледжвае, што маладыя людзі, якія скончылі навучанне і якія аказаліся лішнімі для патрэбаў узброеных сіл, могуць накіроўвацца на работу па развіццю сельскіх і гарадскіх грамад, у таварыствах сельскагаспадарчай і спажывецкай кааперацыі, у вытворчых падраздзяленнях заводаў. Гэта таксама было адзначана ў Чадзе, дзе ў рамках абавязковай ваеннай службы прызыўнікі, прыдатныя да службы, размяркоўваюцца на дзве катэгорыі, адна з якіх застаецца ў распараджэнні ваеннага начальства на працягу двух гадоў і можа быць прызвана для выканання абавязкаў працаваць у агульных інтарэсах па распараджэнні ўрада, і ў М’янме, дзе прызыўнікі павінны выконваць розныя неваенныя задачы. Іншыя дзяржавы выключаюць ваеннаслужачых з-пад абароны, прадугледжанай канстытуцыйным або працоўным заканадаўствам, ад прымусовай працы (напрыклад, Зімбабвэ) або аб’ядноўваюць грамадзянскую службу з ваеннай службай, каб зрабіць першую таксама абавязковай для прызыўнікоў (напрыклад, Малі). У некаторых краінах пры выхадзе вайсковых афіцэраў у адстаўку патрабуецца адабрэнне трыбунала або калегіі, пры гэтым адсутнічаюць крытэрыі, якія будуць выкарыстоўвацца для прыняцця рашэння аб прыняцці просьбы аб адстаўцы (Егіпет). У іншых краінах вайсковым афіцэрам не дазваляецца пакідаць службу нават у мірны час (напрыклад, Албанія, Уганда, Малайзія). Права вайскоўцаў на адстаўку разглядалася ў Агульным аглядзе 2012 г. па асноўных канвенцыях, дзе нагадваецца, што ў адпаведнасці з Канвенцыяй МАП аб прымусовай працы 1930 г. №29 кадравы ваенны персанал і іншыя асобы, якія знаходзяцца на службе ў дзяржавы, якія добраахвотна ўступілі ў службу, павінны мець права пакінуць службу ў мірны час на працягу разумнага перыяду альбо праз пэўныя прамежкі часу, альбо з папярэднім паведамленнем. У Беларусі арт. 10 Закона “Аб статусе ваеннаслужачых” устаноўлена, што прыцягненне ваеннаслужачых у перыяд праходжання ваеннай службы к работам ці выкананню іншых абавязкаў, не абумоўленых ваеннай службай, дапускаецца ў выпадках, устаноўленых заканадаўчымі актамі: Канстытуцыяй, законамі, дэкрэтамі і ўказамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Так, згодна з артыкулам 17 Закона “Аб надзвычайным становішчы” ваеннаслужачыя могуць прымаць удзел у ліквідацыі надзвычайных сітуацый і выратаванні жыцця людзей у складзе сіл дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, забеспячэнні бяспекі асоб і аб’ектаў, якія падлягаюць дзяржаўнай ахове і іншых дзеяннях, наўпрост звязаных з нейтралізацыяй наступстваў надзвычайнага становішча. Згодна з артыкулам 18 Закона “Аб абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару” для ліквідацыі надзвычайных сітуацый могуць прыцягвацца спецыяльна падрыхтаваныя сілы і сродкі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войск і вайсковых фармаванняў. Парадак іх прыцягнення вызначаецца прэзідэнтам. У адпаведнасці з артыкулам 371 Статута гарнізоннай і каравульнай службаў Узброеных Сілаў для ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага ці тэхнагеннага характару ў парадку, устаноўленым па рашэнні прэзідэнта, могуць прыцягвацца спецыяльна падрыхтаваныя сілы і сродкі Узброеных Сілаў, іншых войск і вайсковых фармаванняў. Пастановай Савета Міністраў ад 27.01.2004 г. №78 “Аб парадку праходжання ваенных і спецыяльных