Летам мінулага года ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” звярнуўся жыхар пасёлку Сасновы бор Дзяржынскага раёна Васіль Белькін, які распавёў гісторыю аб тым, як у сваім доме стаў ахвярай міліцэйскага гвалту. Апошнія паўгады ён дамагаўся ўзбуджэння крымінальнай справы супраць міліцыянтаў, але беспаспяхова. Затое іншая крымінальная справа за гвалт у дачыненні да міліцыянтаў і іх абразу, якую Следчы камітэт завёў супраць Васіля, дайшла да суда. Яму пагражае чатыры гады “хатняй хіміі”.
15 ліпеня, падчас святкавання дня народзінаў Васіля Белькіна ў яго сям’і ўзнік слоўны канфлікт, які скончыўся прыездам міліцыі. Міліцыянты Валянцін Юхноўскі і Аляксандр Дземідовіч вырашылі не разбірацца ў сітуацыі, а адразу пачалі жорстка затрымліваць Белькіна. Перад тым, як пасадзіць у машыну, яны некалькі разоў пырснулі яму ў вочы пярцовым балончыкам, моцна білі па галаве і душылі. Васіль амаль суткі правёў у РАУС, пасля чаго быў адпушчаны і на наступны дзень асуджаны за “дробнае хуліганства” (арт. 17.1 КаАП). Дарэчы, пазней, пасля абскарджвання гэтага адміністрацыйнага спагнання, яго ўвогуле адмянілі.
Амаль адразу пасля тых падзей Васіль падаў заяву ў Мінскі абласны Следчы камітэт з просьбай правесці праверку і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці супрацоўнікаў дзяржынскай міліцыі Юхноўскага і Дземідовіча за неабгрунтаванае ўжыванне ў дачыненні да яго фізічнай сілы і спецыяльных сродках. Адначасова з гэтым Белькін даведаўся, што супраць яго таксама ўзбуджаная крымінальная справа - па арт. 363.2 КК РБ (“Гвалтоўны супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку”).
Пазней вынікі медыцынскай экспертызы, якую прайшроў і Белькін, і Дземідовіч паказалі наступанае: у Белькіна выяўлены шматлікія сінякі і драпіны на галаве, плячах і грудной клетцы, атрыманыя не менш як ад дзесяці ўдараў тупым прадметам; на целе міліцыянта Дземідовіча - дзве драпіны ад укусаў, якія, па словах Белькіна, ён таму нанёс, калі міліцыянт яго душыў.
Што датычыцца заявы Васіля Белькіна, то спачатку абласны Следчы камітэт палічыў, што праверкай законнасці дзеянняў міліцыянтаў мусіць займацца Дзяржынскі раённы аддзел СК і перанакіраваў справу туды. У хуткім часе адтуль адказалі, што заява Белькіна проста далучана да матэрыялаў праверкі, якая тады праводзілася ў адносінах да самаго Васіля, а напрыканцы снежня ўвогуле адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць міліцыянтаў. Тады Васіль паскардзіўся на такое рашэнне ў пракуратуру Дзяржынскага раёна, аднак яна не ўбачыла падстаў для рэагавання. Белькін не пагадзіўся з дзеяннямі мясцовых органаў і звярнуўся ў вышэйшую інстанцыію - пракуратуру Мінскай вобласці. Ён звяртаў увагу на непаўнавартаснасць праверкі, праведзенай дзяржынскім СК і відавочнае ігнараванне фактаў жорсткіх парушэнняў заканадаўства, здзейсненых супрацоўнікамі міліцыі.
Так, падчас праверкі следчыя не адказалі на галоўнае пытанне: хто і калі нанёс Белькіну шматлікія цялесныя пашкоджанні, якія зафіксавала медыцынская экспертыза? На просьбу правесці следчы эксперымент непасрэдна на месцы падзей, у доме Белькіна, СК кожны раз беспадстаўна адмаўляў. Не была дадзена ацэнка паводзінам супрацоўнікаў міліцыі, а іх паказанні, якія свадзіліся да таго, што Белькін быццам сам сабе наносіў пашкоджанні, абвяргаюцца следчым эксперыментам і паказаннямі сведак. Не былі прааналізаваны запісы з камер відэаназірання РАУС, на якіх бачна, у якім стане туды прывезлі Белькіна. А адным з самых яскравых парушэнняў было тое, што тлумачэнні ў сведак бралі не супрацоўнікі СК, а сам Валянцін Юхноўскі, які відавочна з’яўляецца зацікаўленай асоба і таму не мае права гэта рабіць.
Але і ў мінскай абласной пракуратуры не захацелі бачыць усе гэтыя парушэнні, і крымінальная справа ў адносінах да міліцыянтаў так і не была ўзбуджаная.
Верагодна, дзве драпіны ад укусу ў міліцыянта падаліся следчым вартымі большай увагі, чым шматлікія ўдары на целе Белькіна, і таму іншую крымінальнай справа, у адносінах да самога Белькіна, СК давёў да суда.
Летам у яе межах актыўна праводзіліся шматлікія допыты і вочныя стаўкі, якія выявілі шмат супярэчнасцяў у паказаннях міліцыянтаў. Напрыканцы кастрычніка праверку па справе ўвогуле прыпынілі. Але напачатку гэтага года справа была адноўленая, перакваліфікаваная на “прымяненне гвалту ў датчыненні да супрацоўнікаў міліцыі” (арт. 364 КК РБ) і “абраза супрацоўніка міліцыі” (арт. 369 КК РБ). Неўзабаве яна была перададзеная ў суд, які пачаўся напрыканцы лютага.
На судзе пракурор запатрабаваў для Белькіна чатыры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя“ хімія”). Рашэнне па справе будзе прынятае ў бліжэйшыя дні. У выпадку прызнання яго вінаватым Васіль Белькін мае намер абскарджваць рашэнне суда.