10.05.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, дыфамацыя Стала вядома, што 7 сакавіка 2024 года ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва вынесены прысуд мясцоваму жыхару Паўлу Макаранку. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Прысуд агучыла суддзя Ю. Арахоўская.
Яго асудзілі за тое, што ў жніўні 2021 году ён пакінуў каментар пад выявай Аляксандра Лукашэнкі ў адной з груп Telegram. У ім нібыта ўтрымлівалася негатыўная ацэнка Лукашэнкі, абвінавачанне вырашыла, што гэтым Макаранка "публічна ў зневажальнай форме выказаў сваю негатыўную ацэнку асобы".
Мужчына не прызнаў віну. Апроч тэрміну зняволення, суддзя пастанавіла канфіскаваць у даход дзяржавы мабільны тэлефон Макаранкі, які быў выкарыстаны "як сродак здзяйснення злачынства".
Вядома, што апеляцыя адбылася 7 траўня 2024 года: яна пакінула прысуд у сіле.
Крыніца: Мужчыну асудзілі да двух гадоў калоніі за каментар пад фота Лукашэнкі