збораў” устаноўлена забарона на прыцягненне ваеннаабавязаных, прызваных на ваенныя і спецыяльныя зборы, да выканання іншых, не звязаных з праходжаннем ваенных і спецыяльных збораў абавязкаў, у тым ліку к гаспадарчым і будаўнічым працам (пункт 37). На практыцы ўсё выглядае інакш. Ваеннаслужачыя падчас праходжання ваеннай службы часта прыцягваюцца к работам ці выкананню іншых абавязкаў, не абумоўленых ваеннай службай: добраўпарадкаванне тэрыторый, якія не ўваходзяць у склад тэрыторый вайсковых частак, сельскагаспадарчыя працы (1, 2, 3, 4), пасадка леса (1, 2, 3), іншыя дапаможныя працы на “валанцёрскіх” пачатках на “просьбу” мясцовых уладаў. |
Што разумеецца пад працоўнай павіннасцю ў мэтах развіцця гаспадаркі, і якая сітуцыя з гэтым у свеце і Беларусі?Гэта форма прымусовай працы з боку дзяржавы мае месца, калі дзяржава выкарыстоўвае абавязковую працу для садзейнічання эканамічнаму развіццю, што супярэчыць Канвенцыі МАП № 105. Забарона распаўсюджваецца нават у тых выпадках, калі прымяненне прымусовай або абавязковай працы як метаду мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы ў мэтах эканамічнага развіцця носіць часовы або выключны характар. CEACR і іншыя маніторынгавыя органы ААН па правах чалавека выказалі глыбокую заклапочанасць з нагоды прымусовага ўдзелу ў Туркменістане дзяржаўных служачых, работнікаў прыватнага сектара і студэнтаў ва ўборцы бавоўны на карысць урада, амаль заўсёды за невялікую кампенсацыю або ўвогуле без яе, пад пагрозай значных штрафаў за адмову. У заканадаўстве Туркменістана таксама ўтрымліваюцца ўмовы, пры якіх суд можа прымяніць адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе грамадскіх работ, якія ўключаюць у сябе ўборку вуліц і тратуараў раёна або горада і добраўпарадкаванне, працу ў сельскай мясцовасці (раслінаводства, жывёлагадоўля або птушкагадоўля, земляробства), а таксама ўпарадкавання тэрыторый для змякчэння шкоды ад стыхійных бедстваў (паводкі, апоўзні, землятрусы). У Беларусі на ролю туркменістанскай “бавоўны” могуць прэтэндаваць камяні на сельскагаспадарчых палях увесну і караняплоды – увосень. У прымусовай уборцы камянёў з палёў дзяржаўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў удзельнічаюць розныя групы насельніцтва: ваеннаслужачыя і студэнты, школьнікі, работнікі дзяржаўных устаноў, футбалісты, хакеісты, асуджаныя на “хатнюю хімію”. Кантроль за прыборкай камянёў напярэдадні пасяўной кампаніі трымае на асабістым кантролі глава дзяржавы – Аляксандр Лукашэнка. Аб тым, наколькі цяжкім з’яўляецца дадзены від працы і наколькі неэфектыўным з’яўляецца выкарыстанне на ёй чалавечай ручной працы, гаворыцца на сайце вытворцы тэхнікі па зборы камянёў Husarya: “Падчас палявых работ на камяністых участках многія дэталі машын пашкоджваюцца або цалкам разбураюцца. Безумоўна, таму неабходна грунтоўна расчысціць палі. Аднак падбіраць камяні ўручную, безумоўна, малаэфектыўна: гэта займае шмат часу і патрабуе шмат энергіі і сіл. Сур’ёзнай праблемай з’яўляецца і недахоп людзей, якія жадаюць выконваць такую знясільваючую, а часам нават непасільную працу, звязаную з сельскагаспадарчай вытворчасцю. Аптымальным рашэннем гэтых пытанняў з’яўляецца сучасны камнепадборшчык Husarya.” Улетку і ўвосень у Беларусі звычайна адбываецца мабілізацыя розных груп насельніцтва