15.05.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, экстрэмізм Павел Лукашэвіч. Фота з сацыяльных сетак. У Гродзенскім абласным судзе на 15 траўня прызначаны разгляд крымінальнай справы жыхара Ліды Паўла Лукашэвіча. Яго абвінавачаваюць у “абразе прадстаўніка ўлады” (арт. 369 КК), “абразе суддзі альбо народнага заседацеля” (арт. 391 КК) і “стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім” (ч. 3 арт. 361-1 КК).

Справу будзе разглядаць суддзя Юрый Казакевіч.

Павел працаваў у філіяле кампаніі “Белтэкс оптык”. Яго затрымалі 22 верасня 2023 года і першапачаткова пакралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак.

Пасля затрымання з'явілася "пакаяльнае" відэа, у якім затрыманы кажа:

"Я – жыхар горада Ліды. Быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі за тое, што зарэгістраваўся ў чат-боце плана “Перамога”, У тэлеграм- мэсэнджары выказваў пагрозы супрацоўнікам міліцыі, абражаў дзейнага прэзідэнта і суддзю. У плане “Перамога" зарэгістраваўся выключна з цікавасці”.

У той жа дзень сілавікі затрымалі і непасрэднага начальніка Паўла – майстра Аляксандра Аніскевіча, які, валодаючы інфармацыяй, 21 верасня паспеў папярэдзіць Лукашэвіча аб тым, што яго хочуць затрымаць, пасля чаго мужчына спрабаваў схавацца, піша @Grodno_grab.  Аніскевіча пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічынь.

Падтрымайце Паўла: Турма-1, Гродна вул. Кірава 1, 230023, Павел Юр’евіч Лукашэвіч.

Крыніца: У Гродна за рэгістрацыю ў чат-боце плана “Перамога” судзяць жыхара Ліды