Як раней паведамляў ПЦ “Вясна”, напярэдадні 25 сакавіка па Мінску пракацілася хваля затрыманняў. Праваабаронцы абураныя такімі дзеяннямі ўлады.
Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі выказвае рашучую нязгоду з тым, што адбылося:
“21 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, у Мінску прайшлі затрыманні палітычных актывістаў Уладзіміра Някляева, Вячаслава Сіўчыка і Максіма Вінярскага. Рапарты аб адміністрацыйным правапарушэнні, здзейсненым як быццам бы раней, відавочна, складзеныя таксама на палітычных актывістыў Леаніда Кулакова і Вольгу Нікалайчык. Іх, як і Мікалая Статкевіча, заблакавалі па месцы жыхарства, у любы момант могуць затрымаць і асудзіць.
Мы, праваабаронцы, ацэнваем гэта як прэвентыўныя затрыманні напярэдадні дазволенай уладамі акцыі па святкаванні 100-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР. Гэтыя затрыманні мелі на мэце з боку ўладаў не дапусціць забароненага імі шэсця, прызначанага палітычнымі актывістамі на 25-га сакавіка.
Гэта не мае законнага апраўдання. Гэта недапушчальна! Бо кожны з жыхароў Беларусі мае права на мірныя сходы. Забарона шэсця ў дадзеным выпадку выглядае як непарпарцыйнае і нічым не матываванае абмежаванне свабоды мірных сходаў. Нічога страшнага не здарылася б, калі б людзі прайшлі па вуліцах горада ад плошчы Якуба Коласа да дазволенай акцыі каля тэатра оперы і балета.
Мы пратэстуем супраць рэпрэсіўных дзеянняў улады перад Днём Волі. Мы звяртаемся да ўладаў з патрабаваннем не парушаць правы і свабоды беларускіх грамадзянаў напярэдадні і ў час правядзення святкавання незалежнасці БНР”.
Крыніца: Алесь Бяляцкі: “Мы пратэстуем супраць рэпрэсіўных дзеянняў улады перад Днём Волі”