03.04.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, свабода мірных сходаў У судзе Маскоўскага раёна Мінска 6 сакавіка за ўдзел у трох паслявыбарчых Маршах у 2020 годзе да трох гадоў "хатняй хіміі" асудзілі 49-гадовую бухгалтарку Наталлю Хлызову. Суддзя Юлія Варакса прызнала яе вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Жанчыну абвінавацілі ў тым, што падчас трох акцый пратэсту яна выходзіла на праезныя часткі і "блакавала і заступала шлях транспартным сродкам".
Наталлля на судзе віну прызнала цалкам. Яна распавяла, што сапраўды з іншымі асобамі прымала ўдзел у трох Маршах, пра правядзенне якіх дазналася са СМІ і навін. Разумела, што правядзенне гэтых масавых мерапрыемстваў было абумоўлена грамадска-палітычнымі падзеямі ў дзяржаве, аднак "паставілася да свайго ўдзелу ў іх несур'ёзна". Будучы ўдзельніцай масавых мерапрыемстваў, сумесна з іншымі асобамі выходзіла на праезныя часткі дарог у напрамках, зададзеных натоўпам. Падчас удзелу ў акцыях пратэсту міліцыянтаў назірала не заўсёды, аднак дапускае, што яны прысутнічалі ў месцах правядзення такіх мерапрыемстваў. На судзе жанчына не аспрэчвала, што сваім знаходжаннем на праезнай частцы сумесна з іншымі асобамі блакавала рух грамадскага транспарту.
Падчас удзелу ў Маршах Наталля рабіла фатаграфіі сябе і мужа, а таксама асоб, якія ўдзельнічалі Маршах, на свой тэлефон. Агулам міліцыянты знайшлі сем фотаздымкаў з пратэстаў, якія захаваліся на воблачным сховішчы. У пратаколах агляду некаторых фота пазначана, што "фатограф размяшчаецца на праезнай частцы дарогі".
З прысуду, які апублікаваны на pravo.by, вынікае, што фота з пратэстаў жанчыны знайшлі на тэлефоне падчас выкліку ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска.
Да суда Наталля ўтрымлівалася пад закладам у памеры 8000 рублёў.
Улічваючы, што ў жанчыны на ўтрыманні дзіцё, суд прызначыў ёй тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").
Крыніца: Жанчыну асудзілі па фота з Маршаў, якія захаваліся на воблачным сховішчы яе тэлефона