05.03.2024 Тэгі: палітвязні, ЛТП, экстрэмізм У праекце "Магшоты палітвязняў" беларусы і беларускі падзяліліся з праваабаронцамі гісторыямі, як іх фатаграфавалі ў месцах няволі. Былы палітвязень з Кобрына Віталь Жук таксама распавёў пра гэты працэс у лячэбна-працоўным прафілакторыі (ЛПП) № 5, дзе ён прабыў паўгода. Там яго адзінага паставілі на прафілактычны ўлік як "схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці". Віталь распавёў падрабязнасці, а юрыст "Вясны" Павел Сапелка каментуе, ці законна гэта.
"Чаму ў медыцынскай установе мяне паставілі на ўлік па экстрэмізму?"
Віталь Жук тлумачыць, што гэтая картка ў ЛПП (на фота), з'яўляецца пропускам і яна заўсёды мусіць знаходзіцца пры зняволеным:
"24 гадзіны ў суткі яна павінна быць пры табе. Гэта там твой пашпарт. Нягледзячы на тое, што ўсе супрацоўнікі ведаюць зняволенага ў твар, калі пры ім не будзе гэтай карткі, то гэта парушэнне, за якое могуць адправіць у штрафны ізалятар".
Пры вызваленні з ЛПП усе зняволеныя павінны здаваць гэтыя карткі:
"Ты не можаш пакінуць тэрыторыю ЛПП, пакуль не здасі гэтую картку. Але мяне там затрымалі супрацоўнікі па крымінальнай справе. Там пайшла мітусня, калі яны прыехалі. І ў ЛПП дапусцілі памылку і не забралі ў мяне гэтую картку. Калі яны мяне павярхоўна аглядалі, то я пераклаў гэтую картку ва ўжо агледжаныя рэчы. Там усё адбывалася прыхапкам. А потым атрымалася ўсё перадаць жонцы. Я забраў гэтую картку з сабой і ў Італію. Таму што я разумею, што гэта важны дакумент і доказ таго, што медыцынская ўстанова ставіла мяне на ўлік па экстрэмізму, чаго па законе быць не можа і быць не павінна".
Мужчына ўзгадвае, што ў лютым 2021 года яму выдалі гэтую картку адразу з прапісаным прафулікам. Пытанне пастаноўкі на ўлік Віталя было разгледжана ў яго адсутнасць.
"Калі мне прынеслі яе, я спытаў, чаму ў медыцынскай установе мяне паставілі на ўлік па экстрэмізму? Я пайшоў разбірацца ў штаб, дзе начальнік ЛПП-5 Мікалай Яўгенавіч Мароз адказаў, што "з гэтага моманту я павінен перастаць думаць, таму што цяпер за мяне думае адміністрацыя". Я пацікавіўся, якім чынам мяне паставілі на ўлік, на што мне быў дадзены адказ, што такое рашэнне камісіі. Паводле яго, яе пасяджэнне прайшло ў клубе, але мяне туды не паклікалі. А я, як чалавек, якога абвінавачваюць у экстрэмізме, павінен быў прысутнічаць на гэтай камісіі. Ну па ўсіх законах так! На што мне адказалі: "Не, хопіць думаць..."
Віталь на той момант не быў яшчэ асуджаны паводле крымінальнага артыкула, але супраць яго ўжо распачалі справу паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі). Праз некаторы час мужчына даведаўся ад супрацоўнікаў, што ўказанне паставіць на ўлік прыйшло з Кобрына (РАУС або УСК).
"Мне сказалі, што рашэнне па мне прымалася доўга. Да мяне такога прафуліку ў ЛПП-5 не выкарыстоўвалі, але былі іншыя, напрыклад "схільныя да суіцыду", "схільныя да ўцёкаў", "схільныя да захопу закладнікаў". Але ЛПП не сутыкаўся раней з "экстрэмісцкім прафулікам". Таму спатрэбіўся, нейкі час, каб прапісаць гэты пункт. Я не ведаю, наколькі гэта праўда, мне так сказалі".
Сведчанні Віталя пра фатаграфаванне на картку ў ЛПП
"У законе няма нічога пра права кантраляваць перакананьні і палітычныя погляды зьняволеных у ЛПП"
Вось, як гэта каментуе юрыст "Вясны" Павел Сапелка:
"Той факт, што сярод зняволеных ЛПП вылучаюцца і адзначаюцца адпаведнымі пазначэннямі зняволеныя, падазраваныя адміністрацыяй у схільнасці да "экстрэмісцкай дзейнасці", лішні раз пацвярджае сцвярджэнне праваабаронцаў аб тым, што ўтрыманне ў ЛПП – гэта ніякая не медыка-сацыяльная рэадаптацыя, гэта сапраўднае пазбаўленне волі. А таксама тое, што некаторыя людзі накіроўваюцца ў ЛПП у першую чаргу з мэтай ізаляцыі ў сувязі са сваімі перакананнямі.
Варта адзначыць, што праваабаронцы паслядоўна крытыкуюць саму наяўнасць закона, які дазваляе пазбаўляць волі людзей у сувязі з іх захворваннем. Але палітычным вышукам у дачыненні да людзей, якія накіроўваюцца ў ЛПП, парушаецца нават гэты закон: медыка-сацыяльная рэадаптацыя, якую ўлады дэкларуюць у якасці мэты накіравання ў ЛПП, – гэта комплекс мер абмежавальнага характару накіраваны на пераадоленне людзьмі алкагольнай, наркатычнай або таксічнай залежнасці, фармаванне ў іх гатоўнасці да адаптацыі ў грамадстве. Такім чынам, у законе няма нічога пра права кантраляваць перакананні і палітычныя погляды зняволеных у ЛПП, ставіць на адпаведныя дыскрымінуючыя ўлікі".
Аднак насуперак закону, як адзначае юрыст, у Правілах унутранага распарадку ЛПП, якія прыняла МУС, ужо з'яўляюцца згадкі пра магчымасць пастаноўкі зняволеных у ЛПП на прафілактычныя ўлікі:
"Грамадзяніну, які паступіў у ЛПП, на працягу трох сутак пасля прыёму ў ЛПП выдаецца асабістая картка па форме згодна з дадаткам 7. Асабістая картка вырабляецца з шчыльнай паперы памерам 55 на 90 міліметраў і ламінуецца. Адваротны бок запаўняецца ў выпадку знаходжання грамадзяніна, які знаходзіцца ў ЛПП, на прафілактычным уліку".
Але форма карткі, узор якой замацаваны ў ПВР ЛПП, прадугледжвае нанясенне запісу аб уліку толькі на яе адваротны бок.
Акрамя гэта, зняволеных у ЛПП, якія знаходзяцца на прафілактычных уліках, гэтак жа як і зняволеных у калоніях, размяшчаюць на спецыяльна выдзеленых месцах:
"У жылых памяшканнях афармляюцца схемы размяшчэння спальных месцаў, якія зацвярджаюцца начальнікам атрада, з вылучэннем размяшчэння спальных месцаў грамадзян, якія знаходзяцца ў ЛПП і якія стаяць на прафілактычным уліку".
"Станавіся да сцяны — мы цябе сфатаграфуем!" Магшоты палітвязняў
Крыніца: У ЛПП ставяць на "экстрэмісцкі прафулік". Распавядаем падрабязнасці