для дапамогі ў зборы ўраджаю. На дапамогу дзяржаўныя сельскагаспадарчым прадпрыемствам прыходзяць работнікі МНС, студэнты, дзяржаўныя прафсаюзы, ваеннаслужачыя, школьнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, педагогі, курсанты і іншыя групы насельніцтва. Відавочна, што гэтая з’ява носіць масавы і сістэмны характар. У мабілізацыі працоўных рэсурсаў для ўборкі ўраджаю зацікаўлены ўсе дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь, бо такая задача звычайна ставіцца перад імі главой дзяржавы Аляксандрам Лукашэнка: “Уборка хлеба - справа ўсенародная. … Разам з прамысловымі прадпрыемствамі няхай губернатары прадставяць планы, адкуль і каго яны возьмуць. Не павінна быць ні недахопу ў спецвопратцы, ні ў паўнавартаснай гарачай ежы ў поле. Людзей трэба накарміць своечасова". |
Вымаганне працы звыш звычайных грамадзянскіх абавязкаў або за межамі дробных камунальных паслугДзяржавы не могуць навязваць людзям працу, апрача звычайных грамадзянскіх абавязкаў і нязначных камунальных паслуг. Выключэнне з гэтай забароны прымяняецца, калі праца праводзіцца ў надзвычайных сітуацыях, такіх як вайна або катастрофа. Па-за надзвычайнымі сітуацыямі толькі абавязковая ваенная служба выключаецца са сферы дзеяння Канвенцыі МАП № 29 (пры ўмове, што яна выкарыстоўваецца "для работ чыста ваеннага характару", як гаварылася вышэй). Дзяржавы або мясцовыя ўлады могуць прадпісваць нязначныя камунальныя паслугі, калі яны выконваюцца ў непасрэдных інтарэсах супольнасці і членамі супольнасці, якая атрымлівае ад гэтага карысць. Паслугі павінны быць "нязначнымі" – невялікага маштабу і кароткай працягласці – і члены супольнасці або іх непасрэдныя прадстаўнікі маюць права на кансультацыю аб неабходнасці паслуг. Любая абавязковая праца, якая лічыцца дробнай камунальнай паслугай, але парушае любое з гэтых умоў, забаронена Канвенцыяй №29. Парушэнні, як правіла, ўключаюць у сябе даручэнне працы, якая занадта доўгая або цяжкая, каб быць "дробнай", або прыняцце аднабаковых рашэнняў аб працы, якую трэба выканаць, без адпаведных кансультацый з закранутым насельніцтвам. У Руандзе, дзе ўсе паўналетнія грамадзяне ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў штомесяц абавязаны выконваць неаплатную грамадскую працу, уключаючы будаўніцтва інфраструктуры, CEACR звярнуўся да ўрада з просьбай прыняць неабходныя меры для забеспячэння таго, каб гэтая грамадская праца абмежавалася «нязначнымі паслугамі», якія з’яўляюцца выключэннем з прымусовай працы, як гэта прадугледжана Канвенцыяй. Іншы прыклад уключае абавязковыя перыяды дзяржаўнай службы для лекараў, якія спецыялізуюцца ў галіне грамадскай аховы здароўя, або прафесійных спецыялістаў, якія нядаўна атрымалі дыплом (Алжыр). Хатнія работнікі-мігранты — яшчэ адна катэгорыя работнікаў, якія ў некаторых краінах могуць трапляць у сітуацыі, раўназначныя прымусовай працы з-за законаў дзяржавы, якія абмяжоўваюць іх правы і свабоды. Такія сітуацыі былі адзначаны ў Амане, дзе існаванне сістэмы спонсарства стварае адносіны, у якіх працоўныя-мігранты, у тым ліку хатнія работнікі, залежаць ад сваіх спонсараў/працадаўцаў, і звязвае дазвол на працу гэтай катэгорыі работнікаў з іх спонсарамі. Сістэма перашкаджае працоўным мігрантам свабодна звальняцца з працы. У Саудаўскай Аравіі, дзе хатнія