06.04.2024 Тэгі: грамадства, палітвязні, рэпрэсіі, салідарнасць 63-гадовая палітзняволеная Наталля Малец, раней асуджаная па палітычных матывах да "хатняй хіміі", знаходзіцца ў зняволенні ў межах новай крымінальнай справы з верасня 2023 года. Першапачаткова яе абвінавачвалі ў "фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці". Але 5 сакавіка прэс-служба Следчага камітэта паведаміла, што жанчыне прад'яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Пры гэтым ведамства адзначыла, што сілавікоў зацікавіла "падазроная актыўнасць жанчыны ў ажыццяўленні грашовых пераводаў" палітычным зняволеным. Разбіраемся, у чым менавіта абвінавачваюць Наталлю Малец і ці рызыкова рабіць грашовыя пераводы палітвязням, а праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка каментуе чарговы напад уладаў на салідарнасць з палітзняволенымі.
Напачатку студзеня 2023 года ў судзе Маскоўскага раёна Брэста Наталлю асудзілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Суддзя Інна Клышпач прызначыла жанчыне год і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатнюю хімію”).
У верасні 2023 года Наталлю зноў затрымалі нібыта за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-2 Крымінальнага кодэксу). Але канчаткова жанчыне прад'яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Справу ўжо перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд.
Паводле прэс-службы Следчага камітэта, сілавікоў зацікавіла "падазроная актыўнасць жанчыны ў ажыццяўленні грашовых пераводаў". Следчыя ўстанавілі, што яна ажыццявіла не менш за 125 пераводаў 114 беларусам на суму больш за 1,5 тысячы рублёў. Як піша СК, жанчына пераводзіла грошы выключна асобам, якія ўчынілі "злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці".
Таксама следчыя ўстанавілі, што яна была ў закрытай суполцы ў Facebook, якая належыць "экстрэмісцкаму фармаванню". Верагодна, гаворка ідзе пра суполку "Письма Солидарности Беларусь 2020", якую ў снежні прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Асобна КДБ вызначыў прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненне да ініцыятывы, сярод іх — Наталля Малец. Верагодна, менавіта гэта і стала падставай для крымінальнага пераследу жанчыны.
"У суполцы публікаваліся заклікі да аказання матэрыяльнай дапамогі асобам, у дачыненні да якіх вёўся крымінальны пераслед за ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасці. Начытаўшыся выдуманых гісторый пра "цяжкія" лёсы экстрэмістаў, фігурантка пераводзіла грошы на іх рахункі ў следчых ізалятарах". — піша Следчы камітэт.
Адзначым, што перавод грошаў людзям, якія ўтрымліваюцца пад вартай, фактычна не забаронены заканадаўствам. Але дадзеныя чалавека, які дасылае грошы, захоўваюцца, таму іх могуць адсочваць сілавікі. Акрамя гэтага, калі зняволенаму, якога ўключылі ў "спіс экстрэмістаў", на рахунак перавядуць грошы, то пра гэта банк паведаміць у Камітэт дзяржаўнага кантролю, а ўсе ўдзельнікі фінансавай аперацыі, якая падлягае асабліваму кантролю, будуць ідэнтыфікаваныя.
"Мама, я экстрэміст". Якія абмежаванні накладаюцца на асоб, уключаных у "Спіс экстрэмістаў"
Пасля паведамлення Следчага камітэту і рэзанансу ў СМІ, тэлеграм-канал ГУБАЗіКа таксама пракаментаваў абвінавачванне Наталлі:
"Яе не "за перадачкі і пераводы" ўзялі. Яна атрымлівала брудныя злачынныя грошы з-за мяжы ад экстрэмісцкіх фармаванняў, і па заданні адпраўляла іх адбываючым пакаранне экстрэмістам".
"Улады робяць намаганні, каб у людзей замацавалася думка пра тое, што любая форма дапамогі небяспечная"
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка лічыць гэта чарговым спосабам сілавікоў спыніць узаемадапамогу беларусаў і запужаць людзей крымінальнай адказнасцю за салідарнасць з палітзняволенымі:
"Хутчэй за ўсё ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра пераслед чалавека за сувязь з адным з "экстрэмісцкіх фармаванняў" — адвольна прызнаных такімі грамадскіх ініцыятыў, але спецслужбы не кажуць пра гэта прама, каб дасягнуць адразу некалькі мэтаў, і ў першую чаргу трывала ўкараніць ідэю аб крымінальнасці ўзаемадапамогі. Мы гатовыя ўбачыць самыя розныя падставы для рэпрэсій, гэты выпадак укладваецца ў схему пераследу ўсіх суб'ектаў, якія дапамагаюць — ад шараговых грамадзян да буйных арганізацый грамадзянскай супольнасці.
Улады больш-менш хутка рэагуюць на розныя формы падтрымкі палітвязняў і іх сем'яў — ад грашовых пераводаў да перадач і прадуктовай дапамогі, і робяць намаганні, каб у свядомасці людзей трывала замацавалася думка пра тое, што любая форма дапамогі небяспечная. І так, гэта сапраўды небяспечна, хоць часта нават з пункту гледжання рэакцыйных законаў сучаснай Беларусі і не з'яўляецца насамрэч падставай для крымінальнага пераследу. Таму нам усім варта шукаць менш відавочныя для ўладаў спосабы падтрымкі палітвязняў, пакідаць для ўладаў менш простых шляхоў выявіць і пакараць неабыякавых людзей".
Бязмежная салідарнасць: гайд па падтрымцы палітвязняў з-за мяжы
"Наша сіла — у салідарнасці!" Вялікі дайджэст па дапамозе палітвязням