Ілюстрацыйнае фота У судзе Маскоўскага раёна Мінска пачынаюцца суды над затрыманымі напярэдадні актывістам "Еўрапейскай Беларусі" Яўгенам Афнагелем і актывістам "Моладзі БНФ" Арцёмам Касаваравым.

Паседжанне па справе Яўгена Афнагеля ўжо пачалося. Паводле інфармаціі праваабаронцаў, на судзе, акрамя Афнагеля, прысутнічаюць толькі суддзя і міліцыянты. Вядома, што актывіста судзяць па частцы 3 артыкул 23.34 КаАП ("парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства").

Па стане на 15.00 вядома, што працэс над Афнагелем ужо скончаны, аднак журналісты не могуць атрымаць інфармацыю наконт яго вынікаў. Сакратарка суда адмовіласць ад каментароў са словамі: "інфармацыю прадстаўляем толькі ўдзельнікам працэса". 

Яўгена Афнагеля затрымалі 23 сакавіка. Па словах яго жонкі, іх дом некалькі дзён быў ачэплены, а ранкам 23 сакавіка амапаўцы паведамілі, што маюць загад на затрыманне. Яны пагражалі выкарыстаннем спецсродкаў, казалі, што будуць выбіваць дзверы і шкло. Пасля гэтага Яўген вырашыў выйсці да амапаўцаў і яго затрымалі.

Таксама ў суд Маскоўскага раёна прывезлі затрыманага напярэдадні актывіста "Моладзі БНФ" Арцёма Касаварава. Яго таксама будуць судзіць па арт. 23.34 КаАП. Паседжанне пачнецца пасля 14.00.

Па стане на 15.00 вядома, што Касавараў дастаўлены ў суд і чакае пачатку паседжання, аднак фатаграфаваць ці перадаваць яму ежу супрацоўнікі суда забаранілі.

Пры гэтым трэба адзначыць, што Арцём быў затрыман падчас раздачы ўлётак-запрашальнікаў на дазволенае ўладамі масавае мерапрыемства - святкаванне стагоддзя БНР ля Опернага тэатру 25 сакавіка. А гэта, згодна з заканадаўствам аб масавым мерапрыемствах, парушэннем не з'яўляецца.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Крыніца: Афнагель і Касавараў у судзе Маскоўскага раёна. Абодвух судзяць па 23.34 КаАП Дапоўнена