работнікі-мігранты не карыстаюцца такімі ж правамі, як іншыя работнікі ў краіне, яны могуць падвяргацца эканамічнаму і фізічнаму гвалту і эксплуатацыі, канфіскацыі пашпартоў працадаўцамі і дэ-факта захаванню сістэмы спонсарства. У Беларусі бясплатная праца амаль усіх без выключэння грамадзян шырока выкарыстоўваецца дзяржавай падчас правядзення так званых “суботнікаў”. Гэтая з’ява грамадска-палітычнага характару засталася сучаснай Беларусі ў спадчыну з савецкіх часоў і актыўна эксплуатуецца дзяржаўным апаратам у мэтах атрымання дадатковых рэсурсаў для эканамічнага развіцця краіны. Суботнікі праводзяцца на розных узроўнях – пачынаючы ад рэспубліканскага і да суботнікаў на асобных прадпрыемствах, у арганізацыях і установах. Удзел у іх з’яўляецца “дабраахвотна-прымусовым”, а па сутнасці – прымусовай працай, якая выконваецца работнікамі пад пагрозай звальнення або накладання іншых штрафных санкцый. Красамоўным прыкладам “дабраахвотнасці” ўдзелу ў суботніках можа быць норма пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16.04.2020 г. №233 “Аб правядзенні рэспубліканскага суботніка ў 2023 годзе”: “Кіраўнікам рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, прыняць асабісты ўдзел у суботніку.” Ідэнтычная норма выкарыстоўвалася ў пастановах Савета Міністраў, якія былі накіраваныя на арганізацыю агульнарэспубліканскіх суботнікаў у 2019 г., 2018 г. У іншыя гады пастановы ўтрымлівалі нормы, якія таксама ўказваюць на імператыўны характар спосабу арганізацыі ўдзелу насельніцтва ў суботніках: “зацвердзіць склад працоўнай групы”, “забяспечыць кантроль” і г.д. Калі суботнікі праводзяцца не ў працоўны час, то яны звычайна суправаджаюцца не толькі бясплатнай працай па добраўпарадкаванні тэрыторый, навядзенні парадку на працоўных месцах, але і яшчэ “добраахвотнымі” адлічэннямі работнікамі фінансавых сродкаў у фонды, якія загадзя вызначаюцца ўрадам. Работнікамі, якія ўдзельнічаюць у суботніках у працоўны час, робяцца “добраахвотныя” фінансавыя адлічэнні. У апошнія гады сабраныя такім чынам грошы дзяржава выкарыстоўвае ў мэтах рэканструкцыі, аднаўлення і цякучага рамонту дзяржаўных мемарыяльных комплексаў, помнікаў, стварэння рэспубліканскіх цэнтраў патрыятычнага выхавання моладзі, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскіх устаноў, частковага фінансавання закупак вакцыны ад інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19, рэстаўрацыі дзяржаўных музеяў і г.д. Па аналогіі з прыкладам, які прыводзіцца ў Глабальным дакладзе, датычным неабходнасці абавязковых перыядаў дзяржаўнай службы для лекараў і прафесійных спецыялістаў з Алжыру, якія нядаўна атрымалі дыплом, у гэты ж раздзел можна дадаць і практыку абавязковай працы ў Рэспубліцы Беларусь па размеркаванні для выпускнікоў, якія атрымалі поствышэйшую, вышэйшую, сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю (за выключэннем асобных катэгорый: выпускнікі спецустаноў, выпускнікі-замежнікі і г.д.) на дзённай форме навучання за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту. Згодна з нормамі Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 72) выпускнікі, якім месца працы было прадстаўлена шляхам размеркавання, абавязаны адпрацаваць тэрміны абавязковай працы па размеркаванні, якія ўсталяваны для асобных катэгорый выпускнікоў – адзін ці два гады. Выпускнікі, якім месца працы пададзена шляхам размеркавання і якія не адпрацавалі ўстаноўлены тэрмін абавязковай працы, абавязаны кампенсаваць сродкі, затрачаныя дзяржавай на іх падрыхтоўку. |
