08.05.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, рэпрэсіі, дыфамацыя 23 красавіка 2024 году жыхара Быхава Юрыя Томашава асудзілі да трох месяцаў арышту паводле арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў) Крымінальнага кодэксу.

Прысуд агучыў суддзя Аляксандр Марозаў у судзе Быхаўскага раёна.

Юрый Томашаў — машыніст кацельнай. Ён знаходзіўся пад вартай з 21 лютага 2024 году. Яго прызналі вінаватым у тым, што ў лютым 2024 году ён паспрабаваў збіць з крамы дзяржаўны сцяг. Мужчына нібыта "нанёс не менш за два ўдары па дрэўку". Калі ў яго не атрымалася збіць сцяг, прынёс з дому драўляную лесвіцу, ускараскаўся па ёй, схапіў рукамі дрэўка сцяга і пацягнуў уніз: праз гэта дрэўка зламалася. Паводле абвінавачання, далей Томашаў "нядбайна змяў палатніну сцяга, абкруціўшы яе на дрэўцы" і аднёс яго ў свой сарай, дзе і захоўваў у мяшку, пакуль яго не вынулі супрацоўнікі міліцыі. 

Томашаў прызнаў віну. Ён распавёў, што ўбачыў сцяг і вырашыў забраць яго сабе. Яго прызналі вінаватым і асудзілі да трох месяцаў арышту.

Крыніца: Жыхара Быхава асудзілі за дзяржаўны сцяг, які ён сарваў з крамы