Святлана Сакалоўская. Фота: facebook.com/svitlas У СМІ падчас навагодніх святаў выклікала шырокі грамадскі рэзананс гісторыя аб збіцці супрацоўнікам АМАПу акторкі на масавых гуляннях у Мінску. Але міліцэйскае бясчынства на гэтым не скончылася

Нагадаем, Святлана Сакалоўская (па просьбе суразмоўніцы называем яе сцэнічны псеўданім) у навагоднюю ноч атрымала дубінкай па галаве і апынулася ў бальніцы з сатрасеннем мазгоў. Цяпер дзяўчына хоча дамагчыся справядлівага пакарання для супрацоўніка АМАПу, які ўдарыў яе дубінкай.

Па гэтаму інцыдэнту вядзецца праверка, але следчыя зацягваюць яе. Яны перакідваюць гэтую справу адзін аднаму, то губляючы дакументы, то выносячы апавяшчэнні аб працягненні тэрміну правядзення праверкі.

1 студзеня 2018 г. Святлана звярнулася ў УСК па Завадскому раёну г. Мінска з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці супрацоўніка АМАПу, прычыніўшага ёй цялесныя пашкоджанні. У гэты ж вечар дзяўчына сустрэлася са следчым Аскеравым, якому распавяла ўсе абставіны справы. Але на наступны дзень, 2 студзеня высвятлілася, што яе заяву перадалі іншаму супрацоўніку следчых органаў Несцяровічу.

5 студзеня Святлана Сакалоўская сама адправілася ў бальніцу, каб зняць пабоі, але ў яе патрабавалі пастанову, якую павінен быў выдаць следчы. У УСК па Завадскому раёну акторка даведалася, што Несцяровіч перадаў дакументы іншаму следчаму, які ў сваю чаргу наўпрост згубіў іх.

Дзяўчына дабілася выдачы накіравання на судмедэкспертызу ад следчых органаў толькі праз 5 дзён пасля атрымання пашкоджанняў (!), але ўласнаручна азнаёміцца з яе вынікамі Святлане не далі.

11 студзеня акторка атрымала ліст са Следчага камітэта за подпісам старэйшага следчага аддзела А.Федарэнкі, згодна з якім праверку працягнулі да аднаго месяца (ў апавяшчэнні аб працягненні тэрміну правядзення праверкі: “да 01.01.2018”).

Такім чынам, праверка працягваецца ўжо трэці месяц. Крымінальная справа дагэтуль не ўзбуджана. Але пры гэтым следчыя праводзяць фактычна дзеянні, якія магчымы толькі ў рамках расследавання крымінальнай справы і на падставе крымінальна-працэсуальнага заканадаўства.

Ёлка каля комплексу
Ёлка каля комплексу "Чыжоўка-Арэна". Фота: tut.by

Так, 15 сакавіка Святлану выклікалі на месца здарэння (пляцоўка перад “Чыжоўка-Арэнай”) для апісання людзей, рэчаў, для фіксацыі месцаў на фотаапарат у прысутнасці двух панятых. Але на справе праводзімыя дзеянні ў дачыненні да Святланы ўяўлялі сабой следчы эксперымент. У эксперыменце па закрыццю дзвярэй аўтобуса следчы прымусіў акторку выконваць дзеянні супрацоўніка АМАПу, то бок асобы, якая нанесла ёй траўмы. Эксперымент супрацоўнікі следчых органаў здымалі на відэа. Пры гэтым следчы адмовіўся фіксаваць у пратаколе ўсе вынікі эксперымента, у прыватнасці тыя, якія б маглі легчы ў аснову доказаў віны супрацоўніка АМАПу.

Акрамя таго, следчы папярэдзіў дзяўчыну аб адказнасці за разгалошванне вядомых ёй дадзеных праверкі. Такія дзеянні з’яўляюцца незаконнымі, бо следчыя органы могуць узяць падпіску з папярэджаннем аб крымінальнай адказнасці толькі аб неразгалошванні дадзеных папярэдняга следства і дазнання.

Такім чынам, зацягнутая праверка можа стаць прычынай таго, што вінаватыя ў прычыненні цялесных пашкоджанняў акторцы сыдуць ад адказнасці.

Святлана Сакалоўская ўжо накіравала скаргу раённаму пракурору, у якой просіць прызнаць незаконнымі дзеянні следчага пры праверцы, адмяніць рашэнне аб працягненні тэрміну праверкі і ўзбудзіць крымінальную справу па факту прычынення ёй цялесных пашкоджанняў. Аналагічную скаргу начальніку аддзела СК Завадскога раёна г. Мінска накіраваў Аляксандр М., які з’яўляўся сведкам яе збіцця.

“Лічу, што чалавек, які апрануў форму праваахоўных органаў, павінен абараняць людзей, у тым ліку і ад гвалту, а не самому здзяйсняць гвалт, прыкрываючыся формай. Я ўявіць сабе не магла, што ў навагоднюю ноч на ёлцы буду збіта АМАПам… Хачу, каб амапаўцы, якія збіваюць людзей проста так, увогуле не працавалі ў сілавых структурах. Тады мы не будзем баяцца міліцыі”, - агучвае акторка здавалася б відавочныя рэчы, але пакуль неажыццяўляемыя ў Беларусі.

Крыніца: Праверку па справе збітай АМАПАм акторкі зацягваюць. Вінаватыя могуць сысці ад адказнасці