Якія прававыя рэформы ў свеце і Беларусі ладзяцца ў напрамку спынення прымусовай працы з боку дзяржавы?Важныя рэформы ў заканадаўстве, якія тычацца прымусовай працы з боку дзяржавы, былі адзначаны CEACR у многіх краінах у апошнія гады. Безумоўна, рэформы ў заканадаўстве з’яўляюцца толькі першым крокам – рэальны прагрэс у напрамку спынення прымусовай працы з боку дзяржавы залежыць ад практыкі ажыццяўлення гэтых рэформаў. Ва Узбекістане прыняты шэраг мер па спыненні практыкі прымусовай працы з боку дзяржавы на зборы бавоўны. У справаздачы МАП аб маніторынгу ўраджаю бавоўны ва Узбекістане за 2021 год незалежным аглядальнікам адзначана, што Узбекістан выкараніў сістэмную прымусовую і дзіцячую працу, звязаную з уборкай ураджаю. У В’етнаме і Турцыі новыя законы скасавалі палажэнні, якія тычацца прыцягнення асоб, якія праходзяць абавязковую ваенную службу, да выканання задач або роляў неваеннага характару. У Марока прынятыя папраўкі ў законы аб пазбаўленні волі за выступы ў прэсе, паклёп і "замах на рэлігію або манархічны рэжым", што азначае, што гэтыя дзеянні больш не караюцца пазбаўленнем волі з прымусовай працай. У Беніне прававыя рэформы азначаюць, што злачынствы, звязаныя з паклёпам, абразай і непавагай, учыненыя ў прэсе, у друкаванай прадукцыі, на плакатах або любых іншых сучасных сродках масавай інфармацыі, больш не караюцца турэмным зняволеннем. У Гвінеі у крымінальны кодэкс былі ўнесены папраўкі, згодна з якімі асобы, якія не парушалі грамадскі парадак, больш не могуць карацца пазбаўленнем волі з прымусам да працы. На Сейшэльскіх выспах прававыя рэформы ў 2020 годзе адмянілі турэмнае зняволенне ў якасці дысцыплінарнай меры для маракоў. Кірыбаці з’яўляецца прыкладам прагрэсу ва ўнясенні змяненняў у законы, якія тычацца забастовак. CEACR адзначыў некалькі выпадкаў прагрэсу ў дачыненні да прымянення артыкула 1(a) Канвенцыі №105, які забараняе выкарыстанне любой формы прымусовай або абавязковай працы ў якасці сродку палітычнага прымусу або выхавання, або ў якасці пакарання за ўтрыманне або выказванне палітычных поглядаў або поглядаў, ідэалагічна супрацьлеглых усталяванай палітычнай, сацыяльнай або эканамічнай сістэме. Напрыклад, у Буркіна-Фасо CEACR з цікавасцю адзначыў, што новы закон аб друкаваных СМІ адмяніў турэмнае зняволенне за злачынствы, звязаныя з замахам на гонар, абразай і паклёпам. У Сьера-Леонэ CEACR з цікавасцю адзначыў, што асобы, якія кіруюць медыя-ўстановамі без ліцэнзіі, караюцца толькі штрафамі. У Сербіі CEACR з задавальненнем адзначыў прыняцце Закона №6 аб публічных сходах, які прадугледжвае толькі штрафы ў выпадку яго парушэння, але не турэмнае зняволенне. Што тычыцца Беларусі, то тут ніякага прагрэсу ў галіне рэфармавання заканадаўства, датычнага абмежавання або скасавання прымусовай працы, не дасягнута. За мінулыя гады зроблены крокі па касметычных зменах у заканадаўстве, якія або не закранулі яго сутнасць, або, наадварот, гэтыя крокі прывялі да пагаршэння становішча:
|
Крыніца: Прымусовая праца ў Беларусі, якая навязваецца дзяржавай, у святле глабальных ацэнак