У Берасці 21 сакавіка распачаўся новы суд па пазову мясцовых жыхароў супраць будаўніцтва прадпрыемствам "АйПаўер" акумулятарнага завода. Перад пачаткам паседжання суддзя суда Маскоўскага раёна Берасця Аляксей Карагода запатрабаваў, каб людзі, якім не хапіла месца, пакінулі залю, але ніхто не пагадзіўся, многія прыселі на кукішкі.
Суддзя патлумачыў сваю прапанову клопатам аб пажарнай бяспецы, што не зашкодзіла зачыніць перапоўненую залу на ключ, каб не заходзіла яшчэ болей людзей. Пазоўнікі хадайнічаюць аб прадастаўленні большага памяшкання, каб усе жадаючыя маглі змясціцца, суддзя адмаўляе.
У судзе прысутнічаюць грамадскія актывісты, прадстаўнікі СМІ, нераўнадушныя грамадзяне, а таксама праваабаронца "Вясны" Уладзімір Вялічкін.
У судзе разглядаецца пазоў грамадскага аб’яднання “Экадом” і жыхара вёскі Булькава Дзям'яна Лепясевіча, якія патрабуюць прыпынення гаспадарчай дзейнасці да правядзення паўторных грамадзкіх слуханняў па будаўніцтве шкоднага прадпрыемства. Адказчыкі гэты зыск не прызнаюць.
Наступнае хадайніцтва аб прадстаўленні дакументаў, датычных новабудоўлі і экспертызы, а таксама аб выкліку ў якасці сведкі галоўнага санітарнага лекара горада, таксама адхіленае.
Прадстаўнікі прадпрыемства АйПаўер, не згодныя з хадайніцтвам, паколькі патрабаванні пазаўшчыкоў адрозніваюцца ад заяўленых патрабаванняў.
Прадстаўнікі пазоўніка хочуць, каб ім былі прадстаўленыя зыходныя дадзеныя, згодна з якімі вызначалася адзнака уздзеяння на акаляючую прастору (АУАП), якая рабілася для грамадскіх слуханняў?
Прадстаўнік “Айпаўер” лічыць у сваю чаргу, што тое, што пазоўнікі ня ведалі аб грамадзкіх слуханнях, не з'яўляецца падставай для правядзення паўторных слуханняў. Патрабаванні пазаўнікоў не законныя, таму просіць адмовіць у задавальненні зыска.
Прадстаўнік адказчыка свабодна адступае ад тэксту нарматыўных дакумантаў, сцвярджае Лепясевіч, суддзя абяцае зафіксаваць гэта ў пратаколе.
У другой палове дня, пасля перапынку, выявілася, што райвыканкаму адказчыкі прадаставілі толькі 63 старонкі дакумента АУАП (адзнака ўздзеяння на акаляючую прастору) у электронным выглядзе. Насамрэч у дакуменце 167 старонак. А прадстаўнікі якую справаздачу атрымалі, такую і выставілі на сайт для грамадскага абмеркавання.
Прадстаўнікі выканкаму ў судзе сцвярджаюць, што размяшчалі інфармацыю адпаведна заканадаўству аб грамадзкіх слуханнях, адпаведна заяўкі “АйПаўер”.
Нс судзе ўсплыло яшчэ шмат цікавага. Фактычна абмеркавання праекта не было, а адмысловая створаная ў райвыканкаме камісія справаздачу АУАП не аналізавала і не вычытвала.
“Камісія, - лічыць Дзям’ян Лепясевіч, - не мела права прымаць ухвальнае рашэнне, і не зрабіла ніводнай заўвагі па тэксту дакумантаў, відаць мелі на мэту утаіць пэўную інфармацыю і ўвесці ў зман грамадства”.
Намеснік старшыні райвыканкама сваім загадам стварыў камісію без размеркавання паўнамоцтваў, у дакументах няма подпісаў, няма адказных, таму ёсць магчымасць пазбегнуць адказнасці, - кажа Лепясевіч.
Апроч таго завод плануецца будаваць на тэрыторыі Свабоднай эканамічнай зоны, аднак у заканадаўстве ёсць пералік вытворчасцяў для СЭЗ і абмяжаванняў: нельга арганізоўваць вытворчасць з поўным цыклам вытворчасці акумулятараў, там аксід свінца, які прыраўноўваецца па шкоднасці да радыяктыўных матэрыялаў.
Заяўленае хадайніцтва аб выкліку ў суд начальніка Брэсцкай інспекцыі па ахове акаляючага асяроддзя Брыша суд адхіліў.
Рашэнне па пазову грамадзян будзе абвешчанае судом 27 сакавіка.
“Дзеля 128 працоўных месцаў, шкодная вытворчасць можа забрудзіць тэрыторыю, на якой пражывае у непасрэднай блізасці ад завода паўмільёна чалавек. 50 год завод будзе труціць 500 000 берасцейцаў свінцом, загаджваць унікальную пойму ракі Мухавец і гарадскія вадазаборы... І ўсе дзеля таго, каб не плаціць падаткі, як суб'ект СЭЗ, і атрымліваць звышпрыбыткі. Людзі пытаюцца: "Колькі каштуе подпіс пад ўхваленне будаўніцтва?” Гучаць розныя сумы. Я як праваабаронца магу ацэньваць такія подпісы артыкуламі КК і гадамі магчымага зняволення",- каментуе сітуацыю праваабаронца Уладзімір Вялічкін.
Нагадаем, 12 сакавіка Берасцейскі абласны суд разглядаў прыватную скаргу Экадому на вызначэнне суда Маскоўскага раёна аб адхіленні хадайніцтва аб прыпыненні будовы акумулятарнага завода да прыняцця рашэння судом Маскоўскага раёна г.Брэста.
Крыніца: Берасце: на судзе супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ўсплываюць розныя хітрыкі Дапоўнена