Актывістка Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Ала Гуцава накіравала пазоў у суд Завадскога раёна Мінска супраць Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама. Такім чынам яна будзе дамагацца кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды, якую нанеслі супрацоўнікі гэтага дзяржаўнага органа.
Трэцяга лістапада мінулага года недалёка ад ст. м. “Магілёўская” жанчына раздавала ўлёткі з запрашэннем на акцыю ўшанавання памяці продкаў “Дзяды”, якую за некалькі дзён да гэтага дазволіў Мінгарвыканкам і якая павінна было адбыцца пятага лістапада. Неўзабаве да яе падыйшлі міліцыянты Кірыленка В.Н. і Данільчык С.В. і запрасілі прайсці ў пакой міліцыі для разбіральніцтва. Ала Гуцава патлумачыла, што раздавала запрашальнікі на санкцыянаванае мерапрыемства, і нават паказала копію адпаведнага рашэння гарадскіх уладаў. Аднак гэта не спыніла міліцыянтаў і яны склалі на жанчыну пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч. 1 арт. 23.34 КаАП ("парушэнне правілаў парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства") ды сканфіскавалі каля тысячы запрашальнікаў.
Праз тыдзень справу ад адміністрацыйным правапарушэнні спынілі, а запрашальнікі на акцыю вярнулі, аднак ніякіх тлумачэнняў наконт таго, якія менавіта абставіны міліцыянты палічылі прыкметамі правапарушэння і што было нагодай для затрымання, ніхто так і не даў. Ад адказу ўхілілася і пракуратура Завадскога раёна, у якую Гуцава паскардзілася адразу пасля здарэння. Там не ўбачылі падстаў для правядзення праверкі і палічылі, што “парушэння правоў А. Гуцавай не адбылося”.
Аднак парушэнне з боку супрацоўнікаў міліцыі відавочна. Згодна з заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах, ад моманту атрымання заяўнікамі дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства дазволеныя любыя абвесткі і запрашэнні на акцыю. Такім чынам, у дзеяннях Алы Гуцавай, якая запрашала грамадзян на санкцыянаванае мерапрыемства, адсутнічаў склад адміністрацыйнага правапарушэння, а гэта значыць, што падстаў для яе затрымання ў міліцыянтаў не было.
Таму актывістка КХП-БНФ вырашыла звярнуцца ў суд з патрабаваннем ад ГУУС Мінгарвыканкама кампенсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды, нанесенай яго супрацоўнікамі Кірыленкам В.Н. і Данільчыкам С.В. Паводле жанчыны, матэрыяльная шкода ёй была нанесена праз выманне ўлетак-запрашальнікаў. Іх вярнулі ўжо пасля правядзення мерапрыемства, то бок тады, калі яны страцілі сваю актуальнасць, а значыць яны фактычна былі надрукаваныя дарэмна. Маральныя і фізічныя пакуты яна звязвае з тым, што яе, як чалавека сталага ўзросту, затрыманне вымусіла моцна хвалявацца. Да таго ж інфармацыя пра яе затрыманне з’явілася ў СМІ, што негатыўна паўплывала на стаўленне да яе некаторых людзей.
Таксама Ала Гуцава просіць суд прызнаць дзеянні па яе затрыманню і выняццю ўлётак незаконнымі і абавязаць ГУУС прынесці афіцыйныя прабачэнні.
Разгляд справы будзе адбывацца ў судзе Завадскога раёна 27 сакавіка ў 9.15 ранку. Суддзя – Жанна Роўда.